РЭЦЭНЗІІ


 

ЗЬЯЎЛЕНЬНЕ ГЕРОЯ N3

ARCHE #1(2)-1999, Менск

Нумар часопiса прысьвечаны постмадэрнiзму. Бадай, у адрозьненьне ад дэбютнага, якi выйшаў летась, i меў за тэму "парнаграфiю", гэты атрымаўся канцэптуальна цэласны, "закруглены". Магчыма таму, што панятак постмадэрну можна iнтэрпрэтаваць шырока... А магчыма таму, што культурная сытуацыя Беларусi, як i сытуацыя краiны ўвогуле, за апошнi час зрабiлася больш выразнай.

Як i папярэднi, гэты нумар поўнiцца добрымi перакладамi, але, натуральна, найбольш цiкавыя ўласна беларускiя тэксты. Для спробы вызначыць пэўныя рысы абноўленай Культурнай Сытуацыi зьвернемся да трох (з паловай) тэкстаў сьвежага ARCHE.

На каменi ў начной пушчы недалёка дзяржаўнай мяжы сядзiць разгублены чалавек. Юнак — не юнак, мужчына — не мужчына... спадар. Спадар Х, чыя тонкая душэўная арганiзацыя курчыцца-мэнчыцца ад прыкрасьці й гiдлiвасьці. Колькi хвiлiнаў таму Х канчаткова пераканаўся, што ўсе кабеты, дакладней, "бабы" — "блядзi". Вось такою можа быць адна з расшыфровак канцоўкi аднаго з твораў, якi ягоны аўтар Андрэй Дынько назваў "Аповед N3".

Дзеяньне адбываецца ў наш час у невялiкай вёсцы, якая разьмясьцiлася ў куце памiж украiнскай i польскай мяжой. Герой апавяданьня закахаўся ў маладзенькую госьцю з Румынii i прывёў яе ў памежныя мясьцiны, дзе мiнулi самыя жарсныя падзеi з жыцьця вёскi за апошняе стагодзьдзе. Расповед героя аб гэтых падзеях, поўных "лёду i полымя", займае цi не галоўную частку тэксту. Сюжэтная лiнiя выкананая па ўсiх пост-мадэрнiсцка-дэтэктыўна-...х правiлах. У апiсаньнi падзеяў — найперш, аб каханьнi i здрадзе ў адной паляшуцкай сям'i, — выкарыстоўваюцца выдатна стылiзаваныя сучасныя стэрэатыпы аб "польскiм часе" i вайне. Зрэшты, сюжэтная лiнiя магла б быць якой заўгодна (для постмадэрнiстаў гэта не прынцыповая рэч), але нязьменным засталося б толькi адно. Усе кабеты сям'i з паляшуцкага "мiнi-Маконда" здраджвалi сваiм мужам, а мужчыны аказвалiся, так бы мовiць, "нягеглымi", у сэнсе, ня здатнымi (а можа "вышэйшымi"?) на адэкватныя меры. Адзiнага пэрсанажа, якога можна назваць "мужыком", аўтар надзялiў такiмi нязручнымi для беларускага жыцьця ў 30-х — 40-х гадох азначэньнямі, як жыд-выхрастак i чырвоны партызан. Астатнiя мужчыны, якiя фiгуруюць у тэксьце, гэта, пераважна, жаўнеры ўсiх войскаў, якiя ў нашым стагодзьдзi зьяўлялiся на Палесьсi, i якiя са смакам прамаўляюць словы "блядзь", "kurwa" i "schweine"... (Сам жа аўтар упадабаў слова "баба" i ўжывае так часта, што яно патрапiла ажно на iншую старонку часопiса, туды, дзе часопiс рэпрэзэнтуе ўкраiнку Саламiю Паўлычко).

Апавяданьне заканчваецца тым, што маладая румынка Лiлея ня дорыць спадару свайго "каханьня назаўжды", а прыводзiць замест сябе мацi, таксама Лiлею. Дзяўчына просiць, каб Х правёў мацi, як перад тым яе саму, маршрутам жарсных падзеяў паўвекавое даўнiны. Х рушыць у бок беларуска-польскай мяжы разам з мацi-Лiлеяй, што "для жанчыны, якая жыла за Чаўшэскам, някепска захавалася". На нэўтральнай паласе "яна дэманстравала гатоўнасьць на ўсё, на любыя прыхамацi, калi яны раптам выявяцца". А што зрабiў Х? Пакрыўдзiўся, што пасьля раптоўнага выбуху пранiкнёнага каханьня малая Лiлея (наўмысна, цi не?) падсунула яму сваю паўзьвялую мацi. Пакрыўдзiўся, i "падставiў" Лiлею-мацi памежнiкам. Тады сеў на каменьчык, i пачаў перажываць, што ня меў каля сябе гашышу, каб падсунуць кабеце ў кiшэню, каб яна не абышлася адным штрафам...

Герой апавяданьня Дынька — поўная супрацьлегласьць герою аповесьцi Ўладзiмера Сакалова "Заўсёды сьветла каля турэмных муроў". Гэты твор, напiсаны ў 1990-91 гадох, выкананы ў "дэтэктыўна-графiчна-фiлязафiчным" жанры, твор па-беларуску друкуецца ўпершыню. Але чытаецца як "сьвяжак": паводле сюжэту i, так бы мовiць, дыскурсу. Галоўны герой Баляслаў Катавiцкi — гэта i ёсьць той самы "Сьмерць-Мужчына", чый вобраз скрозь iдзе праз творчасьць Глёбуса. Мужчына — iстота, якая заваёўвае, якая ня просiць, а БЯРЭ. У той час як жанчына не заваёўвае, а аддаецца — АДОРВАЕ.

Чаму Спадар Х пакрыўдзiўся на жанчын? Таму што ня здольны ўзяць?.. Спадар Х ня можа прымiрыцца з тым, што ён ня можа аддацца жанчыне (па вызначэньнi фэномэну жанчыны). Ён ня хоча браць, бо бярэ — бяднейшы, адорвае — багацейшы. Але ён ня можа нiчога даць жанчынам. Жанчынам не патрэбныя тонкiя перажываньнi i канструкцыi паэтычнай натуры Спадара Х — гэта раз. Бо жанчыны нясуць у сабе сто разоў больш эмацыйны iрацыянальны сусьвет — два. Але, у той жа час, Спадар Х вышэйшы за мужыкоў-заваёўнiкаў, якiя "вы зьвяры, панове!" — тры. Хiба не дастаткова, каб пакрыўдзiцца? На "забойцаў", але, найперш — на "баб"...

Мне падаецца, што "Аповед N3" ёсьць найбольш выразным тэкстам, што да праблемы "крыўды i праўды" ў найноўшай беларускай лiтаратуры (і беларускай сытуацыi ўвогуле?). Я мяркую, што назву "Аповед N4" мог бы мець тэкст Прафэсара Каркарана "Кiно i немцы":

"... Дастаткова пачуць — жанчына i глыбiня, каб адчуць у гэтым цьмяную недарэчнасьць", "Дзяўчаты прыцягвалi Хацяновiча... як жыцьцёвая недарэчнасьць", "Яму падабалася калекцыянаваць iхныя позiркi... — дурнiцы, яны ж ня ведалi, што ён шукае сябе". А наступнымi радкамi з "Кiна i немцаў" можна было б завершыць аповед пра спадара, якi пакрыўдзiўся на жанчыну i адпомсьцiў ёй за гэта:

"Алесь Хацяновiч нарадзiўся
еў пiў сцаў сраў спаў
так i памёр незразумелым"

А магчыма, з хоку атрымаўся б эпiграф да тэксту Вiнцэся Лiпскага "Ўэлкам ту зэ брэйв н'ю ўорлд!"... Вiнцэсь Лiпскi пiша пра "беларускамоўных касмапалiтаў", пра "паўпадпольных беларусаў", пра "ды-джэяў адраджэньня", пра людзей з псыхалёгiяй "грантасоса"... Увогуле, пра руцiну, у якую некаторыя "адраджэнцы" здолелi ператварыць сваю дзейнасьць дзеля нацыянальнае iдэi. Адныя зь iх "упалi ў маразм", а другiя, нiбы той Салжанiцын з нататак Глёбуса, чакаюць пакуль "абустроiцца" Бацькаўшчына. Бо ж вакол збольшага быдла — няма з кiм працаваць, дзеля каго ахвяраваць. Гэта цэлая плойма "лiбэралаў", "сац- i не сац- дэмакратаў", "цэнтрыстых" i ня вельмi, а таксама "непафарбаваных" падшыванцаў...

Я зусiм нядаўна, едучы на "Чарнобыльскi Шлях", зразумеў, чаму мiтынгi i шэсьцi апазыцыi часам пачынаюцца значна пазьней за плянаванае. На праспэкце я ўлез у перапоўненую "двойку", натоўп ззаду паднацiснуў, i калi я ачуняў, дык адчуў, што ўпёрся ў грудзiну аднаму з самых галоўных апазыцыйных лiдэраў. Той вiсеў на адной руцэ, падпёрты з усiх бакоў "электаратам". То бок, калi б тралейбус трапіў у затор, мiтынг пачаўся б са спазьненьнем. Менавiта ад гэтага спадара я нядаўна пачуў, што "беларускi народ не дарос да сваёй iнтэлiгенцыi, якая нiчым ня горшая за эўрапейскую".

Чаму ён мяркуе, што беларускi народ (як i любы iншы народ) ня хоча яму-палiтыку "аддацца"? Можа, справа ў тым, што праз сваю "тонкую душэўную арганiзацыю" лiдэр ня можа/хоча народ "узяць"? Менавiта ў гэтым супрацьпастаўленьнi, у гэтай крыўдзе, якая ўласьцiвая галоўным сёньняшнiм "адраджэнцам", заключаецца праўда найноўшай беларускай адраджэнскай сытуацыi.

Нi даць, нi ўзяць.

"Заўсёды сьветла..." — адкрывае #1(2) ARCHE, "Ўэлком..." — закрывае. Памiж iмi купа старонак зь цiкавай лiтаратурай. На адной з старонак, амаль пасяродку, сядзiць Х, i нудзiцца. Я ня думаю, што ён пакутуе праз сваю "недасканаласьць" цi "непадобнасьць" да iншых, i пагатоў — праз "няздатнасьць". Наадварот, хутчэй за ўсё, гэтыя эпiтэты мусяць быць скiраваныя да навакольля. Асяродку, якi "недасьпеў", якi толькi ў гушчарах пушчы дазваляе герою адчуць сябе ўтульна... "Аповед N3" напiсаны класнай мовай, у iм, як i належыць постмадэрнiсцкаму твору, можна заўважыць уплывы творчасьцi iншых пiсьменьнiкаў... Па-свойму, "Аповед N3" — рэвалюцыйны твор. Упершыню на высокiм мастацкiм узроўнi быў раскрыты адзiн з новых — вызначальных? — тыпаў сучаснага беларуса.

А ў астатнiм, як кажа мая знаёмая радыёжурналiстка — галоўнае, каб слухачам было цiкава.

Iван Дапупа


 

Кожнаму сваё імя

Шур В. Беларускія ўласныя імёны: Бел. антрапаніміка і тапаніміка: Дапам. для настаўнікаў. — Менск: Мастацкая літаратура, 1998. — 239 с. ISBN 985-02-0164-9

Гэта ня першая кніга пра беларускія імёны людзей і мясьцін і, вядома, не апошняя. Новая кніга з ліку папулярных — пра асьветніцкі характар гаворыць мэта, пастаўленая аўтарам: "Праз беларускія ўласныя імёны, прозьвішчы, тапанімічныя назвы можна па-свойму арыгінальна расказаць, што беларусы як самастойная нацыя ўнесьлі дастойны ўклад у навуку, літаратуру, мастацтва ня толькі свайго, а й суседніх зь Беларусьсю народаў". Мэта сапраўды арыгінальная, бо раней такія задачы вырашаліся праз вывучэньне іншага матэрыялу. Але і аўтару ўдалося шмат.

Чытаючы кнігу, можна падзівіцца яшчэ раз, які багаты моўны матэрыял назапасілі лінгвісты, географы і гісторыкі. Аўтар карыстаецца ім сьмела і ўмела. Часам цытаты з іншых прац ідуць па некалькі абзацаў запар. Галоўнае ў гэтай справе — даваць спасылкі на іншых аўтараў, і дзякуючы наяўнасьці спасылак, кніга моцна выйграе ў параўнаньні з іншымі. Чым яна да іх падобная — адсутнасьцю паказальнікаў. Але гэта даўняя і, пэўна, невыкараняльная хіба беларускага кнігадруку.

Структура працы досыць традыцыйная. Ахарактарызаваныя асабовыя імёны, імёны па бацьку, мянушкі, прозьвішчы. Бадай, упершыню на старонках беларускай кнігі даецца тлумачэньне, што такое "прыдомак" — дадатковае прозьвішча ў шляхты, частка падвойнага. Тлумачэньне ў кнізе некалькі спрэчнае, бо спрошчанае. Шляхоў зьяўленьня прыдомкаў было шмат, часам вельмі адметных. Усім вядомы пісьменьнік і гісторык Юльян Урсын-Нямцэвіч. У беларускім друку ён лічыўся проста Нямцэвічам, які меў два імя: Юльян і Ўрсын. Папраўдзе, Урсын — гэта прыдомак. Род Нямцэвічаў карыстаўся гербам Равіч, што меў выяву паненкі вярхом на мядзьведзі. "Мядзьведзь" на лаціне ursus, "мядзьведжы" — ursinus. Так недзе ў XVIIІ ст. Нямцэвічы для большага сабе гонару сталі звацца і Ўрсынамі. Яшчэ больш яскравы прыклад шляхецкага славалюбства даюць падвойныя прозьвішчы, дзе прыдомак паўтарае корань асноўнага прозьвішча. Так любіла называць сябе драбнаватая шляхта, набіраючы гонару: Брэшка-Брашкоўскі, Май-Маеўскі, Рыжы-Рыскі. Сьпіс можна доўжыць і доўжыць. Самы знакаміты такі прыклад даў адзін вядомы беларускі дзяяч, які ўжо ў сталым веку прыдбаў сабе прыдомак, і з проста Булаховіча (ад нараджэньня) стаў Булак-Булаховічам. Пасьля падалося, што гэтага мала, узьнік Бей-Булак-Булаховіч. Здаецца, гэта быў рэкорд такога роду прыдомкаў, але тут патрэбныя дадатковыя штудыі.

Яшчэ адна адзнака вялікага шляхецтва — валоданьне двума і больш імёнамі. "Многія беларусы каталіцкага веравызнаньня ўвесь час мелі і маюць два імені". Гэтую тэзу можна разьвіць: мелі й больш імёнаў, У Касьцюшкі іх было тры: Андрэй Тадэвуш Банавэнтура (хоць у будзённым жыцьці ён ужываў толькі адно), а некаторыя Радзівілы ў XVIII ст. пачалі валодаць чатырма: Фрыдрых Вільгельм Людвік Багуслаў і г.д. Калі размова зайшла пра Радзівілаў, трэба зазначыць, што яны самі ніколі не карысталіся сваімі знакамітымі мянушкамі (Сіротка, Пане Каханку, Рыбанька). Так іх называлі лісьлівыя або зайздросныя гісторыкі і пісьменьнікі. Што яны самі прыдумалі (хаця гэта няпэўна) — дык гэта моду на падвойныя літары ў прозьвішчы. Калі "Радзівіл" стаў "Радзівіллам", шляхта прыняла гэта як узор. Да таго ж узьнікла імкненьне да дзіўнага канчатку "-о". Зьявіліся "Горватт", "Забелло", і хто пазнае ў прозьвішчы "Лаппо" (так зваліся і вядомыя гісторыкі) старажытную беларускую "Лапу"?

Каштоўная рыса кнігі ў тым, што не абмінутыя прозьвішчы беларускіх жыдоў, і паспаліты чытач ці не ўпершыню зможа пазнаёміцца з гэтай старонкай беларуска-ідыш сувязяў. Так, былі у Беларусі раней і ёсьць цяпер у сьвеце такія прозьвішчы, што ўтвораныя ад назваў нашых мястэчак і гарадоў, ці то славянскім шляхам (Слуцкі, Хомскі, Глускі), ці сродкамі мовы ідыш: Слуцкер, Глускер, Шкловер і г.д.

Пра назвы мясцовасьцяў Беларусі напісана шмат, так што гэтыя радзьдзелы ў кнізе насычаныя цікавым матэрыялам. Заўважым, што напісаньне "Брэст" (пад узьдзеяньнем польскай мовы) паходзіць, пэўна ж, не ад францускага Брэсту. Ды й слова "хутар" вырасла не з "кута", тут этымалёгія больш складаная. Каб праілюставаць беларуска-сібірскія тапанімічныя сувязі, чамусьці не выкарыстоўваецца адзін з ярчэйшых прыкладаў. Нейкі Альфонс Козел-Паклеўскі (род валодаў маёнткам Паклева на Ашмяншчыне) у сярэдзіне ХІХ ст. як вялікі прадпрымальнік вызначыўся на абашарах Заходняй Сібіры, і ў ягоны гонар зьявілася чыгуначная станцыя Паклеўская — цэнтар яго гандлёва-прамысловай імпэрыі.

Па прачытаньні кнігі зьяўляецца пытаньне: а чаму асьветленыя толькі асабовыя і геаграфічныя назвы? Уласныя імёны — зьява вельмі шырокая. Ці не актуальныя праблемы зааніміі — назваў жывёл? Здаецца, ужо ўсе маюць калі не сабаку ці ката, дык папугая. Нешта не трапляліся на вочы рэкамэндацыйныя сьпісы мянушак для жывёл. Кажуць, што хатніх жывёл нельга клікаць "царскімі" імёнамі. Заонімы вывучаюцца на Захадзе, плённа — у Польшчы, трохі — у Расеі (тут пашанцавала мянушцы Палкан, бо мае міталягічныя карані), а ў Беларусі — зусім мала. У той жа Польшчы модна вывучаць назвы новаствораных фірмаў і кампаніяў — каштоўны матэрыял для дасьледаваньня сучасных працэсаў у мове і сацыяльнай псыхалёгіі. З апошніх сфэраў анамастыкі набыла актуальнасьць "кампутарная". У ролі дасьледнікаў выступаюць гакеры, якія з дапамогай, у тым ліку, лінгвістычнага і псыхалінгвістычнага аналізу вывучаюць кампутарныя псэўданімы, імёны прадпрыемстваў, запісаў у Інтэрнэце і г.д. Поле дзейнасьці для анамастыкі вялізнае.

Валеры Пазьнякоў


 

ДЫСКАГРАФІЯ

“PRAVINCYJA”. Віктар Шалкевіч. (р) БМА group, 1999.

Ну, канечне! Дастаткова праставіць недзе на вокладкі значок ©, і можна сьмела ганарыцца тым, што ты вытыркнуўся на цывілізаваны выдавецкі рынак у галіне музычнага шоў-бізнэсу. Аднак... Ад талчка да рынку — ісьці а ісьці! Гэта не Шалкевіча ўласна я маю на ўвазе, дай Бог яму здароўя ды грошай, а вось гэтую касэту з вокладкай, на якой ня веру амаль ніводнаму надрукаванаму слову.

Найперш ня веру названым імёнам музыкантаў. Калі зьмест гэтай кампіляцыі складаецца напалову з песень, што былі выдадзеныя ў 1996 годзе на альбоме “Смутны беларускі блюз”, а напалову — з песень альбому “Баляды і рамансы” (1998 год), дык у запісе першага альбому такія музыканты дакладна ня ўдзельнічалі! Па-другое, ня веру ў такі надпіс: “© Я.Зелянкевіч”. Бо не разумею яго. Што, нейкі сп. Зелянкевіч выкупіў аўтарскія правы на частку песень Шалкевіча? І нават добра за тое заплаціў? Чаму тады Шалкевіч такі худы ходзіць па Горадні? Ня веру нават у тое, што сам Шалкевіч ведае пра выданьне свайго трэцяга — так атрымліваецца — альбому.

Ну, ня веру — і ўсё!

Песьні на касэце — скрозь знаёмыя, адно што парадак іх у параўнаньні з тым, як яны красаваліся на ўжо згаданых альбомах, цалкам іншы. Зноў жа, ня ведаю, хто быў драматургам. Можа, той самы сп. Я.Зелянкевіч з высока ўзьнятым уласным капірайтам? Затое я ўпэўнены, што такі парадак Шалкевічу яўна не спадабаецца. Бо ён — актор тэатральны, і ведае, што такое зачын, разьвіцьцё, кульмінацыя ды канец. Вось чаму і кажу: гэта — канец усяму!

Цікава, песьня “Жлобская нацыя” — гэта пра каго?

Але ж Шалкевіч славутасьцю зрабіўся! Амаль як Ліка Ялінская! Ягоную творчасьць тыражуюць з зайздросным пірацкім імпэтам, касэты прадаюць і выручаныя грошы на справы разьвіцьця Адраджэньня, трэба думаць, вагонамі адпраўляюць. А сам Шалкевіч, пэўне ж, радасны, сьпявае сабе ды сьпявае: “Дзякуй, вялікае дзякуй!”

Не, выжыве нашая Бацькаўшчына, калі ў яе музычным шоў-бізнэсе працуюць такія крыштальна бескарысьлівыя творцы. Выжыве, расквітнее, а тут і мы — самы час, з уласным значкам ©. Плясьнем і скажам: а мы, маўляў, да гэтага таксама руку прыклалі. Во!

Слухач


 

“STOTIS”. Гурт Zygimont VAZA. (р) 1993 SMAGA Studio.

“PREZYDENT COLLECTION. LIVE SHOW”. Гурт Zygimont VAZA. (р) 1995 SMAGA Studio.

“DER DRITTE KRIEG”. Гурт Zygimont VAZA. (p) 1996 SMAGA Studio.

Хлопцы, хавайся! А Іван — наагул Go Home! Тут вам не Іванкі-дурненькія, а музыка сур'ёзная, высокадухоўная ды выкшталцоная. Узор, адным словам, для перайманьня ўсімі тымі інтэлігенцікамі з гітарамі ды сухотнымі постацямі. Прадумана ўсё — ад назвы (уяўляеце якую ізраільскую трэшавую каманду, якая сьпявае на іўрыце і завецца кшталту “Golda MEIR”?) да афармленьня ўкладак у касеты, якія паслухаць ды напісаць потым колькі словаў далі мне чамусьці праз гадоў восемдзесят па іх выданьні. Не зьбянтэжыла. І не такое чуў. Вось і паслухаў. Жывы застаўся — і дзякуй Госпаду. Бо слых зьбярог — дзякуй, што не кампактны дыск, а толькі кароткая касэтка. А што піўны ларок потым не ўзарваў — thanks, SMAGA Studio!

Адным словам, тры альбомы. Не, гэтыя музыканты, беларусы Skrypa MX, Gilep ды нейкі Cypruk Notowich — у сваім родзе, канечне, віртуозы! Гэта каб на працягу аднаго боку касэты, а ў суме — шасьці бакоў трох касэтаў бамбіць адно й тое ж і ані разу ня зьбіцца... Трэба ўмець! Праўда, на апошнім альбоме, хіба ад роспачы ды болю за Радзіму словаў ім не хапіла. Паўсталі проста інструмэнтальныя кампазыцыі, так сказаць. Трэш-барока, саната для сэкс-вібратара ды струнных у трох частках.

Частка першая: “Вакзал”. Па-ангельску (у ашмянскім вымаўленьні) — “Зэ стоцыс”. Афармленьне — супэр! Зьмест... М-да. Не, вядома, я ціха радуюся, што беларусы і ў гэтай галіне не засталіся ўбаку ад сусьветнага прагрэсу і на роднай мове выконваюць такія супэрактуальныя музычныя стылі, як гэты вось... як яго... ну, самі ж ведаеце... Ну, канечне! Як гэты.

Частка другая: “Канцэрт у рэйхстагу” са здымкам Мірона над сталіцай скоранай БНФам Нямеччыны. Поўны капут! Лірыка ў росквіце. Цікавая знаходка гукарэжысэраў: чым горшая якасьць запісу, тым болей краіна атрымлівае трэшу ці нечага такога ж арыгінальнага ды жыцьцесьцьвярджальнага. Нам песьня жыць ды любіць памагает. Двойчы альбом асіліў. Точна — памагает. Ад коркаў у вушах памагает.

Частка трэцяя: “Der dritte Krieg”. І зноў — дызайн! Супэр! Хлопцы-жыгімонты, можа, у 1993 годзе варта было б адразу дызайнам заняцца, а на гітары ды “Смага студыя” ня траціцца? А то сапраўды: “Нарабілі змагароў, абціраем з твару кроў. Набліжаецца туман, вычвараецца блазан”.

Пушкін, ах, Пушкін.

У музычную тканіну трэцяй часткі арганічна і тонка ўплецена нітка “Nowe sytuacje”, узятая з часоў нялёгкай мінуўшчыны польскага рок-ынд-рола. Тонкая работа! Галоўнае — зь неахопным слоўным запасам.

Пушкін — Go Home!

Трэба мець сапраўды гераічны характар, каб на працягу столькіх гадоў іграць адну й тую ж музыку. Заўважце, шаноўныя судзьдзі: я не напісаў “іграць адно й тое ж”, а напісаў “іграць адну й тую ж музыку”. Таму што Zygimont VAZA адно й тое ж не іграе: назвы ў песень розныя. Значыць, песьні — таксама.

Слухач


 

“БЕЛАРУСКІЯ МАРШЫ І ПЕСЬНІ. ЛІРЫКА ЗМАГАНЬНЯ”. Мужчынскі хор “Унія”. (р) UNIJA 1998.

Вось вам яскравы ўзор таго, як з песьняй і, зразумела, з маршам крочыць па жыцьці. Мужчынскі хор “Унія” — сіла! Хлопцы з Ћygimont VAZA таксама мужчынскімі галасамі сьпяваюць, ды, на жаль, ня хорам. Вось і ня здольныя праняць душу змагара за лепшае Айчыны. А тут — столькі мужчын! Столькі мужчын... Прыгожых. Я пра галасы. Прычым тая “Унія” сьпяваць здольная практычна любую музыку. Чуў неяк, як яны па сьвінгу давалі — клас! Чуў нават, як яны “Зэ Беатлес” выконвалі. Таму ўпэўнены, што і па трэшы, дэсы ці блэку здольныя прайсьціся далікатна ды вытанчана. І зробяць тое так, што вакалісты з ВАЗы пазарываюць у зямлю свае гітары глыбока-глыбока.

А вабшчэ касэтка яшчэ тая... Гэта ж трэба — у адным месцы сабраць столькі песень скрозь аўтарства розных эмігрантаў — канфэдэратаў там безыменных, Шчаглова-Куліковіча, Равенскага (ты ж панімаеш?), Рагоўскага, Тэраўскага. Ну, апошні яшчэ нічога, амаль наш. А паэты, на чые вершы тыя кампазытары пісалі? Скрозь зьбеглыя ад званьняў народнага песьняра ды заслужанага работніка культуры: Дубоўка там, Багдановіч, Арсеньнева, Купала, Панізьнік Сяргей Сьцяпанавіч. Апошні, праўда, тут яшчэ, але таксама падазроны. Так сказаць, замечаны ў сьвязях з нацыянальнай культурай.

Не, я не разумею таго Кірылу Насаева, мастацкага кіраўніка ды дырыжора! Гэта каб столькі часу ды таленту аддаць на рэпэтыцыі, запіс песьняў ды маршаў, якія, да ўсяго іншага, безумоўна знойдуць водгук у сэрцах слухачоў?! Навошта! Спявалі б сабе “Стаптаў Ясь канюшыну, а калгас спаліў бэнзіну” — на Дажынкі б запрасілі выступіць. А Дажынкі — гэта гонар і слава, лепшае з беларускага мастацтва. А тут — бач ты, пагражаюць: “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”. Гэта што, гімн амону? Дый падзагаловак праграмы сумніцельны. Лірыка змаганьня... Каго з кім? Амону зь немцамі? Вось бы і сьпявалі тады: “Гарыць, гарыць, мая Лагойшчына!” Аўтары — людзі правераныя. Гэтых якраз дагналі і адзначылі званьнямі.

А тут — чаго толькі няма! І пра Касьцюшку табе, нацыянальнага героя краіны-удзельніцы НАТА, і пра паўстанцаў, і пра абаронцаў Случчыны. І гэта ў той час, як мы абараняем Мілошавіча ды Хусэйна! Ну, даражэнькія мае!.. Расьперазаліся аж да таго, што ў дзьвюх песьнях замест аднаго баяну два запісалі! А яшчэ прыцягнулі дзеля дасягненьня высокага мастацкага эфэкту і духавы ансамбаль, і нат цэлы аркестар! Панятна, што грошы на гэта знайшлі не ў Замяталіна Уладзіміра Пятровіча, які шчыра хварэе ад усяго беларускага, а за мяжою, у той самай НАЦЕ, якая подла хаваецца пад лячынкай “Беларускі інстытут навукі і мастацтва”. А каб дурныя слухачы, у якіх гэтая касэта павінна быць у плэеры літаральна ў кожнага, не здагадаліся, пад чыю музыку яны скачуць на чарговы рэфэрэндум, адрас таго інстытуту схавалі пад няправільным надпісам Нью-Ёрк.

Во, аказваецца, дзе трэба шукаць крыніцу беларускага мастацтва!

Нездарма ж бацькі яшчэ ў далёкім дзяцінстве неаднойчы паўтаралі мне: лепшае шукай у Амэрыцы. Толькі нашто мне тая Амэрыка, калі “Унія” — тут, пад бокам? Пайду, бадай, яшчэ пару касэтаў набуду. А то, адчуваю, хутка за адну такую тры залатыя кампакты Саладухі выменяць змагу...

Слухач


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0