Генадзь Сагановіч

Гісторыя з геаграфіяй

 

Землі цяперашніх Гарадоцкага і Шумілінскага раёнаў уваходзілі калісь у Полацкае княства, а потым Гарадок быў у Віцебскай зямлі і паўсталым зь яе Віцебскім павеце, а тэрыторыя Шумілінскага засталася ў павеце Полацкім. У іх дэмаграфічным лёсе цесна перапляліся гісторыі з геаграфіяй.

Наколькі стае гістарычных сьведчаньняў, абшары гэтыя былі заўжды малалюднымі. І першую прычыну таму стварыла прырода: тут ці ня самы халодны раён Беларусі з кароткім вегетатыўным пэрыядам, а глебы неўрадлівыя. Прыродныя ўмовы не спрыялі разьвіцьцю сельскай гаспадаркі, а значыць і росту насельніцтва. Падобна, хлеба тут ніколі не было ў раскошу. Гісторыкам добра вядомы ліст полацкага мітрапаліта да рыжанаў з просьбай прыслаць у Полацак жыта. У 1520-х на забесьпячэньне тутэйшых замкаў збожжа звозілі з іншых раёнаў Беларусі, у прыватнасьці з Панямоньня.

Памежнае становішча гэтай зямлі абярнулася тым, што гэткім жа адмоўным стаў для яе і фактар гістарычны – суседзтва з Маскоўскай дзяржавай, якая вякамі вяла войны. Блізкасьць мяжы стала сапраўдным няшчасьцем. Тут і шляхта не жадала браць зямлі — ня толькі беднай, але і небясьпечнай.

Што да колькасьці жыхароў, дык да сярэдзіны ХVІ ст., мяркуючы па рэвізіях і рэестрах, гэтыя землі былі сярэднезаселенымі. Праўда, ёсьць факты, што ўжо ў 1520-х жыхары папросту ўцякалі ад вайны, нават з добра ўмацаванага Полацка. Але радыкальная дэмаграфічная зьмена зьвязаная з вайной Івана Жахлівага і шаснаццацігадовай акупацыяй паўночнай Беларусі. Край тады папросту вылюднеў. Жыхары, калі не загінулі і ня трапілі ў палон, самі разьбягаліся. Царскія ўпаўнаважаныя наракалі, што, вызначаючы мяжу занятых земляў, яны ня мелі ў каго спытацца пра назвы тых мясьцінаў.

І ў гады Смуты зноў ад Масквы асабліва даставалася Віцебшчыне. Невыпадкова ўжо на сярэдзіну ХVІІ ст. поўнач Беларусі была адным з самых малалюдных раёнаў. Калі на захадзе нашага краю жыло тады па 15—19 чалавек на адным квадратным кілямэтры, дык тут, у Віцебскім павеце – адно крыху больш за 7 асобаў. А на канец Маскоўскай вайны ў Віцебскім павеце не засталося і па 3 чалавекі на квадратны кілямэтар. Фактычна, за гады ўладараньня маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча найбольшыя людзкія страты панесьлі тры памежныя паветы – менавіта Віцебскі і Полацкі, ды яшчэ Мсьціслаўскі, у якіх насельніцтва скарацілася на дзьве траціны і ў два-тры разы было меншым, чым у цэнтры і на захадзе Беларусі.

Застаецца згадаць, што і ў Паўночнай вайне найперш цярпелі нашы паўночныя раёны, дзе стаяла вялізная армія Пятра І. Пазьнейшыя часы нічога істотна не мянялі, і на ХХ ст. гэтыя землі заставаліся своеасаблівай дэмаграфічнай ямай. Улады ж БССР не займаліся справамі народазасяленьня. Хутчэй наадварот, палітыка бальшавікоў і асабліва апошняя вайна спрычыніліся да яшчэ большага вылюдненьня паўночных раёнаў Беларусі.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0