Захад зьмяняе тактыку

 

Краіны Заходняй Эўропы і ЗША, якія не прызналі вы-нікаў рэфэрэндуму 1996 году, зьменаў у Канстытуцыі і працягу прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў А.Лукашэнкі пасьля 20-га ліпеня, таксама стаяць перад пытаньнем — а што далей? Сёньня адказ на гэтае пытаньне шукае Рабочая Група Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ па Беларусі на чале са спадаром Адрыянам Севярынам.

 

Паводле лёгікі непрызнаньня, Захад мусіў бы ўжо 21-га ліпеня адклікаць зь Беларусі сваіх паслоў, увесьці супраць нашай краіны эканамічныя санкцыі і стварыць для Беларусі становішча поўнай міжнароднай ізаляцыі. Але да чаго б гэта ўсё прывяло? Да таго, што ў Беларусі засталося б толькі адно пасольства адной вядома якой краіны? Да таго, што беларуская эканоміка стала б не на 90, а на 100 працэнтаў залежаць толькі ад Расеі? Да таго, да чаго прывяла ізаляцыя ў Югаславіі — гэта значыць, да ўзмацненьня дыктатуры Мілошавіча і ўрэшце — да вайны?

Аднак самая галоўная прычына, чаму ня можа быць працягнутая лёгіка непрызнаньня, у тым, што рэальная ўлада над намі застаецца ў руках нелегітымнага прэзыдэнта, а апазыцыя не дастаткова моцная, каб пераняць уладу або хоць бы стварыць сытуацыю двоеўладзьдзя. У такім становішчы Захад прагматычна зьмяняе сваю тактыку. Лукашэнка не легітымны прэзыдэнт, але рэальны правіцель, — разважаюць яны. — І мы пачынаем размаўляць зь ім, як з рэальным правіцелем, чаго раней не рабілі. Новая тактыка складаецца з малых крокаў — з дыпляматычнае «мікрахірургіі», празь якую Захад спадзяецца аднавіць у Беларусі сыстэму грамадзкіх узаемадачыненьняў, уласьцівую для дэмакратычных краінаў. Тэма для дыялёгу з А.Лукашэнкам — парлямэнцкія выбары 2000 году.

Сп. Севярын лічыць, што гэта найбольш прыймальны першы крок для дэмакратызацыі ў Беларусі. Калі ўдасца ўгаварыць А.Лукашэнку правесьці такія выбары паводле стандартаў АБСЭ, гэта значыць, з роўным доступам усіх кандыдатаў у электронныя СМІ, тады прадстаўнікі апазыцыі непазьбежна апынуцца ў рэальным палітычным працэсе, а ня толькі на вулічным мітынгу, якім сёньня іхныя магчымасьці і абмежаваныя. З гэтага пачнецца перагляд заканадаўства, падагнанага сёньня пад адну асобу, на гэтым скончыцца аўтарытарная мадэль Беларускае дзяржавы.

На сустрэчы ў мінулы чацьвер сп. Севярын прадставіў А.Лукашэнку рэзалюцыю пра становішча ў Беларусі, якую 10-га чэрвеня прыняла Парлямэнцкая Асамблея АБСЭ у Санкт-Пецярбургу. Там да роўнага ўдзелу на радыё і тэлебачаньні ўсіх кандыдатаў адзінагалосна заклікалі парлямэнтары ўсіх 54-х краінаў, у тым ліку і Расеі. А.Лукашэнка быў «очань благадаран» сп. Севярыну за «тую работу ў рамках кансультацыяў па правядзеньні свабодных і справядлівых парлямэнцкіх выбараў 2000 году». Зразумела чаму. Спадзевы на Крэмаль праваліліся, дачыненьні з Расеяй ня ладзяцца, легітымнасьць сканчаецца... А тут — самі заходнія паслы — з прапановамі. Ды я вам сто выбараў правяду, і самых свабодных, і самых справядлівых. Толькі ня сёньня, пасьля калі-небудзь, у 2000-м. А апазыцыю на тэлебачаньне пусьціць — не ў маёй кампэтэнцыі. У нас свабода слова, і кіраўнік дзяржавы ня можа ціснуць на СМІ...

Тактыка малых крокаў з боку Захаду сустрэлася з тактыкай вялікай хлусьні з боку пакуль яшчэ прэзыдэнта РБ. Сп. Севярын папрасіў ня спытваць у яго прагнозаў. Я бягун, маўляў, мая задача прыбегчы першым. Хоць і малымі крокамі. А не прагназаваць вынік.

Такім чынам, Захад пачаў перамовы з А.Лукашэнкам, які пасьля 20-га будзе ўжо не прэзыдэнтам, а правіцелем. І гэта ўвогуле слушна. Ну не пасылаць жа натаўскія бамбавікі, каб змусілі А.Лукашэнку сысьці, саступіўшы месца сп. Шарэцкаму. Ня змусяць. Толькі народ, зьяднаны вакол моцнай апазыцыі, можа змусіць. А ні першага, ні другога ў нас пакуль што няма.

Сяргей Паўлоўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0