Марыя Роўда

«Жыцьцё зь вялікай апошняй літары»

 

Атол Фугард “Тут жывуць людзі”, спэктакль на Малой Сцэне Купалаўскага тэатру.
Рэж. Уладзімер Шчэрбань.

 

Калі ў мяне пытаюцца, як я стаўлюся да творчасьці Купалаўскага тэатру, я адразу ж узгадваю, як заля плакала на спэктаклях “Гаральд і Мод” і “Тутэйшыя”. У першым выпадку — ад захапленьня асобай і гульнёй Стэфаніі Станюты, а таксама праз чысьціню й нетыповасьць лірычных адносінаў галоўных герояў. У другім выпадку, асабліва на прэм’ерных паказах, — ад такой нечаканай для некаторых і раней ня так ярка ўсьвядомленай любові да Радзімы, ад разуменьня прыналежнасьці да “тутэйшых”, ад радасьці надзеі. Для мяне асабіста менавіта гэтыя два спэктаклі й сталі ўвасабленьнем творчасьці купалаўцаў.

Канечне, было шмат іншых рэчаў — кананічных, прадказальных, разумовых. Тэатру як такому неабходна было сьвежае паветра, і ім сталася дзейнасьць “Вольнай сцэны”. “Вольная сцэна” была адкрыцьцём. Яна прапанавала сучасныя п’есы, маладых аўтараў, у тым ліку беларускіх, пераасэнсоўвала разам з гледачом шэкспіраўскую клясыку. Тэатар “вярнуў на радзіму” Малевіча й падарыў маладому пакаленьню Скарыну як “рэальную асобу сусьветнага маштабу”. Акторы тут ня проста добра гралі, але й мелі страсьць граць так, каб маглі атрымаць асалоду і яны самі, і гледачы, г. зн. граць з душой. (І гэта пры тым, што асноўная маса гледачоў на “Вольнай сцэне” — прыгонныя падлеткі, якіх “прасьвяшчаюць” наконт праграмнай клясыкі й беларускай культуры).

Тэатар ізноў стаў падзеяй, якой ён быў, скажам, для аматараў Меерхольда, калі той стаўляў Маякоўскага.

І тутака ад «Вольнай сцэны» думка ідзе да адной з апошніх прэм’ераў малой сцэны Купалаўскага тэатру — спэктаклю па п’есе паўднёваафрыканскага драматурга Атола Фугарда “Тут жывуць людзі”.

Перш чым перайсьці непасрэдна да разгляду гэтага спэктаклю, я мушу папярэдзіць чытача, што “Тут жывуць людзі” — рэч даволі небясьпечная. Асабіста я пасьля першага прагляду пастаноўкі знаходзілася ў такім пераўзбуджаным стане, што на наступны дзень трапіла ў лячомніцу (праўда, з атручаньнем). Мой сябра ўпершыню ў жыцьці мяне прыраўнаваў — да майго любімага актора Алега Гарбуза (што ёсьць, тое ёсьць — слова зь песьні ня выкінеш), што яшчэ раз падкрэсьлівае перамогу яднаньня мастацтва з жыцьцём. Рэжысэр спэктаклю Ўладзімер Шчэрбань пасьля аднаго з праглядаў ледзь ня плакаў — настолькі яго, які дасканала ведае тэатральную кухню, кранула ігра актораў.

Што ж такога асаблівага ў гэтым спэктаклі? Па вялікім рахунку, ён мог бы стацца занадта пэсымістычным, калі б ня быў такім камічным — як па зьмесьце, так і па выкананьні.

Тэма спэктаклю — гэта “экзыстэнцыйная туга” няўдачніка, чалавека, на якога забываюцца задоўга да яго сьмерці. Усе героі п’есы — людзі выключна адзінокія. Праўда, некаторыя зь іх, за выняткам Дона, пэўны час жывуць ілюзіяй сваёй неабходнасьці бліжняму. Так Мілі аддае дзесяць гадоў жыцьця сужыцелю, каб у дзень свайго пяцідзесяцігодзьдзя апынуцца пакінутай дзеля “старога сябра зь Нямеччыны”. — Бывайце, традыцыйныя сасіскі й куфаль піва па суботах! Сісі, жонка Шорці, знаходзіць сваё шчасьце ў сяброўстве з (быццам бы) стрыечным братам, але расчароўваецца ў сваіх чаканьнях. Шорці ж, відаць, пачуваецца цалкам сацыяльна запатрабаваным, бо працуе паштаром і баксуе ў клюбе. Праўда, Шорці часта сьніцца, што ён ніяк ня можа даставіць нейкі важны пакет. І як тлумачыць Дон, гэты сон сьведчыць пра тое, што хлопец насамрэч нават ня мае ўяўленьня пра тое, што такое паўнавартаснае сямейнае жыцьцё. Што ж датычыцца самога Дона, то ён задавальняецца пошукам “псыхалягічных кузурак” і назіраньнем за імі.

Мэтафара жыцьця галоўных герояў — гэта бутэрброд у банцы з-пад ледзянцоў, які школьнікам даюць у якасьці лусты. Тамака заўсёды ляжыць альбо кілбаса, альбо сыр, бо ледзянцы зьеў нехта іншы. У будучыні герояў таксама чакаюць толькі пэнсія й сьляпы сабака замест сябра, бо нават зараз, у гэта самае імгненьне, пра герояў ніхто ня памятае.

Мілі намагаецца быць прыстойнай грамадзянкай, якая прыемна бавіць час. Галоўная гераіня хоча быць прынамсі заўважанай людзьмі, калі ўжо няма ўнутранай, натуральнай радасьці жыцьця. Але ж “весялосьці няма ў прынцыпе!” — пераконвае яе Дон. І ў іхным выпадку гэта сапраўды так, калі, канечне, ня ўлічваць блазнаватага Шорці (і гледача, які на прыкладзе дадзенага спэктаклю можа выяўна зразумець, што такое трагікамэдыя).

Але нягледзячы на тое, што нават кукалкі, якіх Шорці выкормлівае бацьвіньнем, пераўтвараюцца не ў матылёў, а ў моль, весялосьць прыходзіць да герояў п’есы. І адбываецца гэта пасьля таго, як яны ўжо высьветлілі паміж сабой адносіны й выказалі адзін аднаму ў твар, як яны адзін аднаго ненавідзяць. Менавіта тады, калі яны пакідаюць намер весяліцца, калі прымаюць сваю жыцьцёвую сытуацыю й гатовыя поўнасьцю аддацца смутку. Штучнасьць тутака саступае шчырасьці, а асуджанасьць — мудрасьці.

“Не шукай свайго “я” — выверне, калі ўбачыш”, — такую параду дае Мілі Дону. І яшчэ: “Калі хочаш пабачыць сапраўдную псыхалягічную кузурку, уважлівей паглядзіся ў люстэрка”. Таму хэпі-энд надыходзіць тады, калі героі зьвяртаюцца адзін да аднаго, але ня з мэтай філязофскага назіраньня, а дзеля таго каб знайсьці сваё “я” празь іншую асобу й чалавечнае стаўленьне да яе.

Канечне ж, калі йдзе гаворка пра спэктакаль “Тут жывуць людзі”, то трэба ўлічваць той факт, што ўжо сама п’еса ёсьць вельмі ўдалым выбарам. Але нельга й пераменшваць надзвычайную таленавітасьць рэжысэра Ўладзімера Шчэрбаня і майстэрства выканаўцы галоўнай ролі Натальлі Качатковай, на якой засяроджаная ўвага залі большасьць часу на працягу спэктаклю. Уражваюць у гэтым спэктаклі таксама Алег Гарбуз і Аляксандар Аўчыньнікаў.

Нельга абысьці тутака ўвагай і сцэнаграфію спэктаклю, зробленую Алесяй Снапок. Мне асабіста прыемна было ўбачыць, што малая сцэна Купалаўскага тэатру перастала разумець выснову “сама заля вымагае мінімалізму” як тое, што яна вымагае абмежаванасьці.

Такім чынам, спэктакаль “Тут жывуць людзі” стаўся сур’ёзнай заяўкай на тое, што, дзякаваць маладым сілам у рэжысуры, сярод актораў і мастакоў, Купалаўскі тэатар ня ёсьць акадэмічным у сэнсе “закасьнелым”, а мае жывую душу. А гэта важна. Бо як ноч ня ёсьць прычынай дня, так і прафэсіяналізм, нават высокапрызнаны, сам сабою не гарантуе тэатральнага посьпеху.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0