Ірына Шаблоўская

Народжаны для Жыцьця

Ён вымушаны быў яго абараняць на фронце... Змагацца і пасьля вайны за Праўду мастацкага аповеду пра вайну. За Незалежнасьць сваёй Бацькаўшчыны, за годнае існаваньне асобы, абараняць яе ад розных формаў таталітарнага ўціску.

Ёсьць заканамернасьць у тым, што беларуская зямля запатрабавала талент ваеннага пісьменьніка. Што ім стаў Васіль Быкаў. Ня трэба доўга тлумачыць: зямля, якая спазнала войны на працягу большай часткі свайго гістарычнага часу. Спазнала страх, генэтычна адбіты на лудзкіх душах. Зямля пасярэдзіне Эўропы, населеная мірным народам, які сам не распачынаў боек, не рабіў набегаў на сваіх суседзяў... Абараняўся. Цярпеў, шмат цярпеў ад пакут. Зьбіты з свайго нацыянальнага дыскурсу, адлучаны ад сваёй слаўнай гісторыі, вялікай культуры і традыцыяў, ён губляе апошняе — родную мову. Унікальны нацыянальны досьвед выжываньня гэтага Народа, слыннага сваёй даверлівасьцю і шчырасьцю, складваўся на вайне, у супрацьстаяньні ворагам: яўнаму і схаванаму, чужынцам і "сваім".

Народ нясе ў сабе Праўду, усю Праўду, якую толькі ён, Народ, па словах Быкава, і ведае. У тым ліку — Праўду пра Вайну. А пісьменьнік можа наблізіцца да Ўсёй Праўды, але для гэтага патрабуюцца вялікія Цярпеньне, Мужнасьць, Сумленьне.

Дастаткова прачытаць біяграфію Васіля Быкава, каб адчуць яго Неабходную Суаднесенасьць са сваёй нацыянальнай гісторыяй і культурай. Пакуты яго зямлі — у яго ваенным лёсе (паступіў вучыцца ў мастацкую вучэльню, але вайна распарадзілася па-свойму: скончыў вучэльню — вайсковую — у сорак трэцім, маладзенькім лейтэнантам прайшоў праз Румынію, Вугоршчыну да Аўстрыі). Ён усё ж такі стаў мастаком, Мастаком Слова, рэалізаваў у мастацкай літаратуры Апостальскія функцыі Абаронцы Праўды, Асобы. Яго творчасьць упісаная ў кантэкст сусьветнай літаратуры ХХ ст. менавіта на каардынатах асэнсаваньня сучаснага Быцьця Чалавецтва, якое выпрабоўваецца тэхнакратычнай цывілізацыяй на здольнасьць перамагчы прадказаны канец сьвету, не дапусьціўшы новай сусьветнай вайны, пра якую, як пра магчыма апошнюю, так часта нагадваў Алесь Адамовіч.

Вайна — рок і лёс Васіля Быкава, як, дарэчы, не аднаго пакаленьня беларусаў. Ёсьць свая заканамернасьць у адданасьці пісьменьніка праблематыцы вайны, якая робіць яго творчасьць выключнай. Яна амаль ня мае аналягаў у сусьветнай літаратуры. Я не гавару пра дакумэнталістыку. У мастацкай прозе ХХ ст. Быкаў адметны як творца жанравай мадыфікацыі аповесьці, якую можна лічыць эталённай ваеннай аповесьцю, альбо раманам, альбо мікрараманам. У цэнтры яе ваенны хранатоп (час і прастора), спалучэньне структураў сацыяльна-філязофскага рамана на ваенную тэму і экзыстэнцыйнага, пабудаванага вакол сюжэтнай сытуацыі выпрабаваньня асобы, чалавека, яго стасункаў з грамадзтвам у дачыненьні да гісторыі. Адданы малому жанру, пераважна аповесьці, Быкаў стварыў адмыслова аграненую мастацкую прозу, якая арганічна ўпісваецца ў пошукі славянскіх літаратур пра вайну (асабліва польскай, югаслаўскіх, славацкай) на этапе, які пачаўся з канца пяцідзясятых гадоў, а потым у шасьцідзясятыя пазначаны ўзьнікненьнем фэномэну ваеннай прозы. Назаву хаця б некалькі імёнаў творцаў гэтага фэномэну: славакаў Ладзіслава Цяжкага і Рудольфа Яшыка, палякаў Тадэвуша Новака і Вацлава Біліньскага, македонца Ёвана Паўлаўскага, харвата Міркі Божыча, славенца Цырыла Космача.

Васіль Быкаў у парадыгме мастацкай літаратуры ХХ ст. — Творца, які, асэнсоўваючы лёс свайго народа ў гады другой сусьветнай вайны, усьвядоміў Трагедыю вайны наагул і агульныя страты чалавецтва ў ёй. Увасобіў гэта адмысловымі мастацкімі сродкамі, спалучаючы нацыянальную традыцыю (а беларуская літаратура пра вайну — адна з самых глыбока распрацаваных, у ёй адметны паэтычны код, сваё псыхалягічнае аблічча, свая нюансоўка канфліктаў, сюжэтных пошукаў) з сусьветнай.

Проза Васіля Быкава дасягае вышэйшага майстэрства. Уся яго творчасьць: ад першых апавяданьняў і аповесьцяў "Сьмерць чалавека" (1951), "Пастка", "Сваякі", "Адна ноч" да твораў апошніх гадоў "Падоранага жыцьця", "Пакахай мяне, салдацік" — прафэсійна вытанчаная і адмысловая.

Пісьменьнік зьдзіўляе сваёй цэласнасьцю, вернасьцю абранай праблематыцы: самай цяжкай псыхалягічна, ваеннай. Ён унікальны гэтай вернасьцю тэме, якая для яго адкрываецца безьліччу адценьняў. Яна дорыць яму непаўторнасьць сытуацыяў, псыхалягічнай інтэрпрэтацыі чалавечых паводзін на вайне, экзыстэнцыйнага выпрабаваньня.

Пісьменьнік неаднойчы выказваў сваё крэда: "Жыцьцё кароткае, і трэба сьпяшацца рабіць добрыя справы. Не сябе любіць, а бліжняга свайго, чалавека любіць. Каб пазьней, пасьля ўсяго, пасьля цябе ўзышла на зямлі зялёная трава памяці. Трава пасьля нас".

Уяўляю сусьветную літаратуру як збор лепшых твораў розных нацыянальных літаратур, у якіх праз сваё, тутэйшае, роднае пісьменьнік ідзе да ўсяго чалавецтва. Сваю прастору і час упісвае ў сусьветны кантэкст, далучае да Вечнасьці. Экзюпэры, Гемінгуэй, Рэмарк, Фолкнэр, Кафка, Маркес, Камю, Сартр, Бёль... Менавіта праз засваеньне экзыстэнцыялізму ствараўся мастацкі фэномэн ваеннай прозы. Вопыт Сартра і Камю аказаўся вельмі блізкім літаратурам пра другую сусьветную вайну, створаным у шасьцідзясятыя гады ў славянскіх літаратурах (Лаліч, Мінач, Анджыеўскі, Шыкула, Братны, Путрамэнт, Някрасаў, Астаф'еў). Ваенная проза — гэта вынік эвалюцыі літаратуры пра вайну.

Дыскурс літаратуры пра вайну менавіта ў гэтай яе зьмене назвы: у шасьцідзясятыя гады, калі яна стала называцца "ваеннай", яна пасьпяхова асвойвала філязофскія асновы літаратуры антываеннай. Новае вымярэньне Трагедыі вайны — у межах усёй чалавечай цывілізацыі. Абсурд забойства інэрцыйнага, ваеннага, забойства ад страху, забойства па абавязку. Жах чужаніцы сярод сваіх. Неабходнасьць амаральнасьці на вайне, брутальнасьць як быцьцё ў ваеннай прасторы. Непрыняцьце забойства і зьдзіўленьне перад веліччу жыцьця і каханьня, такіх кволых і бездапаможных на вайне. Эвалюцыя прозы пра вайну — у зьмене каардынат: ад баталістыкі да філязофіі, ад гераічнага да трагізму, ад функцыяў сьведчаньня да псыхааналізу, ад апісальніцтва да аналітычнасьці, ад нацыянальнага да сусьветнага.

Ёсьць адна якасьць, арганічная для прозы Васіля Быкава: прыпавеснасьць паэтыкі, якую стварае філязофскі падтэкст. Наяўнасьць другога, глыбіннага і нябачнага, пляну наталяе, здавалася б, ужо адпрацаваныя канфлікты і сюжэты. Замест баталістыкі — Душа, раскрыжаваная на вайне: паміж жыцьцём і сьмерцю, Каханьнем і Нянавісьцю, адданасьцю і здрадай, альтруізмам і эгаізмам. Архетыпічны абрыс набываюць яго вайскоўцы-пакутнікі, бясконцасьць шляхоў вайны, беларускія краявіды, неба і зямля. Мэтафарычна гучаць кароткія назвы "Пастка," "Здрада", "Жураўліны крык", "Знак бяды", "Сьцюжа", "Аблава", "Сьцяна".

Менавіта прыпавеснасьць — характэрная рыса рэалізму ХХ ст. у яго адрозьненьні ад клясычнага. Яна праяўлена ў творчасьці Камю і Сартра, Экзюпэры і Гемінгуэя, Фолкнэра і Маркеса, Коба Абэ і Брэхта — у літаратурах розных краін сьвету. З гэтымі і многімі іншымі майстрамі сусьветнай літаратуры супастаўляецца проза беларуса Васіля Быкава. Параўнальны падыход дазваляе ўбачыць адметнае і непаўторнае як кожнай нацыянальнай традыцыі, так і саміх творцаў. Вывучэньне сусьветнага кантэксту беларускай літаратуры толькі пачынаецца, дакладней, аднаўляецца вялікая справа нацыянальнага Адраджэньня, якую ў свой час пачалі нашыя папярэднікі на старонках "Узвышша", вядомыя беларускія перакладчыкі.

Парадокс Быкава як пісьменьніка савецкага ў тым, што ён ім быў толькі па храналягічнай прыналежнасьці. Яго творы ад першых апавяданьняў да апошніх аповесьцяў, прысьвечаных вайне, асэнсоўваюць Трагедыю. Быкаў экзыстэнцыйны пісьменьнік па сваёй сутнасьці. Яго вайна пададзена як быцьцё. Вайскоўца, палоннага, мірнага насельніцтва. Быцьцё нацыі. Быцьцё краіны. Быцьцё паміж молатам і кавадлам, паміж "сваім" (савецкім) і чужым (гітлераўскім, які часта атаясамліваўся зь нямецкім) фашызмам. Генацыд супроць Асобы, Духоўнасьці, нармальнага Жыцьця, якое ўвесь час уціскалася ў пракрустава ложа камуністычнае ідэі і мары пра сьветлую будучыню.

Вайна для беларускага народа пачалася значна раней да другой сусьветнай.

Парадокс Быкава як пісьменьніка ваеннага ў тым, што ён не арыентаваны на Перамогу ў яе традыцыйна савецкім разуменьні. Мне ўяўляецца, што формула значна складаней: уцёкі ад Перамогі як уцёкі ад homo killera, ад забойства наогул. Ад вайны. Ад вайны ўсялякай, і той, якую ў трыццатыя гады навязалі саветы свайму народу. У Быкава вайна канкрэтная і, так бы мовіць, фэнамэналягічная, спраектаваная на ўсю гісторыю Беларусі і гісторыю чалавецтва. Быкаў услаўляе жыцьцё, а не вайну, гераізм як выбар асобы, унутрана заматываваны, не стыхійны. Ён народжаны дзеля ўсхваленьня Жыцьця і так гаворыць пра гэта: "... Пісаць толькі пра вайну альбо пісаць выключна аб міры проста немагчыма. Калі пісаць, то пісаць пра жыцьцё... А паколькі я пішу пра вайну, то, мабыць, толькі таму, што вайна — гэта тое ж жыцьцё..."

У парадыгме сьвядомасьці ХХ ст. войны адыгралі вырашальную ролю, яны сталі сусьветнымі, увасобілі набліжэньне канца сьвету. Яны многае вызначылі ў мастацтве. Але кіруючыся сваімі надзённымі праблемамі, творцы часам абарону межаў сваёй краіны вызначалі як галоўнае. Многа такіх дэвальваваных у мастацкіх адносінах, "прагматычных" кніг было напісана ў савецкай літаратуры, што склалі сваю "Ружовую бібліятэку" пра вайну. У яе не ўпісаўся аўтар "Мёртвым не баліць", якога ідэалягічнае начальства ня раз спрабавала "ставіць на месца". Васіль Быкаў, арыентаваны ня проста на Перамогу любой цаной, а на Жыцьцё. Не на алавяных салдацікаў, а на Душу чалавека. Не на маніпуляцыю сьвядомасьці, а на праўду і псыхалягічны аналіз.

Яго не аглушаюць парадныя літаўры і генэральскія загады, яго вуха чуе стогны радавых і цішыню сярод кананады, шоргат камельчыкаў зямлі, што падаюць у акоп ад лапак мураша. Чуе, як б'ецца закаханае сэрца і як яно баліць...

Чаму чалавецтва ня вучыцца на сваіх памылках, на трагічных уроках другой сусьветнай? — гэтае пытаньне Алеся Адамовіча сёньня, пасьля Чарнобыля, набывае новае гучаньне. Усеагульнай трагедыі чалавецтва і новых катаклізмаў.

Чаму ня чуюць сёньня Прарокаў, якіх вядзе любоў і Дабрыня, за якімі Сьвет Духа і Культуры?


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0