Аляксандар Лукашук

Загадка «В.Ш.»

 

Ён хадзіў па вуліцах Парыжа, вучыўся ў Сарбоне, пасьля ў Бэльгіі, у Лювэнскім унівэрсытэце. Перад гэтым у ягоным жыцьці была Прага, а таксама Рым. Усюды побач зь ім была Беларусь: у Францыі ён стварыў згуртаваньне беларускай моладзі і выдаваў газэту, у Бэльгіі разам зь беларускай грамадой сьпяваў у знакамітым хоры.

Але яму не хапала Беларусі, і апошняй сталіцай, якую ён пабачыў у сваім жыцьці, стаў Менск. Яго правезьлі па вуліцах гораду, па праспэкце Сталіна, у раён трактарнага і аўтазаводаў – паказаць, як адбудоўваецца сталіца пасьля вайны. Дзьверы легкавіка былі заблякаваныя, і побач зь ім сядзеў ягоны сьледчы — падпалкоўнік МГБ.

Ён апусьціўся на беларускую зямлю зь неба на амэрыканскім парашуце. Год у лясох Вялейшчыны дзейнічала ягоная група. Яго арыштавалі праз здраду. Невядома, колькі разоў сьпяваў пры гэтым певень – але напэўна сьпяваў, які ж сялянскі падворак у Беларусі бязь пеўня.

Толькі за першы месяц яго пратрымалі на допытах больш за дзьвесьце гадзінаў. Лепшыя крыптолягі менскага КГБ ламалі галовы над загадкавым запісам у ягоным лісьце: «У горадзе в.ш. войска». Імя якога гораду зашыфраванае ў «в.ш.»? Дзе ён, гэты загадкавы горад? Што дакладаць у Маскву? Чаму арыштаваны так сумна ўсьміхаецца ў адказ на гэтае пытаньне?

Ён не знайшоў тую Беларусь, якую шукаў: горш за здраду ўражвала тое, што самы просты скарот «вельмі шмат» не разумелі ў той краіне. Але, магчыма, у гэтым палягала надзея: ягоная Беларусь, як таямнічая крэпасьць, заставалася недаступнай чужынцам і бараніла сябе праз мову.

Яго расстралялі ў дзень сьмерці Сталіна. Дакладней, Сталін сканаў у дзень, калі адляцела на неба душа Янкі Філістовіча.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0