Die modernen Sagen-2

 

Гарачае месьцейка

У апэрацыйным аддзяленьні гарадзкое больніцы працавала неяк адна мэдсястра, якая аж задужа курыла. Як што ў апэрацыйным аддзяленьні курэньне было зусім забароненае, яна рабіла гэта звычайна ў кабінцы прыбіральні, бо не магла рабіць сабе адмысловых перапынкаў на тое. Усе іншыя з апэрацыйкі нат ня мелі здагадкі пра гэта, але надта злавалі на чад у туалеце. Нехта прапанаваў засабачыць ва ўнітаз супэраксыд кіслароду. Хтосьці іншы неўзабаве ўчыніў гэта. Калі курыльніца аднойчы ў чародны раз "запрапала", усе пачулі жудасны крык. Мэдсястра, як заўжды, кінула незагаслы канчарык ва ўнітаз і атрымала за тое моцныя апёкі ў раёне геніталіяў.

Занатавана ад мэдбрата, які сам ня курыць і ня раіць іншым, асабліва ў больніцах. У Беларусі бытуе анэкдот з падобным сюжэтам.

Порна ў шматпавярховіку

Маладыя муж і жонка, якія жылі ў шматпавярховіку з супольнай антэнай, хацелі зрабіць сваё сужэнскае жыцьцё траха весялейшым. Дзеля гэтага яны ў сваёй спальні ўсталявалі відэакамэру. Калі наступным вечарам блізу 23 гадзінаў яны ўлучылі тэлевізар, дык на свой жах убачылі па трэцяй праграме зьняты імі самымі мінулай ночкай фільмец.

З расповеду нямецкай студэнткі. За ім стаіць страх людзей перад магчымым "бунтам" машын, што служаць у паўсядзёнцы. У Беларусі, не зважаючы на НТР, аж дасюль многія баяцца тэхнікі толькі за тое, што яна ёсьць тэхнікаю.

Небясьпечныя нянькі

Муж і жонка нанялі на час заплянаванага наведваньня тэатру маладую пару для дагляду за дзіцёнкам. Ужо пры сустрэчы маладыя людзі падаліся ім, мякка кажучы, дзіўнаватымі. Таму з тэатру яны яшчэ раз затэлефанавалі дамоў, каб даведацца, ці ўсё йдзе ладна. "Так, усё файна, — быў адказ, — мы гатуем пячыстае і хутка паставім яго ў печку". Поўныя жаху сужонцы паляцелі дахаты і засьпелі акурат той момант, калі нянькі хацелі засунуць у духоўку палітага кетчупам дзіцёнка. У апошнюю сэкунду бацькі здолелі ўратаваць малога. Пазьней высьветлілася, што парачка наглыталася калёсаў і была зусім бесьсьвядомай.

Нямецкі варыянт клясычнай мадэрнай сагі. Хэпі-энд сустракаецца рэдка. Звычайна ў сагах з падобным сюжэтам разьвязка трагічная.

Сутарга

Адна крыху экзальтаваная кабета, калі аднойчы яе муж зьехаў на курорты, скарыстала з нагоды і запрасіла да сябе палюбоўніка. Дык вось, калі справа дайшла да любошчаў, кабету раптоўна замучыла сумленьне, і адбылася сутарга похвы, што палюбоўнік ня здолеў выйсьці зь яе. Неяк яны ўсё ж здолелі выклікаць хуткую дапамогу. Выносячы іх з дому, дактары прыхавалі іхны сорам прасьцінай. У больніцы з дапамогай шпрыца лекар змог супыніць наступствы сутаргі.

Занатавана ў Нямеччыне. У Беларусі бытуюць пэўныя гісторыі, што сюжэтна нагадваюць гэтую сагу. Досьвед сьведчыць, што досыць часта сюжэт згадваецца непасрэдна пад час злучэньня на любоў.

Сучасныя легенды

У абыдзёнцы словы кшталту "легенда", "паданьне", "сага" ўчастых нітуюцца зь нечым даўным, сівавусым, амшэлым. Цяжка бывае ўцяміць, што між імклівае плыні інфармацыі, якая штодня абрынаецца на чалавечыя галовы, ёсьць і зусім сучасныя легенды. Інакш іх мянуюць "мадэрнымі сагамі", "урбаністычнымі легендамі", "гарадзкімі мітамі". Звычайна сучасная легенда мае выгляд праўдзівае гісторыі аб сапраўды адбытым здарэньні. "Адзін мой знаёмец распавёў...", "Нейкі знаёмы майго калегі паведаміў яму...", "Мая дачка распавяла пра выпадак, сьведкам якога быў хлопец ейнай сяброўкі..." — пачатныя формулы сучасных сагаў, закліканыя адначасна падкрэсьліць праўдзівасьць і дыстанцыявацца як апавядальніку ад адбытага. Апошняе, праўда, выходзіць не заўсёды. Дзеля глябальнага развою mass media, мадэрныя сагі перадаюцца ня толькі традыцыйна, з вуснаў у вусны, але й цераз прэсу, радыё, тэлевізію, Internet. Сюжэты многіх сучасных легендаў атрымалі сусьветны распаўсюд. Беларусь не застаецца ўбаку: сама спажывае і прадукуе сагі.

У сучасных легендах знайшло свой адбітак супрацьстаяньне чалавека з праявамі індустрыйнага і постіндустрыйнага грамадзтваў. Навакольны сьвет, які прынята лічыць рацыянальным, анатуецца ў сагах ірацыянальнымі сродкамі. Нямецкі прафэсар этналёгіі Р.В.Брэдніх мяркуе, што ірацыянальны сусьвет мадэрных саг сьведчыць пра нескарэненасьць у людзкай сьвядомасьці веры ў звышнатуральнае, невытлумачальнае і цікавасьці да яго, парадаксальна-кур'ёзнае, не зважаючы на дасягненьні навукі й тэхнікі. "Самота і экзыстэнцыйная няпэўнасць / неабароненасьць сілкуюць цікавасьць сёньняшняга чалавека да невядомага і небясьпечнага гэтаксама, як і эканамічныя крызы ці часы палітычнага напружаньня і няўстойлівасьці", — піша прафэсар. Таму ў сучасных легендах падсподна адчуваецца пэўная канцэнтрацыя страху: страх раптоўнай сьмерці, боязь умяшаньня чужынцаў у інтымную сфэру, страх прыродных і надпрыродных зьяваў, тэхнікі ды інш. Сьмерць у сучасных легендах зазвычай ёсьць нечым дурным і бесталковым. Тым самым адбываецца зусімная дэсакралізацыя сьмерці.

Фэномэн сучаснае легенды на захадзе дасьледуецца дзесьці з 60-х гадоў на дастаткова высокім навуковым роўні. У ЗША, Вялікабрытаніі, Нямеччыне, Швэцыі выдадзена некалькі дзясяткаў адпаведных анталёгіяў. З 1988 г. дзейнічае International Society for Contemporary Legend Research пры Шэфілдзкім унівэрсытэце. Выдаецца інфармацыйны бюлетэнь "Loaftale News".

Сяргей Балахонаў

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0