Сямён Шарэцкі:
Сілаю можа вырашаць толькі народ

 

Мы папрасілі старшыню Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Сямёна Шарэцкага пракамэнтаваць апошнія інтэграцыйныя ініцыятывы.

 

Патугі да інтэграцыі — гэта шавіністычная палітыка, якую Расея зь сярэднявечча праводзіць да Беларусі. Што тычыцца беларускага боку, дык Лукашэнка з самага пачатку свайго кіраваньня імкнуўся стварыць новую імпэрыю. Таму ён ніколі ня будзе займацца Беларусяй, каб тут палепшыць справы. Ніводны дыктатар ніколі не намагаўся стварыць прыймальнае грамадзтва ў сваёй краіне, каб эканоміка забясьпечвала патрэбы людзей.

На жаль, людзі ня бачаць небясьпекі. Ня бачаць, што будзе зь беларусамі, калі Беларусь зьнікне як дзяржава. Эканамічна інтэграцыя таксама нічога не палепшыць. Той крызыс, які ў Расеі сёньня, ня зьнікне ад таго, што Беларусь далучыцца да Расеі. Наадварот, ён толькі паглыбіцца, і зьявяцца новыя праблемы нацыянальнага характару. Я пытаюся: няўжо Расеі мала аднаго Каўказу? Няўжо кіраўнікі Расейскай Фэдэрацыі ня ведаюць, што адбывалася пасьля далучэньня Беларусі да Расейскай імпэрыі? Гісторыя беларускага народа — гэта гісторыя пэрыядычных войнаў за незалежнасьць. Калі беларусы будуць далучаныя да Расейскай імперыі, яны ж ніколі з гэтым ня зьмірацца і заўсёды будуць весьці барацьбу за незалежнасьць. Але я думаю, што розум возьме верх. Людзі павінны бачыць, што ў сьвеце йдзе зусім іншая тэндэнцыя — дэмакратызацыі грамадзтва. І пры гэтым ня толькі кожны чалавек патрабуе большых правоў, але й кожны народ хоча быць самастойным ды мець сваю дзяржаву. Толькі дзяржаўнасьць дазваляе народу рэалізаваць усе свае нацыянальныя ймкненьні і выкарыстаць свае правы. Таму, калі хто хоча далучыць Беларусь да Расеі, ён выступае супраць законаў разьвіцьця сусьветнай гісторыі.

Што тычыцца рэальных крокаў, якія можна рабіць у сёньняшняй сытуацыі, дык тут усе будзе залежаць ад беларускага народа ды міжнароднай супольнасьці. Сілаю можа вырашаць пытаньні толькі народ.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0