Роза Дымаўская

Спартыўная кляса Купалаўскага тэатру

 

Самаадцэнзураваная рэцэнзія на прадстаўляны цягам месяца (прэм’ера 26-га траўня) спэктакль «СМАК ЯБЛЫКА» — лірычную камэдыю ў 2-х дзеях Анатоля Дзялендзіка (сцэнічны варыянт тэатру імя Янкі Купалы). Рэжысэр-пастаноўшчык Генадзь Давыдзька.

 

1. Зьмест відовішча.

У беларускім мястэчку жывуць Зойка ды Ма-а-аша. Першая строчыць абвесткі, каб пазнаёміцца з замежнікам. А раней у яе быў мужык — краснадарскі казачок, які прыраўнаваў ды й кінуў зь дзіцем. Прыгожую ладную беларускую пошла пафарбаваную бляндынку. Другая сьціпла гадуе траіх дзетак, муж яе Ўладзімер — алькаголік, былы міліцыянт, маёр, як пазьней высьветлілася, ліквідатар, аднак усё ж не афганец. Маша — не абы-што, а настаўніца, ведае ангельскую мову.

Раптам у мястэчка прыяжджае наступная сяброўка — Юлька. Яна даўно жыве ў Амэрыцы. Выкарыстала, як гаворыцца ў п’есе, свой шанец: працавала на «хуткай дапамозе», заехала ў гатэль, там падвярнуўся падхварэлы амэрыканскі дзядзя, Юлька скокнула яму ў ложак, Маша, седзячы сьпіной, перакладала сьвінствы, а дзядзька ня вытрымаў выпрабаваньня сэксу з самымі эратычнымі жанкамі сьвету і ажаніўся. Юлька наведала вёску, уся ў сынтэтычных уборах, упэўненая! Ды й абвестку з фатаздымкам сьціплай Машы надрукавала ў нейкім канадыйскім часопісе.

Зьяўляецца паджылы канадыец Майкл Гамон, паходжаньнем з усё гэтага ж беларускага мястэчка — Гамонаўкі, вар’яецее ад рахманасьці й глыбіні Машы, не зважае на адкрытыя заляцаньні Зойкі і пастанаўляе дабіцца Машы. Едзе ў лягер да яе хворых дзяцей і прэзэнтуе лягеру кампутар. Мясцовай мэблевай фабрыцы прапануе інвэстыцыі. Маша чакае разводу з алькаголікам Уладзімерам.

Высьвятляецца, што ў Майкла ёсьць сястра Эн. Эн фатаграфуе беларускія дзівосы і цікавіцца вясковым сэксам. Самым прывабным выступае моцны былы міліцыянт Уладзімер. Дурная канадыйка ўсё сьмяецца ды думае, як зацягнуць у гатэль беларускага волата Валодзю. Ад шчасьця дурэе пасьля сэксу зь ім, нават гатовая плаціць за гэта. Валодзя няўдала ўкладае грошы Эн і ад сораму становіцца чалавекам.

Маша ў дзень разводу згаджаецца ўвечары паплыць з Майклам у суседнія кусты «па дровы». Пасьля пошук рыфмы да слова каханьне — і выходзіць толькі растаньне. Майкл хоча забраць Машу зь дзецьмі ў Канаду, але Маша ня можа, бо яны пасадзілі садок зь яблыкамі, воцат зь якіх лечыць усе хваробы. Валодзя дае дазвол на выезд Машы і дзяцей, аднак Майкл адчуў смак беларускага яблыка і пастанавіў застацца з каханай. Валодзя разам з Эн едзе мяняць жыцьцё. Зойка, атрымаўшы ліст ад гомасэксуаліста, пастанаўляе вярнуцца да свайго казачка Мішкі. А Юлька едзе да свайго амэрыканца.

На сцэне зьяўляюцца ўсе — нават краснадарскі казачок ды юльчын амэрыканец — «інвалід пятай групы», то бок габрэй. Усе ўсьміхаюцца. Сьпевы.

2. Лірыка.

Увасабляецца ў прасьпяваным у п’есе і надрукаваным у праграмцы вершыку пра пах яблыкаў і ў загадкавай для мяне фразе «Хіба не ад шчасьця адной жанчыны залежыць шчасьце ўсяго сьвету?» ???

3. Камэдыйнасьць.

Гледачы рагаталі, калі «наш» Валодзя ўсё ж спаіў напаўнашага Майкла самагонкай. Пасьля другой шклянкі Майкл зваліўся. Рагаталі, калі Валодзя зьдзекаваўся зь недалёкай распэцканай канадыйкі. Асабліва, калі тая страціла грошы. Рагаталі, калі Валодзя равеў на Майкла — ды валі ты ў сваю Канаду. У іншых момантах усьміхаліся.

4. Акторы.

Бліскучая Алена Сідарава (Эн). Я зразумела, чаму спэктакаль «Крывавая Мэры» так мне спадабаўся — там Зоя Белахвосьцік (тут — Маша) не павінна была шмат ўсьміхацца... Арнольд Памазан (Майкл) побач з «тэхналёгіямі» гаварыў пайсьці за... І — «спартыўнага целаскладу».

5. Публіка.

Адна жонка так расхвалявалася, што пачала суперажываць Машы і асуджаць Зою ўслых. Прыйшлося нагадаць, што Нацыянальны тэатар — пакуль ня клюб.

6. Мараль.

Каханьне існуе. Яблыкі можна жэрці толькі пасьля яблычнага спасу. Бо, калі яны круглы год у краме, як у Канадзе, — гэта супраць прыроды. Трэба нарадзіць траіх дзяцей і мець мужа-алькаголіка, каб напаткаць шчасьце. Не, яшчэ трэба быць лагоднай і няшмат хацець ад жыцьця. Беларускую зямлю пакідаць ня можна. Трэба самых сумленных перацягваць сюды, а шваль адпраўляць.

7. Што рабіць?

Тэатру ўсё лета гастраляваць па беларускіх вёсках, а ўвосень, з улікам таго, што ў санта-барбараў крызыс, павітаць удзячную публіку «Смакам яблыка-2». Дзе расказаць, як Маша нарадзіла шчасьліваму Майклу Марыну, а Валодзя, маючы досьвед яблычнага садзіка, зарабіў, прадаючы пладова-ягаднае вінішча ў Канадзе.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0