Сяргей БАЛАХОНАЎ

Die modernen Sagen-3

 

Край ты, мой край...

Адзін мой знаёмы распавёў такую гісторыю. Нейкі п’яны хлопец, пацурболіўшы, зашпільваў прарэху і «маланкай» зашчапіў край нечага там. Спробы вызваліцца прычынялі толькі боль, не даючы ніякага эфэкту. Выкліканыя мэдыкі таксама бездапаможна разьвялі рукамі. Таму яны мусілі адрэзаць ад штаноў лапік з замком і адвезьці хлопца ў «першую савецкую». Тамака знайшоўся адзін кампэтэнтны спэцыяліст, які нарэшце разьвязаў гэтую праблему бяз шкоды для пацыента, што ўжо быў зьмірыўся з думкаю пра абразаньне.

Занатавана ад маладой офіс-мэнэджэркі.

 

Звычайны міліцыянт

У першым інтэрнаце Гомельскага ўнівэрсытэту жыў адзін міліцыянт, які ці не ад самага нараджэньня быў п’яным. Ня стаў выняткам і той вечар, калі ён ашалела тупаў па інтэрнацкіх калідорах, яўна нешта шукаючы. Усе пражыванцы пахаваліся па «каморах», спадзеючыся, што гэтае ліха праміне іх ціха. Раптоўна мент спыніўся насупраць аднаго пакою, і церазь нейкае імгненьне па калідоры пранеслася рэха грукату выламаных дзьвярэй. Міліцыянт увайшоў у пакой і з калгаснай непасрэднасьцю спытаў у пераляканых мяшканцаў: «Рабята, у вас заваркі не найдзёцца?»

Запісана ад студэнта-выпускніка.

 

Змова

Да аднаго заможнага хлапца прыйшла цяжарная дзяўчына, якая настойліва заяўляла, што ён бацька будучага дзіцёнка. Аднак хлопец бачыў яе ўпершыню ды ня мог прыгадаць выпадку, які ўмагчыміў бы іхнае збліжэньне. Цяжарная й сама ня здолела толкам растлумачыць калізіі. Правёўшы даражэзныя аналізы, патэнцыйны бацька высьветліў сваю прычыннасьць да справы і быў зусім зьбянтэжаны. Чыста выпадкова небарака даведаўся, што цяжарная была сяброўкаю ягонай колішняй каханкі, і запасочыў няладнае. Пасьля вялікіх разьбіраньняў выявілася: каханка, робячы хлапцу мінэт, колькі разоў не пракоўтвала семя, зьбірала яго ў шпрыц і без прамаруды аддавала сяброўцы-змоўніцы, пакуль сьпешчаны палюбоўнік ляжаў на любасным ложку.

Гэтую неверагодную гісторыю я падслухаў у гутарцы двух хлапцоў (прыблізна 15—16-гадовага веку), якія ехалі побач у аўтобусе. Сэкс, асабліва нязьведаны, заўсёды даваў падставы для фантазіяў.

 

Маўклівы легіянэр

Неяк у таварыскім коле мы завялі гаворку пра спэцназ. Амаль кожны вымаўляў сваё захапленьне прафэсійнай падрыхтаванасьцю спэцназаўцаў. І толькі самы маўклівы хлапец, які нібыта колькі гадоў быў дзесьці ў заработках, скептычна чмыхнуў: «Падумаеш, спэцназ! Вось францускі замежны легіён — іншая рэч». Пасьля чаго ён узяў нож, уваткнуў яго сабе ў нагу, зрабіў надрэз на паўсьцягна ды неўзабаве зашыў гэтую рану ніткамі, ушчэнт агаломшыўшы кампанію.

Занатавана з расповеду студэнта-выпускніка. Людзі пакутуюць ад банальнасьці вакол сябе і хочуць верыць, што бываюць побач і дзівы, і незвычайныя людзі.

 

Смага

Адзін мой сябар паведаміў нешта цікавае пра нейкую сваю знаёміцу. Будучы зусім разьняволенай у любасных справах, тая заўсёды спалучала мінэт з ужываньнем піва. Гэткі вычуд яна тлумачыла тым, што смакавыя якасьці мужчынскіх чэлесаў не саступаюць таранцы, і ёй мусова патрэбна праганяць смагу размаітымі гатункамі беларускага хмяльнога напою.

Запісана са словаў маладой прадпрымальніцы. Заўсёды, маўляў, ёсьць нехта, больш разбэшчаны за мяне. Хочацца і колецца.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0