Міф пра незаменнасьць кіраўніка

Тэлевізар

 

Міф пра незаменнасьць А.Лукашэнкі на пасадзе кіраўніка краіны ствараўся ўсе гэтыя пяць гадоў. Вынік — у сёньняшніх сацыялягічных апытаньнях, дзе 45 працэнтаў і сёньня галасавалі б за Лукашэнку, зь іх працэнтаў 20 — таму, што лепшага (іншага) усё роўна няма. Між тым, гэта толькі міф, і ягонае станаўленьне зьвязанае зь дзьвюма прычынамі:

1. Узурпацыя А.Лукашэнкам электронных СМІ. Дзе яшчэ можна пабачыць і пачуць патэнцыйных канкурэнтаў, як ня ў радыё і тэлебачаньні? У незалежнай прэсе? Але яе эфэктыўнасьць у сто разоў ніжэйшая за ТБ, дзе на дзень часу Лукашэнкі прыходзіцца нуль часу канкурэнтаў.

2. Бачачы марнасьць высілкаў і вузкасьць свайго інфармацыйнага поля, апазыцыйныя партыі перасталі сур’ёзна «раскручваць» сваіх кандыдатаў. Такая праца проста не вядзецца.

1. Ці ёсьць у А.Лукашэнкі рэальныя канкурэнты?

2. Што трэба зрабіць прэтэндэнтам на пасаду прэзыдэнта, каб перамагчы на выбарах?

3. Што б Вы зрабілі ў першую чаргу, калі б сталі прэзыдэнтам Беларусі?

 

Сяргей АНТОНЧЫК,
лідэр рабочага руху:

1. Такія канкурэнты ёсьць: у Беларусі ж, калі не памыляюся, дзесьці 2300 калгасаў і саўгасаў, чые старшыні маглі б паспаборнічаць з Лукашэнкам, бо ўзровень у іх аднолькавы зь ім. Калі ж гаварыць сур’ёзна, дык у нас насамрэч ёсьць дзясяткі вельмі добрых арганізатараў, кіраўнікоў буйных прадпрыемстваў нацыянальнага ўзроўню. У рэспубліцы шмат дастаткова вядомых палітыкаў, нават кіраўнік прафсаюзу — любога: рэгіянальнага, афіцыйнага, незалежнага — будзе лепшы за Лукашэнку. Да таго ж, у нас багата людзей «незасьвечаных»: разумных, здольных, адказных. Я паўтаруся: любы чалавек будзе лепшы за яго, бо ніхто ня будзе сварыцца з усімі суседзямі, парушаць эканамічныя, палітычныя законы так, як гэта робіць Лукашэнка.

2. Трэба выйсьці на тэлебачаньне, выступаць празь іншыя СМІ. І неабходна мець вельмі моцную каманду прафэсіяналаў. Узяць, напрыклад, Валэнсу. У яго ж усяго 8 класаў адукацыі, і вялікую ролю ў яго абраньні адыграла каманда. Думаю, наступнага прэзыдэнта вылучыць лібэральная намэнклятура. Такімі рэальнымі прэтэндэнтамі на пасаду Прэзыдэнта зьяўляюцца сёньня Чыгір, Лявонаў. Карацей, хто-небудзь з намэнклятуры, бо краіна ж савецкая і народ не падтрымае крайнюю дэмакратычную апазыцыю.

3. Гэта пытаньне з галіны фантастыкі. Калі ж гэта сабе ўявіць, дык, у першую чаргу, я б перапыніў рэпрэсіі, што чыніць Лукашэнка, і ўзбудзіў бы крымінальныя справы супраць кожнага, хто парушаў закон, седзячы ў дзяржаўным крэсьле. А ў сфэры эканомікі няма чаго выдумляць, у нас ёсьць добрыя прыклады разьвіцьця нашых суседзяў: Польшчы, Літвы, Латвіі. Асноўнае — гэта палітычная і эканамічная скіраванасьць на Захад.

 

Станіслаў БАГДАНКЕВІЧ,
лідэр Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі:

1. Я заўжды казаў, што думка аб тым, нібы 10-мільённы народ спарадзіў толькі аднаго геніяльнага палітыка — поўнае глупства. Патэнцыял беларусаў вельмі вялікі. Прычынай жа наяўнай нястачы рэальных канкурэнтаў Лукашэнку зьяўляецца адсутнасьць доступу да СМІ, магчымасьці сустрэчаў з рабочымі, студэнцкай моладзьдзю і г.д. Лідэраў-прафэсіяналаў у нас шмат, хіба толькі бракуе лідэра экстрэмальнага, лідэра вуліцы. Людзей, здольных кіраваць, аналізаваць, прыймаць рашэньні, у нас больш, чым дастаткова. У нашай партыі, да прыкладу, 6 экс-міністраў. Чым яны не рэальныя кандыдаты і канкурэнты Лукашэнку? Справа палягае ў тым, што адзін грае ў шахматы як інтэлектуал, а другі бярэ дошку і б’е ёю свайго праціўніка па галаве.

2. Па-першае, трэба стварыць нармальнае заканадаўства аб выбарах, паводле эўрастандартаў, а каб выключыць магчымасьць фальсыфікацыі, трэба, каб апазыцыя магла кантраляваць выбарчы працэс на ўсіх узроўнях, каб былі незалежныя назіральнікі на ўсіх участках. Ну і, ведама, неабходна забясьпечыць доступ да ўсіх сродкаў масавае інфармацыі ў роўным памеры для ўсіх кандыдатаў.

3. Самае першае — забясьпечыў бы поўную свабоду інфармацыі для насельніцтва, каб дапамагчы народу структурызавацца, вызначыцца ў сваіх палітычных поглядах.

Да таго ж, я б зрабіў рэальнай вярхоўнасьць закону, аднавіў бы выбарнасьць мясцовых органаў улады, мэраў гарадоў, у прыватнасьці, правёў бы дэмакратычныя зьмены, разьвіваў бы культуру. Абавязкова б вярнуў нацыянальнай мове ейнае пачэснае месца. Ну, і галоўнае — стварэньне эфэктыўнай лібэральна-рынкавай эканомікі, пры якой бы чыноўнікі мелі б мінімум улады, а дзяржава выконвала 4 функцыі: гарантавала б пражыцьцёвы мінімум, права на атрыманьне мэдычнай дапамогі, адукацыі і пэнсіяў.

 

Вінцук ВЯЧОРКА,
лідэр Народнага Фронту:

1. Канкурэнтаў колькі заўгодна, чалавек пяць-сем, прынамсі, я магу назваць. І рэальнымі яны стануцца тады, калі будзе існаваць рэальная інфармацыйная прастора.

2. Па-першае, трэба стаць вядомым праз учынкі, а па-другое — праз сродкі масавай інфармацыі.

3. Я б адразу адмяніў сам інстытут прэзыдэнцтва і зрабіў бы Беларусь парлямэнцкай рэспублікай.

 

Віктар ІВАШКЕВІЧ,
лідэр Свабодных прафсаюзаў

1. Канкурэнтаў Лукашэнку ў Беларусі вельмі шмат, хоць адбаўляй. Прынамсі, тых, якія сябе лічаць такімі і аб гэтым заяўляюць на кожным кроку. А рэальных канкурэнтаў у барацьбе за пасаду Прэзыдэнта няма, таму што не існуе яшчэ рэальнай сытуацыі выбараў.

2. Галоўнае — максымальна ўдзельнічаць у заваяваньні ўплыву сярод выбаршчыкаў. Можа здарыцца, што нашмат мацнейшым будзе той, хто зараз рыхтуе страйкі, чым тыя, хто вядзе бясплённыя перамовы з заходнімі дыпляматамі і палітыкамі.

3. Па-першае, вярну краіне ейны сапраўдны сьцяг і герб, бо гэта абавязковыя мэтафізычныя ўмовы посьпеху. Усё ж астатняе — справа тактыкі. Я асабіста не вылучаўся як кандыдат на пасаду, а мае далейшыя дзеяньні залежаць ад той сытуацыі, што складзецца напярэдадні выбараў. Магчыма такое, што некалькі палітыкаў, якія спрачаюцца зараз паміж сабою, хто зь іх лепшы, падтрымаюць некага трэцяга, які б іх задавальняў як галава краіны. Аднак усе гэтыя перастаноўкі сярод кандыдатаў яшчэ наперадзе.

 

Сяргей КАЛЯКІН,
старшыня Партыі Камуністаў Беларускай:

1. Канкурэнтаў вельмі шмат. Калі ў іх будзе вольны доступ да СМІ, празь якія яны змогуць давесьці народу, да чаго давёў Лукашэнка краіну і якія існуюць яшчэ альтэрнатывы разьвіцьця, Лукашэнка выбары прайграе.

2. Неабходна стварыць моцную каманду палітыкаў і прагматыкаў, пайсьці да народу, каб растлумачыць сваю праграму, але зноў-ткі, трэба забясьпечыць роўны доступ да СМІ, стварыць нармальныя ўмовы для кожнага з кандыдатаў. Бяз гэтага выбары — поўная прафанацыя. Паставяць аднаго чалавека за трыбуну з паперкі чытаць, пакажуць па тэлевізіі, і народ за яго прагаласуе. А што яму застаецца рабіць?

3. Я б адразу адмяніў «дазвольную» сыстэму, калі ўсё вырашае не закон, а чыноўнік, дробны ці буйны. Ад іх рашэньня залежыць усё, і яны гэтым карыстаюцца і паразытуюць. Асноўным зьяўляецца нармальная дзейнасьць законаў.

 

Тацяна ПРОЦЬКА,
старшыня Беларускага Гэльсынскага Камітэту:

1. Ёсьць два аспэкты гэтага пытаньня. Па-першае, трэба вызначыцца, што такое Лукашэнка, хто ён. Ён чалавек, які прапагандуе рэальныя погляды на жыцьцё, свае чалавечыя погляды. Ён пазбавіў краіну закону, які зьяўляецца галоўным рэгулятывам існаваньня грамадзтва, і любы палітык, які разумее і ўсьведамляе важкасьць закону, яго функцыі, можа зрабіцца рэальным канкурэнтам Лукашэнку ў барацьбе. З другога боку, грамадзтва нашае засталося на пазыцыях дзяржаўнай уласнасьці, а ўся тая дэмакратыя, якой мы захапляемся і ставім сабе ў прыклад, заснаваная на традыцыях прыватнай уласнасьці. І таму з рэальным дэмакратычным канкурэнтам з гэтага пункту гледжаньня ў нас цяжэй. Наступнага прэзыдэнта, на маю думку, вылучыць намэнклятура, што зараз прыбліжаная да Лукашэнкі, у мінулым камуністычная. Я толькі малю Бога, каб наступнік гэты, у адрозьненьне ад Лукашэнкі, разумеў, якую вялікую каштоўнасьць уяўляе сабой нацыянальная дзяржава.

2. Галоўнае — заручыцца падтрымкай дзяржапарату, але як гэта зрабіць, я вам сказаць не магу, бо тады Лукашэнка прыме адпаведныя захады. Цяперашні Прэзыдэнт добра разумее, наколькі небясьпечныя тыя рэпрэсіі, што ён праводзіць. Трэба рабіць стаўку на магутны дырэктарскі і старшыньскі корпус, бо толькі яго прадстаўнікі здольныя сёньня на сапраўды рэвалюцыйныя дзеяньні.

3. Я б адразу вывучыла, як працуе сыстэма кіраваньня, чаго вартыя тыя ці іншыя чыноўнікі, хто зь іх лепшы, хто горшы. Я б аддзяліла збожжа ад зеліва. У філязофскім жа пляне я б вярнула беларускаму народу маральнасьць і закон, бо зараз мы жывем па-за іх межамі.

 

Юлія ЧЫГІР
адказвае за свайго зьняволенага мужа Міхаіла Чыгіра:

1. Такіх людзей шмат, але большасьць зь іх, на жаль, мала вядомая сёньня насельніцтву з прычыны адсутнасьці доступу да сродкаў масавай інфармацыі.

2. Кандыдаты на пасаду Прэзыдэнта мусяць прытрымлівацца агульнапрынятай перадвыбарчай стратэгіі: правядзеньне рэклямнай кампаніі, выступы праз СМІ, сустрэчы з выбарцамі, стварэньне моцнай каманды.

3. Міхаіл Чыгір, калі б стаўся Прэзыдэнтам, у першую чаргу правёў бы канстытуцыйную рэформу: была б абмежаваная ўлада самога кіраўніка дзяржавы, былі б перагледжаныя паўнамоцтвы кабінэту міністраў, парлямэнту, была б рэфармаваная сыстэма «вэртыкалі». У пляне эканомікі мой муж, наколькі я ведаю, добра разумее, што ў нашай складанай сытуацыі без замежнай дапамогі не абысьціся. А Захад будзе весьці дыялёг толькі з тым чалавекам, чыя фігура там вядомая з добрага боку. Міхаіл Чыгір зрабіў бы ўсё, каб стварыць такую дзяржаву, дзе можна было б нармальна жыць, працаваць яму, нам, нашым дзецям і пасьля ягонага зыходу з пасады Прэзыдэнта. Каб ягоны наступнік мог працягваць справу, пачатую ім.

Апытваў Анатоль Прасаловіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0