Зьміцер Бартосік

Краіна дурняў

 

«Няўжо табе ахвота лезьцi ў гэты бруд?» — адна менская панi нiяк не магла зразумець маю радасьць напярэдаднi вандроўкi на балоцiстую рэчку Обаль. «Дурніца, — адказаў я, — у тым i справа, што ў балоце няма бруду. Вада ёсьць, чараты там усялякiя з гадзюкамi. А бруду — нуль. Бруд ствараецца людзьмi, а не прыродаю. I чорнае ад глею дно самай балоцiстай рэчкi значна чысьцейшае за тваю бэтонную плiтку менскага праспэкту». Яна мяне, вядома ж, не зразумела. А пра галоўнае, што мяне каторы ўжо раз цягне ў беларускiя нэтры, я даводзiць ня стаў.

Нiдзе й нiколi так лёгка й радасна не разважаецца пра будучыню, як у нашых байдарачных вандроўках. I чым больш дзiкiм i неабжытым выглядае краявiд навакол, тым больш радаснаю ўяўляецца тая будучыня. Сакрэт тут просты. Кiдаючы сябе ў поўнае няведаньне таго, што адбываецца ў сьвеце, мы ўсё ж ведаем дату канца нашага маршруту. Жыцьцё напаўняецца iншымi падзеямi. Якiя ўдалечынi ад чалавечага жытла набываюць незвычайную важкасьць. Як, напрыклад: нечаканая сустрэча з ласём, спуджаная нашымi вёсламi чародка забаўных качанятаў, цi пiльны й цiкаўны позiрк савы зь цямрэчы дупла. Ад разуменьня банальнай iсьцiны, што тут, у гэтых балатах, жыцьцёвы лад нiякiм чынам не залежыць ад рэжымаў i ўладаў, сапраўды, як пiша Адамовiч, «банальна хочацца жыць».

Абпальваць сьпiну пад сапраўдным сонцам, не шкадаваць уласнай скуры злым авадням, як паратунак сустракаць залеву з маланкамi, насалоджвацца купаньнем у каламутнай вадзе, не захiнацца ад гаючай крапiвы. А разьбiўшы лягер, стомлена ляжаць на зямлi, зачаравана пазiраючы, як iскры ад вогнiшча перамешваюцца з зоркамi ў нашым небе.

Чужымi й недарэчнымi на працягу маршруту мне здавалiся менавiта стварэньнi рук чалавечых. Жалезабэтонныя масты, разбураныя часам жывёлагадоўчыя фэрмы, iржавыя воданапорныя вежы, адзiным упрыгожаньнем якiх былi бусьлянкі. Але нiколi ня мог падумаць, што мне так будзе рэзаць слых расейская мова. Якую мне давялося пачуць падчас вечаровай выправы па сялянскую гарэлку ў вёску Обаль.

Вёска больш нагадвала п’яную ўскраiну якога-небудзь Кемерава.

Шырока раскiданыя ўздоўж гразкай, бязьлюднай вулiцы двухпавярховыя бэтонныя баракi. Самагонам мы, вядома, не разжылiся. Па падказцы сустрэчнага забулдыгi з пранонсам пецярбуржца, мы знайшлi дзьверы тутэйшай бiзнэсмэнкi, начной перапрадавачкi мясцовай амброзii — напiтку «Залацісты моцны».

Хвiлiнаў пяць цётка вывучала позьнiх гасьцёў, нiбы прыбышоў зь iншае плянэты, нiяк не даючы веры, што нехта можа заплысьцi сюды ў якасьцi турыста. У яе абдзёртым жытле мяне зацiкавiў «дызайн» падлогi — на брунатных дошках былi намаляваныя рамонкi. Цётка нам давяла, што: «В деревне только пара человек из местных». «А астатнія?» «Остальные из страны дураков». Як высьветлiлася, у ваколiцах атабарылася шмат расейцаў — перасяленцаў, уцекачоў ды былых зэкаў. Якiя ў беларускiх джунглях знайшлi сабе месца пад сонцам i такi-сякi заробак.

У гэты момант мне рашуча закарцела апынуцца на менскiм праспэкце. Дзе няма першароднасьцi, але ёсьць iлюзія стварэньня чысьцiнi.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0