Вадзім КАРЦАЎ

Палітыка, гарэлка, піва

 

У палітыцы й журналістыцы існуе багата тэмаў, якія дастаткова толькі закрануць, каб выклікаць рэзананс у аўдыторыі.

Напрыклад, завядзіце ў поўным аўтобусе гаворку пра бяздомных ці, як кажуць, бамжоў. Хвілін праз колькі ці ня ўсе пасажыры выкажуць сваё стаўленьне да гэтых няшчасных. Хтосьці будзе спачуваць цяжкому лёсу ды апраўдваць іх, хтосьці — асуджаць і называць лайдакамі. Прычым, ці першых, ці другіх будзе абавязкова болей. І вы, счакаўшы й правільна адчуўшы кан’юнктуру настрояў, можаце адным трапным сказам зрабіць сябе папулярным сярод большасьці ў гэтым аўтобусным салёне.

Такім чынам, уменьне абазначыць праблему, стварыць вакол яе рэзананс ды сабраць у гэтай гульні балы — гэта тэхніка папулярызацыі. Пры гэтым чым прасьцейшае пытаньне, тым лягчэйшы выйгрыш.

Папулярнымі імкнуцца быць палітыкі на ўсім сьвеце. Тэхналёгіі «раскруткі» вельмі простыя па сутнасьці і ў залежнасьці ад наяўнасьці грошай у заказчыка адрозьніваюцца толькі маштабам ужываньня: дом, выбарчая акруга, горад, краіна.

Прынцып усё той жа: стаў пытаньне і, счакаўшы, адказвай на яго.

Сацыяльныя праблемы, на якіх традыцыйна будуюць свае кампаніі й кандыдаты ў гарадзкія рады й кандыдаты ў прэзыдэнты — вядомыя. Ці ня поўны іхны пералік можна скласьці, падняўшы падшыўку тэлевізійнай праграмы за год-два і глянуўшы тэмы якіх-небудзь ток-шоў.

Адна з гэткіх тэмаў-праблемаў — алькагалізм.

Спыніце на вуліцы мінака ды спытайцеся наўскідку: якое ліха з найгоршых пануе сярод нашага люду? З чым трэба змагацца палітыку на шляху да ўлады? Думаецца, што пераважаць адказы менавіта пра алькагалізм.

Дзеці веку 14—16 гадоў, з прыстойных нават сем’яў, ці не пагалоўна каштавалі гарэлку, а нехта й пасьпеў добра папрывыкнуць.

Палову хлапцоў, што прайшлі войска ці інстытуты, можна сьмела ставіць на ўлік да нарколяга. Не адстаў ад іх і жаночы пол.

Дні народзінаў, вясельлі, хрысьціны, улазіны, хрысьціянскія й сьвецкія сьвяты, проста ўікэнды праходзяць цяпер паводле аднаго жахлівага сцэнару — упіцца ды імправізаваць у рамках стандартнага набору дзеяў: разборкі з пабітымі насамі (а то й з панажоўкаю); жывёльнае спароўваньне па кутах; хуліганскія рэйды па вуліцах; бязглуздыя размовы «за жысьць» з плёткамі, скаргамі на «свайго» ці «сваю», на цешчу, начальніка, з нараканьнямі на лёс.

Назаўтра — «адхадняк» ды абмяркоўваньне: хто званітаваў, а хто «малайцом».

Усе ведаюць, што алькаголь псуе гены, але ўсе п’юць. Ідыётаў стала гэтак багата, што іх можна бачыць паўсюль: нат на вяршыні ўладнага дрэва.

Нашая пэрспэктыва, калі не спыніцца, — стаць краінаю дурняў без двукосься.

Але ж во нешта не чутно, каб хаця хто гучна ўзьняў тую праблему.

Прычынаў маўчаньня можа быць тры.

Першая — няўдалы прыклад Гарбачова. Той не разумеў, што алькаголь — гэта кроў савецкай эканомікі і выступіў супраць яго татальна: ад масавай агітацыі і ня меней масавых звальненьняў з працы бедных п’янчукоў да закрыцьця піўзаводу ў Барысаве.

Другая прычына ў тым, што нашыя палітыкі, па вялікім рахунку, уласнай папулярызацыяй і не займаюцца, з пагардай і ганарлівасьцю адкідваючы гэтую працу «папулістам». А самі тым часам думаюць, як спыніць акупацыю, адрадзіць нацыю... Думаецца, яшчэ якіх гадоў 50, і можна будзе не хвалявацца за нацыю: «Пі, і д’ябал цябе давядзе да канца!»

І трэцяя прычына, баюся што праўдзівая, у тым, што большасьць нашых лідэраў — самі ледзь прыхаваныя алькаголікі і, натуральна, ня могуць шчыра выступаць супраць таго, на што слабыя. Прынамсі, у БНФ я прыгадваю толькі трох дзеячоў, якія ня п’юць: Пазьняк, Вячорка й Севярынец. Дык вось яны й кіруюць Фронтам: чым ня прыклад зваротнай залежнасьці кар’ернага росту ад колькасьці ўжытага сьпірытусу?

Барацьба з алькагалізмам — вось беларускі палітычны Кландайк.

Палітыкам тут нават ня трэба ўглядацца ў корань зьявы й разважаць пра глябальныя дывэрсіі супраць народу, можна элемэнтарна абурыцца нізкім коштам «вогненнай вады». На дурніцу й соль салодкая. Калі кошт бутэлькі пойла роўны кошту шакалядкі, падлетак выкладзе свае кішэнныя грошы на пойла, бо шакалядкі яго ўжо не «бяруць».

Алькагольныя напоі, асабліва моцныя, мусілі б каштаваць дорага: ня меней як сярэдні па краіне дзённы заробак за бутэльку, а ў нас трывожнай навіной на першых палосах свабоднай прэсы ідзе інфармацыя пра ўздаражэньне гарэлкі з 50 да 55 цэнтаў.

А каб не заквітнелі самагоншчыкі, калі купіць гарэлку камусьці будзе не па кішэні, культ 40-градуснай трэба — ужо што ў Беларусі лягчэй? — замяніць культам піва, напою здаровых людзей, спрадвечна беларускага пітва.

Ад піва яшчэ ніхто не памёр. Стагодзьдзямі цэлыя народы на ўсім сьвеце ўжываюць піва ў вялікіх колькасьцях і не дэградуюць, што сьведчыць пра бясьпеку й несумненную перавагу гэтага напою перад вынаходніцтвам вялікага расейскага вучонага-хіміка.

Прапаганда піва — залатая жыла ў справе здабыцьця народнай папулярнасьці.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0