Зьміцер Бартосік

Самае дарагое, што ў нас ёсьць

 

У Вiльнi на днях адбылася выстава пад назваю «BelExpo». Матывы, якiя прымусiлi беларускае кiраўнiцтва паказаць ўсё, чым мы багатыя, у Літве, што iмклiва багацее, на жаль, добра вядомыя ўсiм. А таму, матыў гордасьцi не ўзьнiкаў ад пачатку. Нашай савецкай дзяржаве няма чым плацiць суседзям за праедзеную электраэнэргiю. Гадоў пяцьдзясят таму чырвонасьцяжная наладзiла б тут парад цяжкай вайсковай тэхнiкi, і пытаньне было бы зьнятае. Зараз жа часiны пайшлi нерамантычныя. Танкi паедуць па Менску. На Вiльню пайшлi трактары.

Атмасфэра ў Палацы спорту панавала хутчэй жалобная, чым дзелавая. Нешматлiкiя наведнiкi млява соўгалiся ўздоўж стэндаў. Па тэлевiзары «Panasonic» дэманстраваўся фiльм пра Эгiпэт. Загробны голас дыктара на ўсю залю распавядаў пра жыцьцё фараонаў. Што значна надавала выставе загадкавасьцi. Паводле якога прынцыпу падбiралася прадукцыя, зразумець цяжка. Ад сузiраньня стваралася ўражаньне, што арганiзатары «па сусеках пашкраблі», каб запоўнiць арэндаваныя плошчы. Хоць зрэшты, можа лiтоўскую публiку й зацiкавілі плястмасавыя тазiкi, электрычныя лямпачкi ды гомельскiя парасоны. Цi можа каму ў якасьцi сувэнiра спатрэбяцца кiрзовыя боты ўзору другой сусьветнай, што непараўнальна суседнiчалi з ажурнай жаночаю бялiзнаю фiрмы «Мiлавiца».

Вельмi забаўляльны рэклямны ролiк я меў шчасьце пабачыць ля стэнду фiрмы «Амкадор». На экране дэманстраваўся сьнегаўборачны камбайн. На тле раскошнай менскай зелянiны езьдзiла чуда-машына. Палiраваныя лопасьцi працавiта заграбалi сьпякотнае чэрвеньскае паветра. «Але чаму ролiк нельга было зьняць зiмою?» — зьдзiвiўся адзін лiтовец. «У нашай краiне няма зiмы, —растлумачыў я яму, — толькi сонца круглы год, бананы на градках i сьнегаўборачныя камбайны на вулiцах».

Я баяўся, што не знайду на прамысловай выставе нацыянальнага калярыту. I жорстка памыляўся. Я знайшоў яго на стэндзе сувэнiраў. Сярод саламяных конiкаў ды глiняных алькаголiкаў узвышаўся таксама глiняны мiлiцыянт. Дакладней, судзячы па амунiцыi й выразе твару, амонавец. З кабурою, рацыяй, толькi бяз палкі. Аўтар гэткага сувэнiру, напэўна, чалавек не бяз гумару. А можа, як у тым анэкдоце, ён ляпiў пажарнiка, ды ўсё роўна атрымаўся мент. «I колькi каштуе ваш менцiк?» —запытаўся я ў жанчыны за столiкам. «Прасьцiце, не поняла?» «Сколько стоіт эта прэлесть?» — паўтарыўся я. «Гэта самае дарагое, што ў нас ёсьць, бязь ценю iронii адказала кабета, —цэлых сем долараў».

У мяне былi гэтыя грошы, але купляць «самае дарагое што ў нас ёсьць» рука не паднялася. Выставаю я застаўся цалкам задаволены. У тым пляне, што лiшнi раз упэўнiўся — лепш за ўсё ў гэтай дзяржавы атрымлiваюцца вайсковыя парады i рэфэрэндумы. Таму за дзяржаву мне ня крыўдна. А ў магчымасьцях краiны я сумлеваў пакуль ня маю.

P.S. Мой знаёмы бiзнэсмэн, якi наведаў выставу не ў якасьцi пасквiлянта, цьвёрда вырашыў набыць два менскiя экскаватары. Матывы — у Лiтве й таго няма. Значыць, прарвемся.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0