Андрэй Хадановiч

Аповесьць пра сапраўднага чужынца

 

Я чужынец, які забівае раба…
З пэўнага няўісьненага верша

 

Я насамрэч чужаніца й нішто насамрэч-чужынскае мне не чужое,
ненасамрэч-чужынскае ці насамрэч-нечужынскае ўжо я,
нібы раба, забіваю на пляжы і, быццам араба, зь сябе выціскаю па кроплі,
каб, стаючыся напраўду чужынцам ад капелюша да абцаса пантоплі,
з гонарам вымавіць: так, насамсправе, я ўжо наўсуцэль чужаніца,
бацька дый маці таксама чужынцы, чужынкай мая сужаніца,
сёстры й браты, і стрыечны пляменьнік, бабуля, і дзеці, і ўнукі,
нат ненароджаны праўнук ім зробіцца без аніякай прынукі,
нат спадкаемцы-нашчадкі, наступнікі покуль ня страцілі шанец –
кожны – прынамсі аднойчы – адчуе, што ён натуральны чужанец
(перапрашаю, чужынец), адчуе любою сваёю чужынскай вантробай,
кожнай чужынскай душэўнаю фібрай адчуе, што ён тут – пабочнай асобай,
ён тут сугней у самоце, мармоль у маркоце, закладнік такіх жа, як сам ён, дзікунак:
гэткія дзеўчыны не пакладуць ні жыцьця, ні каханьня на ўласны швайцарскі рахунак
сына сваіх марнатраўных бацькоў і наймарнатраўнага часу –
часу зацятых і палкіх чужынцаў, тае неўтаймоўнае, дзікае расы,
што аніколі ня будзе празь верных насьледнікаў, собскіх сыноў пераймацца
(хай ужо тыя насьледуюць і пераймаюць, калі не лякаюцца марнае працы!),
што прыбірае відзежы ў ядваб, аздабляе трызьненьні каштоўным каменьнем
і, імкнучы ў безназоўнай цямрэчы за пекным жаночым найменьнем,
кожнае ночы палюе на любасьць і песьціць запал запаволенай міны,
кожнага дня захлынаецца мрояй пра тое, чаго не было, але так, быццам проста гартае ўспаміны,
кожнага вечару ведае праўду, а зраньня ізноў дае веры – канец выдае на пачатак!
(мова мяне выдае, пане Фройд!) – натуральна, ізноў памыляецца – дурань! ніякі
ты мой не нашчадак! –
я ў тваім веку таксама жанчын унікаў, але гэта былі насамперш прыгажуні,
а, па-другое, сапраўдныя дзеўчыны, а не фантомы ўяўленьня – шальбера й шыбуні:
калі ўжо грэбаваць, дык найпякнейшаю ў сьвеце істотай,
каб, карыстаючы з добрай нагоды ўглядзецца ў суладную нагасьць і ўчуць п'яны водар лістоты,
бачыць ня плоць алімпійскай красуні, бо нат багавіца чужынцу ня роўня,
а звычайнейшыя грудзі, і сьпіны, і шыі, і рукі, і ногі ў мужчынскай пароўні
(зрэшты, у сьвеце празрыстых фіранак, дзе дома і сьцены віжуюць, за сьценамі ж – блазны i вязьнi,
найпрыдатнейшае сховішча – у пары расейскае лазьні!).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0