Сяргей ПАЎЛОЎСКІ

ПЯТРУШКА

 

20 ліпеня сканчаецца
пяцігодка праўленьня Аляксандра Лукашэнкі

Пры ўсім аб’ёме і каларыце ягонай пэрсоны ў жыцьці краіны за гэты час не адбылося нічога па-сапраўднаму значнага — добрага ці благога — з чым можна было б зьвязаць імя першага прэзыдэнта РБ. Ні эканамічнага, палітычнага або культурнага ўздыму, ані ўпадку. Нічога. Два рэфэрэндумы, канфлікт у Драздах і «праваслаўны атэізм» — вось, бадай, і ўсё, што запомніцца. З іншага боку, усе гэтыя пяць гадоў амаль увесь палітычны бамонд, культурная эліта і ўся недзяржаўная прэса Беларусі так ці інакш супрацьсталі Лукашэнку ўсімі магчымымі спосабамі і з усіх сілаў, а вынік таксама — нулявы. Змагаліся з ветраком. Такія наступствы мінулых пяці гадоў наводзяць на думку пра фантом ППРБ: Аляксандар Лукашэнка ніколі ня быў тым, за каго яго прымалі — рэальным прэзыдэнтам РБ.

Беларускай дэмакратыі па вялікім рахунку пашанцавала толькі аднойчы — калі разваліўся саюз і краіна атрымала незалежнасьць. З тых часоў дэмакратыя стала заложніцай свае веры ў цуд. Цуд мусіў адбыцца ў 94-м, 95-м, 96-м... Але кожнага разу не адбываўся. Заставалася горкае расчараваньне і вера ў новы цуд. Ня меншая яна і сёньня, напярэдадні 20 ліпеня.

Адныя ўжо цяпер махаюць рукою, маўляў, нічога ня будзе. Другія эўфарычна прагназуюць самае неверагоднае, маўляў, існуе таемны план, паводле якога на наступны дзень пасьля сканчэньня прэзыдэнцкае пяцігодкі ў рэзыдэнцыю ўвойдзе генэрал Захаранка і надзене на ППРБ наручнікі. Шарэцкі абвесьціць новыя выбары, а натоўп з кветкамі будзе вітаць выхад на волю палітычных вязьняў.

Надзея на цуд невыкараняльная. Вера ў чарговае фантастычнае выратаваньне не пакінула як тых, хто чакае, так і тых, ад каго чакаюць. І нішто не пераконвае ў іншым — трэба працерці вочы і пабачыць нашмат больш складаную, але сапраўдную рэальнасьць.

Хто ж такі, гэты першы прэзыдэнт РБ? Яркая шматслоўная постаць з растапыранымі рукамі і полым нізам сядзіць на руцэ лялькавода з самага моманту свайго выбраньня. Фігура батлейшчыка схаваная за шырмай. Погляды гледачоў, нібы гіпнозам, прыкаваныя да лялькі, якая бясконца гаворыць усялякія недарэчнасьці, якія пасьля на розныя лады перапявае афіцыйная і незалежная прэса.

 

Ельцын за шырмай

Лукашэнка ад самага пачатку быў толькі прадстаўнічай фігурай і ня больш. Але й рэальныя паўнамоцтвы належалі не парлямэнту і ўраду. Рэальную ўладу трымаў і трымае той, хто схаваўся за шырмай. А адзіны, хто мог сабе такое дазволіць, — гэта Барыс Ельцын зь сям’ёю. Гэта ён у 96-м забаяўся, што ягоную ляльку закідаюць гнілымі памідорамі і нават даслаў у Менск расейскіх амонаўцаў. Гэта ён выбіў сабе на рэфэрэндуме 96-га царскія правы ў Беларусі, дзеля чаго і Селязьнёва са Строевым прыслаў. А Лукашэнка так і застаўся — для тэлекарцінкі і — для апазыцыі. Многія купіліся на тую батлейку...

Сам па сабе Лукашэнка ў гэтай гульні значыць ня больш, чым можа сама па сабе значыць лялька на руцэ лялькавода. Таму было б няслушна прыпісваць яму бясконцыя інтэграцыйныя ініцыятывы. Не ягоная гэта гульня. Ён — добрасумленны статыст. Настолькі добрасумленны, што нават ня верыцца, што статыст. СМІ робяць з яго дыктатара, крывавага тырана і г.д. Сямён Шарэцкі нават тэрмін прыдумаў — лукашызм. А ён і рады б сказаць: рэбята, ды не тыран я. Але як тут скажаш, калі такое кіно. Сядзіш сабе, нічога такога ня робіш, а яны возьмуць ды з Гітлерам параўнаюць! Сьмех дый годзе.

Ён, як толькі сеў, дык і заняцца ня ведаў чым. Чым павінен займацца прэзыдэнт? Чорт яго ведае. Чым дырэктар саўгасу Гарадзец займаецца, ён ведаў. Вось і правёў пару сялектарных нарадаў на пасяўной і на жніве, паспрабаваў заданьні на школьных іспытах чытаць, у хакей пагуляў. Што яшчэ? Усё астатняе па пратаколу. Сан Горыч, у вас аўдыенцыя з паслом, Сан Горыч, у вас паездка да Мілошавіча, Сан Горыч, падпішыце... Пры чым тут ён сам? Ну імпульсіўны ён чалавек, але не да такой жа ступені, каб на расейскі трон сядаць. Сядзе, вядома, калі пасадзяць, але толькі тады. З іншага боку, ня скажаш жа ім: рэбята, да я ж ніхто! Мне ж толькі сказалі — агучвай. Ну і братву сваю, карашоў прыкармі. А ў астатнім — толькі агучвай. Твае ініцыятывы вітаюцца адно на фронце змаганьня з апазыцыяй.

Вось ён пяць гадоў і агучвае. Замену ўсяго вышэйшага кадравага корпусу расейскімі таварышамі (часам нават самому дзіўна — можа і ня варта было б так груба — Беларусь усё ж такі), славянскае брацтва, беларуска-расейскі саюз...

 

Беларускі штэкер
пад расейскае гняздо

Тым часам краіна паступова страчвае адзнакі адметнай дзяржавы. У візуальным атачэньні чалавека ўсё менш беларускай мовы, ідзе выкараненьне ўсяго беларускага з сыстэмы адукацыі, пяць ці шэсьць «цэнтральных» тэлеканалаў... Ну чым ня Цьвершчына. Урэшце ўсё трэба давесьці да такога стану, каб ні ў кога і думкі ня ўзьнікла пра фармальнасьць далучэньня. Але працэс гэты не імгненны. Таму і не сьпяшаецца Ельцын дагаворы падпісваць. Таму і накінулі ППРБ яшчэ два гадкі. Спраўляецца, значыць, раз яго грызуць, а ня іх, не руку.

Ладна аб’яднаць, грошы памяняць і пашпарты на расейскія. Ладна з заводамі — уключаць у расейскія канцэрны, хай з заробкамі самі разьбіраюцца. Але як пэнсіянэрам і бюджэтнікам па расейскіх тарыфах плаціць — вось праблема. Гэта ж Масква плаціць будзе. Адкуль такія грошы — мільёны даляраў штомесяц? Вось Яўлінскі і бурчыць — хай Лукашэнка спачатку рэформы правядзе. А тут Зюганаў пярэчыць — ППРБ, не сьпяшайся, мы хутчэй у Расеі людзей да такога стану давядзем, як у вас. Час ідзе. Не ўкладаецца Ельцын у пяць Лукашэнкавых гадоў.

Але ж і іншага не шукаюць. ППРБ стаў найлепшым прыкрыцьцём таго, што расейскія інтарэсы ажыцьцяўляюцца сёньня ў Беларусі напрасткі — праз прэзыдэнцкія паўнамоцтвы. Характар жыцьця і інфармацыі паступова падганяецца пад расейскія стандарты — зьехалі Пазьняк і Някляеў, гэта з шэрагу Станкевіча і Сабчака, прадстаўнікоў інтэлігенцыі і таксама — духоўных аўтарытэтаў. Сядзяць Чыгір, Старавойтаў, Лявонаў, Клімаў, Кудзінаў — а колькі такіх асобаў, завязаных на грошах, сядзіць у Расеі! Беларускі «штэкер» падганяецца пад расейскае «гняздо». І гэта яшчэ ня ўсё.

Важная сфэра грамадзка-палітычнага жыцьця — партыі. Тут вам ужо поўны спэктар — і Яблоко беларускае, і ЛДПБ, і камуністы, само сабою, і нават РНЕ. А вось і Отечество лужкоўскае. Для чаго гэта робіцца? А каб пры агульнарасейскіх выбарах (ужо з намі агульных) у партыйныя сьпісы трапілі і нашы таварышы на местах. Зьвярніце ўвагу на склад гэтых партыяў і ўбачыце, што паўсюль пераважаюць рускія таварышы і гаспада. Асабліва праспэруе сёньня Отечество маскоўскага мэра. Каб у партыйным балансе ў Беларусі была адпаведнасьць з расейскім, Отечество накачваюць з усіх сілаў. На чале яго стаіць нехта Макееў, кажуць, грамадзянін Літвы. Ня ведаю пра ягоны пашпарт, а вось пра тое, што былы сакратар ЦК літоўскага камсамолу Валерый Макееў у ноч на 30 траўня 1995 г. быў затрыманы з кантрабандай цыгарэт на трэць млн. даляраў, якую гналi з Беларусi ў Лiтву — пра гэта ў свой час пісалі газэты, гучная была справа. Цяпер Отечество Макеева — у Беларусі.

Да ўсяго трэба было б дадаць колькасьць мігрантаў з Расеі ў Беларусь за часы Лукашэнкі. Ня толькі Сіваковы, Чумаковы, Латыпавы, Ерыны ды сотні іншых начальнікаў (з сем’ямі і раднёй), але і многія тысячы расейцаў з Літвы, Латвіі, Эстоніі, і простыя людзі, сяляне з нішчымных расейскіх вёсак, «хімікі», уцекачы ад міліцыі... Думаю, калі ўвосені апублікуюць лічбы перапісу, многія ахнуць. Бо прывыклі лічыць, што карэнная нацыя мае ў нас над усімі рашучую перавагу.

Тым часам, увесь наш дэмакратычны працэс зводзіцца да змаганьня ня з гэтым патопам, не з расейскімі інтарэсамі, а з Пятрушкам, з забаўкай, якая так удала і так надоўга адцягнула ўвагу.

Калі ня думаць пра цуд, дык адзіны рэальны плян дэмакратыі — гэта травеньскія прэзыдэнцкія выбары. І галоўнае ў ім — аб’яднаньне апазыцыі. Больш ніхто нічога сур’ёзнага не прапанаваў. Альтэрнатыва — чаканьне цуду, захаваньне партыйных структураў — сама па сабе нічога ня вартая, бо дзеля чаго тыя структуры?

«Эпоха»
засланіла жыцьцё

Гарантам нацыянальна-незалежніцкай арыентацыі ўсёй гэтай працы мусіў стаць і стаў БНФ. Праўда, тут заела Пазьняка. Прычым заела асабіста. Як гэта з Захадам будзе гаварыць ня ён, а Чыгір? Але большасьць Пазьняка не падтрымала. Каласальная стваральная праца затаілася, але не прапала дарма. Індыкатарам для ўсіх патрыётаў стаў заклік да ўдзелу ў выбарах Рады БНР, які ня быў адкліканы. Рада абсалютнага даверу сказала сваё слова, бо таксама ня бачыла альтэрнатывы паўзучай анэксіі.

Пасьля выбараў аб’яднаная апазыцыя мусіла стварыць у краіне сытуацыю дваеўладзьдзя, гэта значыць, моцны Вярхоўны Савет, падтрыманы ўсёй апазыцыяй, на бок якога маглі б пераходзіць прыхільнікі незалежнай дзяржавы — чынавенства і сілавікі. Беларусы — не расколатыя і не дэзарыентаваныя, не дэмаралізаваныя варажнечай, заўсёды мелі б маральную перавагу, стоячы на глебе нацыянальных інтарэсаў і лучнасьці. А гэта значыць, што памкненьні расейскіх спэцслужбаў «стварыць прарасейскую апазыцыю» адсочваліся б і спыняліся. Вось дзе рэальны шанец для маральнае палітыкі.

Сёньня мы маем справу з надзвычай каварнай і добра прадуманай палітыкай суседняй дзяржавы. Адзін недахоп гэтай палітыкі, што яна заўсёды пачынаецца «па навуцы» і разважліва, але напрыканцы ўжо коціцца, як ашалелы ком — па інэрцыі, усё больш непрадказальная. І тады непазьбежныя сацыяльныя канфлікты і нават лакальныя войны — чым і жыве сёньняшняя Расея на сваіх ускраінах.

ППРБ быў і яго ня будзе, але рэальныя зьмены ў нашай краіне як рабіліся безь ягонага жаданьня, так і будуць рабіцца. Рана ці позна марыянэтка пакіне свой пост — зноў жа, не самахоць. А мы застанемся каля новай праблемы. Калі, вядома, ня здолеем усім народам аб’яднацца і супрацьстаяць. Бо пры далучэньні да Расеі нікуды ня дзенеш тых дзясяткаў тысяч беларусаў, якія ні за што не пагодзяцца на страту самастойнасьці краіны. Гэта значыць, што пры такім раскладзе падзеяў нас чакае даўно прадбачаны пэўнымі аналітыкамі варыянт ірландызацыі.

«Эпоха Лукашенко» застанецца ў гісторыі недарэчнай паўзай, прабелам, батлейкай, што на цэлыя пяць гадоў засланіла жыцьцё.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0