Андрэй СКУРКО

Беларусы прагнуць навукі

Больш за 30% абітурыентаў сёлета выбралі беларускую дыктоўку

 

Лета — час уступных іспытаў у навучальныя ўстановы, паступленьняў і правалаў. Мы зрабілі невялікае дасьледаваньне ў менскіх унівэрсытэтах, каб паспрабаваць прасачыць некаторыя тэндэнцыі. У прыватнасьці, нас цікавіла праблема «моўнае арыентацыі» абітурыентаў, якія вось ужо чацьверты год, як маюць права выбіраць між расейскай і беларускай мовамі.

Так, у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце абітурыенты, што абралі ў якасьці пісьмовага экзамэну беларускую мову і літаратуру, складаюць трэцюю частку ад агульнае колькасьці (2050 з 6350-ці). Асаблівай «беларускамоўнасьцю» вызначаюцца прыродазнаўчыя спэцыяльнасьці (геаграфія, біялёгія і г.д.). Найпрэстыжнымі ў БДУ сталіся сёлета «інфармацыя і камунікацыя» (конкурс складае 6,07 заяваў на месца) і «міжнароднае права» (5,85 заяваў на месца). Што тычыцца агульнае колькасьці абітурыентаў, то іх сёлета крыху менш, чым летась (мінулы год быў рэкордным для ўнівэрсытэту па колькасьці пададзеных заяваў — конкурс склаў 3,3, тады як зараз ён 3,08).

У Беларускай дзяржаўнай політэхнічнай акадэміі агульны конкурс амаль гэткі самы, як летась. Найбольшая колькасьць заяваў пададзеная на спэцыяльнасьці «эканоміка і прававое забесьпячэньне гаспадарчае дзейнасьці» (4,87 на месца), а таксама «бухгальтарскі ўлік, аналіз і аўдыт» (4,75 на месца). А вось адсотак абітурыентаў, што выбіраюць беларускую мову ў якасьці пісьмовага іспыту, штогод зьмяншаецца — сёлета яны складаюць толькі чвэрць ад агульнае колькасьці, тады як мінулым годам было 30%, а ў 1995-м — увогуле 70%.

У Акадэмію міліцыі ў гэтым годзе пададзена прыкладна на 100 заяваў менш, чым летась, аднак конкурс узрос, бо набор меншы, чым раней. Самым папулярным стаўся профіль крымінальнае міліцыі, які па колькасьці пададзеных заяваў абагнаў нават сьледча-экспэртны профіль, што раней займаў першыя пазыцыі. Суадносіны «расейскамоўных» і «беларускамоўных» сярод будучых афіцэраў — 70 да 30-ці (каля 520-ці абітурыентаў абралі расейскую мову і каля 220-ці — беларускую). Асобную праблему дадзенай навучальнай установы складаюць жанчыны-курсанткі, асабліва сёлета, калі ім дазволена вольна паступаць у Акадэмію (раней дзяўчына магла вучыцца тут толькі ў тым выпадку, калі хтосьці зь яе сямейнікаў загінуў або атрымаў калецтва пад час працы ў органах МУС). У сувязі з надзвычайнай колькасьцю дзявочых заяваў кіраўніцтва Акадэміі нават вымушанае было хадайнічаць аб павелічэньні верхняе планкі набору «асобаў жаночага полу» (існуе строгая рэглямэнтацыя колькасьці дзяўчын-курсантак — ня больш за 7%, то бок 24 дзяўчыны ў гэтым годзе).

Цікава, што ў Беларускім дзяржаўным тэхналягічным унівэрсытэце таксама існуюць негалосныя абмежаваньні паводле полавай прыналежнасьці. Перш за ўсё гэта тычыцца спэцыяльнасьцяў, зьвязаных са шкоднымі галінамі прамысловасьці, дзе праца жанчын, у прынцыпе, забароненая (а навучаньне — зразумела ж, не), аднак, паколькі такія абмежаваньні Міністэрствам адукацыі нерэглямэнтаваныя, адзіным сродкам уплыву на дзявочую рашучасьць зьяўляецца гутарка. Што тычыцца колькасьці заяваў наогул, дык іх сёлета на 350 больш, чым летась (конкурс складае 2,3 на месца). Найпрэстыжнымі ў гэтым годзе зьяўляюцца такія спэцыяльнасьці як «эканоміка і кіраваньне прадпрыемствам», «бухгальтарскі ўлік і аўдыт» і «выдавецкая справа». Новая, сёлета адкрытая спэцыяльнасьць, «прафэсійнае навучаньне», што будзе рыхтаваць інжынэраў-пэдагогаў, вялікае папулярнасьці пакуль што не атрымала — магчыма, з-за адсутнасьці рэклямы. Паводле няпэўных папярэдніх зьвестак (іспыты ў БДТУ толькі пачаліся) беларускую мову абралі каля трэці абітурыентаў.

Адзінай навучальнай установай, з усіх наведаных, дзе «беларускамоўныя» абітурыенты ў невялікай большасьці, зьяўляецца Менскі мэдычны інстытут. Залежыць гэта, мабыць, ад пазыцыі прыёмнай камісіі. Конкурс жа ў мэдінстытуце большае год ад году.

У Лінгвістычным унівэрсытэце на белмове летась пісалі 48% абітурыентаў, але ў гэтым годзе пакуль зьвестак няма.

Тэндэнцыі відавочныя і красамоўныя. Думаецца, што выбар мовы залежыць яшчэ й ад таго, наколькі лягічныя тэксты на той ці іншай мове прапануюцца. Летась беларуская дыктоўка моцна здыскрэдытавала сябе: Міністэрства адукацыі дало тэкст зь Якуба Коласа і напісала ў тэксьце, якім кіраваліся для праверкі прыёмныя камісіі, часьціцу «не» зь нейкім дзеепрыметнікам разам, тады як у акадэмічным зборы твораў Колас яе піша асобна. Выйшла шмат блытаніны. Хто з абітурыентаў напісаў асобна, таму спачатку залічылі ў памылку, тады яны папрыносілі зборы твораў і падалі апэляцыі, і тыя апэляцыі мусілі задаволіць. Усім гэта каштавала шмат нэрваў.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0