Слоўнік паняцьцяў

Валерка БУЛГАКАЎ

7. Пра мэнталітэт беларусаў.

 

Ёсьць словы і выразы, якія дзесяцігодзьдзямі займаюць розумы беларускіх публіцыстаў. Калі раней такімі былі «рэвалюцыя», «еднасьць», «мерапрыемства», «ветразі надзеі», то цяпер, на чарговым вітку гістарычнага разьвіцьця, мы ўсё часьцей чуем — «нацыя», «тоеснасьць», «мэнталітэт».

Разважаць пра мэнталітэт беларусаў бярэцца кожны — і крайні нацыяналіст, і ўмераны лібэрал, і імпэрскі рэваншыст. Цікава, што, як правіла, вынік гэткіх разважаньняў бывае адзін і той жа: аказваецца, што беларусы — гэта рахманы, памяркоўны (апошнія два словы ў менскіх расейскамоўных мас-мэдыях ужо даўно пішуцца безь перакладу), талерантны народ.

Відавочна, што перад намі тыповы постімпэрскі міт, які творыцца і выкарыстоўваецца пэўнымі сіламі ў сваіх карысьлівых мэтах — каб белае зрабіць чорным, а чорнае белым. Сама тэма імпэрскіх («сапраўднай беларускай мовы ўжо няма», «беларуская мова калхозная, грубая» etc.) і постімпэрскіх («Пазьняк хоча прылучыць Беларусь да Польшчы», «Савецкі Саюз развалілі цёмныя сілы» etc.) паводле часу ўзьнікненьня мітаў заслугоўвае асобнай грунтоўнай гутаркі, таму мы пакінем яе ў баку.

Дык усё-такі, дзе сёньня шукаць рахманых, памяркоўных і талерантных беларусаў? У гарадзкіх аглямэрацыях, дзе баль спраўляе вытвараная за савецкім часам сярэдняя кляса — з усярэдненымі здольнасьцямі і патрэбамі, галоўнай жыцьцёвай задачай якой стаецца дасягненьне і ўтрыманьне элемэнтарных цывілізацыйных дабротаў плюс бесьперабойнае харчаваньне, а ўсё астатняе выклікае агрэсіўнае непрыняцьцё? У Богам забытых вёсках, дзе свой век у самоце дажываюць тутэйшыя, якія, гэтулькі разоў здраджаныя гісторыяй, так і не ўзумелі з галавой акунуцца ў каламутны вір сучаснасьці, а таму асуджаныя на паступовае выміраньне? Сярод беларускай інтэлігенцыі, якую знутра разрываюць дзікія жарсьці? Іншых маргінальных праслоек?

Мэнталітэт цэлага народу можна з доляй умоўнасьці параўнаць з мэнталітэтам асобнага чалавека: гэта ня нейкая пастаянная якасьць, а няўстойлівы плынны стан, які, нягледзячы на сваю абумоўленасьць пэўнымі канстантамі, ніколі не стаіць на месцы, змушаны рэагаваць, даваць адказы, на ўсё новыя выклікі быцьця. Азначэньнямі «рахманы» (якое ў жывой мове ўжываецца пераважна ў дачыненьні да свойскай жывёлы, напрыклад, да парсюка - «рахманы парсюк»), «памяркоўны», «талерантны» насамрэч апісваецца не мэнталітэт беларусаў (у лепшым выпадку гэтым падкрэсьліваецца іх «нерасейскасьць», тое, што пазытыўна адрозьнівае іх ад расейцаў), а робіцца цынічнае апраўданьне здаўна заведзенага парадку рэчаў, бо такі ж самы «мэнталітэт» цялушкі на разьніцы, якую забіваюць электратокам, сьвіньні на падворку, якую гукаюць, каб закалоць, драўлянай калоды, у якую з усяго маху заходзіць тапор.

Вызнаўцы гэтага міту жывуць у дзіўным вычварным сьвеце, які канструюецца іх уласнай пазагістарычнай сьвядомасьцю. Гэтая сьвядомасьць апэлюе не да рэальнага гістарычнага чалавека, а да бесьцялесных фантомаў — жывапісных жанчынак у хвартушкох і мужчынак у кажушкох. У кожным разе, беларускае грамадзтва канца XX ст. і прысутныя ў ім сацыяльныя групы застаюцца па-за ўвагай.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0