100 твораў мастацтва ХХ ст.

 Гаўрыла Вашчанка. Жнiвень

 

Калі заходзіш у менскі Дом настаўніка і бачыш у фае вялізарнае пано «Асьветнікі» — галоўны скарб гэтае ўстановы, які мае шматкроць большую каштоўнасьць за архітэктуру самога будынка, душу ахопліваюць нечаканыя пачуцьці... Для дасьведчаных — гэта найбуйнейшы ўзор энкаўстыкі, спэцыфічнае мастацкае тэхналёгіі, карані якое ўзыходзяць яшчэ да старога Эгіпту. Зноў жа для дасьведчаных — гэта канцэптуальная рэч, у якой распаведзена пра гісторыю нашае культуры ад Скарыны да Купалы, якія нясуць скрозь вякі справу сваіх думаў і дораць яе нашчадкам. Менавіта нясуць. Фаліянты, скруткі, кніжачкі... Як вешчуны-каралі, што пабачылі зорку над Бэтлеемам, нясуць дары да ног дзіцяці. Пасярэдзіне кампазыцыі кола сьвятла — адпаведнік мандолы, у якім дзьве постаці, жанчыны-настаўніцы і хлопца. Менавіта хлопца. Цяжка абстрагавацца, каб не прымаць іх за спрадвечны біблейскі сюжэт Маці і Сына... Гэта і ёсьць аўтар беларушчыны, зроблены згодна з канонамі. Цікава, як гэткая апалягетыка нацыянальнае ідэі «прайшла» ў тыя часы? А менавіта ў 1976 годзе...

На той жа пэрыяд прыпадае, бадай, росквіт Вашчанкі як жывапісца. Безумоўна, ягоныя вітражы для Дому кіно таксама вартая ўвагі рэч. І ўжо праз чвэрць стагодзьдзя яны гледзяцца ў Чырвоным касьцёле, нібы былі тут спрадвеку. Балазе ацалелі... Уражвае таксама і калясальнае пано ў Салігорску. Аднак усё ж найлепшае створана Вашчанкам менавіта ў станкавым жывапісе. Я маю на ўвазе ня толькі «Баляду пра мужнасьць», за якую мастак атрымаў прэмію ды срэбны мэдаль у Маскве. Гэта насамрэч адметнае палатно, якое пераўзыйшло ўсё, што было папярэдне створанае ў тэме нашае партызаншчыны. Дакладней, яно вывела гэтую тэму з калідораў натуралізму й тэатралізацыі ў іншае вымярэньне. «Баляда...» Вашчанкі — гэта аповед не пра нейкую «мужнасьць», а пра гармонію беларуса й беларускага лесу. Пра нязломнасьць нашую, пакуль будзе нашай нашая зямля. Я маю на ўвазе і «Маё Палесьсе», і «Нафтавікоў Палесься», і «Мацярынскія крылы», «Верасьнёўскія туманы», «Першы сьнег» ды іншыя творы.

У эпоху манумэнталізму гэтыя работы ўпісаліся як нельга лепей. Ня гэтак непазьбежнай маштабнасьцю, як узважанасьцю думак і адсутнасьцю штучнае разьятранасьці, за якою часьцяком ягоныя калегі хавалі сваю бездапаможнасьць. Манумэнталізм Вашчанкі — у ягонай цэласнасьці, мастакоўскай і чалавечай. Можна нанава перагледзець ягоную творчую спадчыну і ня знойдзецца тут ані дэбільнае радасьці будаўнікоў камунізму, ані туманнага «эзатэрызму»... Вашчанка займаўся тым, што добра ведаў. Напрыклад, ён добра ведаў людзкое жыцьцё на родным Палесьсі. Пэўна, да гэткай дэідэалягізацыі (за выняткам нацыянальнага фундамэнталізму пано ў Доме настаўніка) спрычынілася й львоўская школа. Менавіта там у першыя паваенныя гады ўлады не сьпяшаліся «дражніць гусі», а таму атмасфэра там, поўная трывогі й тугі па незваротна страчаным, была плённай для тых, хто хацеў проста тварыць... Бадай, адтуль жа было вынесенае пачуцьцё самакаштоўнасьці ўсяго свайго, таго, чаго нікому не аддасі, але і крычаць пра што ня будзеш.

У сваіх палескіх творах мастак унікнуў этнаграфізму, штучна прытарнаванага да калгасных сюжэтаў. Зямля і людзі для Гаўрылы Вашчанкі — гэта не паказны эрзац для чужых, якім трэба яшчэ раз даводзіць сваю адметнасьць. Будзь сабою, а ўжо выключным табе быць наканавана — блізу гэткім дэвізам можна вызначыць творчыя прынцыпы жывапісца. Там, дзе ён імкнуўся да абагульненьня пэрсанальнага досьведу, тамака ж узьнікала і яснасьць. Яснасьць думкі, кампазыцыі й калярыту...

Лепшым пацьверджаньнем таму — палатно «Жнівень», напісанае ў пару найвышэйшага творчага ўздыму мастака, у 1975 годзе. Калі ў каго добры зрок, ці добрае ўяўленьне, той разгледзіць у самым версе, па цэнтры, вышэй за ўсё — чырвоную падводу, запрэжаную чырвоным канём, абрыс чалавек на тле странцыянавага пісяга — гурбы яблык. Ці гэта ўлагаднелы Ільля перуновы, ці Юры сьвяты, што такі дабіў ужо цмока? Гэтая загадкавая, напаўпрывідная постаць злучае сабою, нібы замковы камень выгбу брамы, усю кампазыцыю. На пэрсанажы з падводаю сыходзяцца простыя лініі абсечанага трохкутніка, лініі Саду. Сам Сад, бязьмежны й ўсеабдымны, нібы мадэль самога яблыка, убірае ў сябе сокі жыцьця, а косткаю, стрыжнем ягоным, ёсьць чалавек. Трохкутнік паўтораны наўмысна яшчэ раз пірамідаю яблыкаў на другім пляне. А на першым — Яна. Ці ня Ева з плодам? Не. Тут няма ні граху, ні спакусы. Тут шчодры й шчыры дар. І толькі... Аднак ад Эдэму тутака ўсё ж багата: распахнутая Брама (няхай сабе і адрыны), пры ёй дзьве жанчыны ў сьветлым, нібы анёлы, і водар, гэткі незямны, загуслы й сьвежы, у бліскавіцах залатых, пунсовых й зяленкавых пісягоў.

«Жнівень» Вашчанкі адразу быў ацэнены высока, як і ўся ягоная тагачасная творчасьць. Гэтая карціна патрапіла ў хрэстаматыі, альбомы, часопісы. Хто мог прадбачыць, што гэты твор загучыць гэтак драматычна сёньня, калі родныя мясьціны мастака густа зацярушаны чарнобыльскім попелам. Гэх, які быў там Сад...

Сяргей Харэўскі


 

Гаўрыла Вашчанка (1928, вёска Чыкалавічы, Брагіншчына) жывапісец, пэдагог.

Вучыўся ў Львоўскім інстытуце ўжытковага й дэкаратыўнага мастацтва, які скончыў у 1955 годзе. Выкладаў у Кішынёўскай мастацкай вучэльні да 1960. З 1961 году выкладае ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце, дзе ў 1980 і стаў прафэсарам. Народны мастак Беларусі.

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0