«Жыватрапечачая» тэма

Антыпольскасьць, як частка антызаходняй рыторыкі ў роце цяперашняга беларускага рэжыму — толькі працяг рэанімацыі бальшавіцкае спадчыны. Усё пачалося з воклічу Тухачэўскага ў Менску ў 1919-м: «Байцы! На сваіх штыкох мы нясем народам Эўропы свабоду і мір! На Варшаву! На Бэрлін!» Сацыяліст Пілсудзкі гэтае ініцыятывы не ўхваліў, бальшавіцкія войскі былі разьбітыя. Наступіла эпоха ўсебаковае нянавісьці да пальшчызны. Варагаваньне з палякамі стала неад’емнай часткай беларускае савецкае культуры. Нават Янка Купала ў сваім вершы «Летапіснае», да дзесяцігодьдзя БССР, пісаў:

А паляку ня сьпіцца,
З боем прэцца, як змора;
Яму панскую Польшчу
Дай «ад мора да мора».

Антыпольскасьць, памножаная на клясавы міт пра палякаў, якія нібы спрэс «паны», стала адным са стрыжняў беларускае самаідэнтыфікацыі па абодва бакі савецка-польскае мяжы. У гэтым былі салідарныя ўсе беларускія сілы, незалежна ад палітычнае афарбоўкі. Зьдзеклівае ўжываньне польскіх словаў у літаратуры стала нормаю. Напрыклад, у макаранічным вершы Якуба Коласа «Панам»:

Эх, панове, «ніц не бэндзе»:
Сапсуе пан справу «вшэндзе»,
Бо занадта пан «гаронцы»!
І ня ў польскіх інтарэсах
Зьдзек такі чыніць «на крэсах»
Нечуваны зьдзек над сонцам!

Верш сканчаецца гэтак:

Вы ня здольны жыць у згодзе —
«Мондры поляк, ды па шкодзе».

На канец 30-х прыпадае разгул расейска-савецкага шавінізму ў кінэматографе. Дастаткова згадаць кінастужкі «Аляксандар Неўскі» альбо «Мінін і Пажарскі». Немцы, татары, швэды адназначна выглядаюць паўдуркамі. Але найбольш дастаецца ўсё ж палякам. Яны і пярэваратні, і лісьліўцы, і фанфароны. Чаго варты карыкатурны вобраз князя Сапегі (вядома ж, паляк!), які на працягу фільма шматкроць пераапранаецца то ў строй польскі, то ў швэдзкі. Беларускі кінэматограф імкнуўся не адстаць. Першы ж нацыянальны фільм Юрыя Тарыча «Лясная быль», зьняты паводле аповесьці Міхася Чарота «Сьвінапас», быў таксама прысьвечаны змаганьню з палякамі...

У беларускім мастацтве тэмы савецка-польскай вайны ды антыпольскай партызанкі былі эквівалентам тэмаў грамадзянскае вайны ў мастацтве расейскім, а таму ўсебакова ўхваляліся. Напрыклад, адзін толькі сюжэт «Уступленьне Чырвонай Арміі ў Менск у 1920 годзе» скарысталі жывапісцы Зайцаў, Гусеў, Ціхановіч, Манасзон, графікі Гембіцкі, Волкаў, Мінін. Хапала і гэткіх сюжэтаў як «Раззбраеньне белапольскага атраду» альбо «Арджанікідзэ ў засадзе пад Барысавам».

Газэта «Звязда» ў рэцэнзіі на ўсебеларускую мастацкую выставу 1938 году пісала: «Барацьба з палякамі (!) ёсьць жыватрапечачай тэмаю ў беларускім мастацтве!» Проста гэтак і пісалі — барацьба нават не з панамі, а з палякамі наогул. Тым часам і ў Заходняй Беларусі, найперш у левым друку, карыкатураваньне палякаў было звычайнай справаю. Мастакі Горыд, Маразовіч, Сідаровіч распрацавалі ўстойлівую іканаграфію «палякаў»: у жупанчыках, канфэдэратках, зь бізуном ды шабелькай... Антыпольскасьць была падрыхтоўкаю да 39-га году.

Але чыя праўда ўрэшце перамагла?.. Калі сёньня з вуснаў беларускага рэжыму ды ягоных маскоўскіх памагатых чуваць пра тое, што палякі Гарадзеншчыны рыхтуюцца да тэрарызму, што паўсюль гойсаюць польскія шпіёны, што касьцёл займаецца прапагандаю, як не згадаць, чым скончыўся 39-ы год і для палякаў і для беларусаў...

Сяргей Харэўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0