У сераду ў нямецкім мястэчку Гайлігендам распачалася сустрэча лідэраў краінаў «Вялікай Восемкі». Галоўная інтрыга саміту — ці ўдасца Ангеле Мэркель пераканаць Джорджа Буша змагацца супраць кліматычных зьменаў разам з астатнім сьветам. Беларусам жа цікава будзе назіраць за тым, як сябе будзе паводзіць Пуцін. І як сябе будуць паводзіць з Пуціным.

Лідэры за дротам

Ангела Мэркель спадзяецца, што сустрэча ў Гайлігендаме зробіцца знакам барацьбы за выратаваньне сусьвету ад экалягічнай катастрофы. Аднак пакуль што адзіны вобраз, які стала зьвязваецца зь сёлетняй сустрэчай — мур з дроту, за якім зьбіраюцца лідэры дзяржаваў‑волатаў. Па іншы бок муру — дэманстранты, якія жорстка б’юцца з паліцыяй. У сутычках ужо пацярпелі больш за 1000 чалавек. Размаўляючы ў Нямеччыне зь людзьмі з асяродку антыглябалістаў ды ўсялякага кшталту левых рухаў дзівуесься, наколькі яны злосныя на сваю паліцыю. Як тыя беларусы на АМОН. І сапраўды, гумовымі дручкамі нямецкія спэцназаўцы працуюць так сама энэргічна, як і нашыя. Праўда, пры больш пільным назіраньні, заўважныя адрозьненьні. Пакуль справа не даходзіць да сутычак, нямецкія паліцыянты — надзвычай цярплівыя ды ветлівыя, рахмана зносяць такія кпіны, за якія ў Беларусі ўжо даўно паклалі б тварам на асфальт. А што да дэманстрантаў, то тут нямецкім паліцыянтам не пашанцавала: у адрозьненьне ад Беларусі, закідваньне паліцыі камянямі на Захадзе — хутчэй правіла, чым выключэньне.

Разам з тым у стане антыглябалістаў вымалёўваецца канфлікт. Сур’ёзная, рацыянальная частка руху ўсё больш схільная ад эмоцыяў пераходзіць да аналізу і канкрэтных прапановаў па паляпшэньні сітуацыі ў глябалізаваным сьвеце. Радыкальная частка, наадварот, усё больш схіляецца да банальнай агрэсіі, чым моцна замінае першай. Вось чаму антыглябалісцкая арганізацыя Attac, якая пакрысе высьпявае на салідную палітычную сілу, афіцыйна папрасіла прабачэньня за сутычкі.

Кадры сутычак у Нямеччыне, варта меркаваць, зробяцца хрэстаматыйнымі для беларускіх прапагандысцкіх перадачаў пра «іх норавы». Вось вам, маўляў, заходняя дэмакратыя!

Афрыка ды клімат

З набалелых сусьветных праблемаў на саміце будуць абмяркоўваць змаганьне са зьменамі клімату ды афрыканскія праблемы. Што да клімату, дык інтрыга ў тым, каб вызначыць, што будзе пасьля сканчэньня дзеяньня Кіёцкага пратаколу. Ці здолеюць індустрыйныя гіганты выпрацаваць адзіную экалягічную палітыку? Ці наадварот — будуць змагацца за зьмяншэньне выкідаў у атмасфэру паасобку?

Хранічныя праблемы Афрыкі, як заўжды, не даюць спакою вялікім краінам. Ці трэба дараваць афрыканскім краінам іх запазычанасьць? Ці трэба ўвогуле дапамагаць Афрыцы, і як? Прынамсі, фігуруе лічба дапамогі ў 50 млрд даляраў да 2010 г. Пытаньне ў тым, наколькі эфэктыўна тая дапамога будзе выкарыстоўвацца — пакуль што яна спрыяе ў тым ліку і карупцыі ды ўтрыманскім настроям сярод афрыканскіх урадаў, не даючы выразнага плёну (ад 60‑х гадоў у Афрыку ўжо накіравалі 500 млрд. даляраў).

Прэтэнзіі Расеі

Словазлучэньне «Вялікая Сямёрка» ўжо ператварылася ў гістарызм. Але ж зусім нядаўна —у 90‑я — Расею запрасілі да ўдзелу ў «вялікай сямёрцы» ўсяго толькі ў якасьці назіральніцы. Гэта была сваеасаблівая палітычная даніна павагі, калі не сказаць міласьціна экс‑супердзяржаве. А таксама своеасаблівая мера перасьцярогі — СССР зьнік, але Расея захавала патэнцыял да стварэньня канфлікту з краінамі‑прадстаўніцамі «залатога мільярду».

І што адбылося? «Сямерка» ня толькі ператварылася ў «восемку», а ўжо Пуцін летась прымаў гасьцей у сваёй радзіме ў Санкт‑Пецярбургу, усяляк прэзэнтуючы Расею як адноўленую супэрдзяржаву. Мера перасьцярогі не спрацавала — РФ трывала атабарылася ў «Восемцы», у той самы час як яе канфліктны патэнцыял працягвае імкліва расьці.

«Халодная вайна скончаная», — заявіў Буш, выступаючы ў Празе напярэдадні саміту. Так амэрыканскі прэзыдэнт адрэагаваў на абурэньне Расеі разбудовай сыстэмы проціракетнай абароны. Маўляў, Крамлю няма чаго баяцца — сыстэма не накіраваная супраць Расеі. «Чаму б вам не паўдзельнічаць у ёй разам з ЗША?» — спытаўся Буш. Пуцін прытрымліваецца адваротнай думкі. У інтэрвію, якое расейскі прэзыдэнт даў журналістам краінаў «Вялікай Восемкі» ў панядзелак, ён кажа менавіта пра «халодную вайну»: «Мы, натуральна, вяртаемся да гэтых часоў». І прыгразіў перанакіраваць ракеты на Эўропу.

Пуцін усяляк жанглюе косаўскай праблемай ды стварае мэдыяскандалы вакол пабудовы амэрыканскай сыстэмы ПРА. Ён з усяе сілы правакуе Захад на рэзкія крокі. Выглядае, што перад прэзыдэнцкімі выбарамі‑2008, Крэмль зноў абвесьціць Захад галоўным ворагам. Напрошваецца думка, што мэта гэтага — апраўдаць будучыя парушэньні на выбарах, з дапамогай якіх будзе гарантаваная перамога «пераемніка». Калі Пуцін прыйшоў да ўлады на хвалі боязі ўнутранага ворага (чачэнскія тэрарысты), то гэтым выбарцам прапануюць новы аб’ект страху і нянавісьці.

Пуцін самапрэзэнтуецца на саміце як «апошні дэмакрат» пасьля Махатмы Гандзі, якому і «паразмаўляць няма з кім». Гучыць ня толькі саркастычна, але і цынічна — бо за дзеяньнямі Пуціна ніякага жаданьня «паразмаўляць» не назіраецца.

Саміт думае пра Беларусь

Было б наіўным лічыць, што Беларусі не датычацца глябальныя праблемы, якія абмяркоўваюцца на саміце. Мы так сама будзем пакутаваць ад зьмены клімату, як і рэштка сьвету. Аднак непасрэдна Беларусь цікавіць усё‑такі найперш супрацьстаяньне Буша і Пуціна, якое на сустрэчы ў Гайлігендаме праяўляецца выразна.

Гульні са зброяй у Цэнтральнай Эўропе выглядаюць непрыемна. Чым бліжэй падыходзіць сыстэма ПРА да Расеі, тым большая спакуса для Крамля зноў ператварыць Беларусь у свой ракетны пляцдарм. Натуральна, практычная карысьць ад тых ракетаў для Расеі — ніякай, бо рэальна ваяваць, натуральна, Крэмль з Захадам не зьбіраецца. Але вось зладзіць гэткае ракетнае шоў, каб яшчэ раз сьцьвердзіць сябе як «супэрдзяржаву» — магчыма. Адпаведна, Захад зацікаўлены ў тым, каб такіх шоў не адбывалася. Такім чынам, у бліжэйшай будучыні падвышаецца небясьпека таго, што Беларусь зробіцца аб’ектам маніпуляцыяў ды палітычнага гандлю паміж Захадам ды Ўсходам. Гэта, дарэчы, можа пашырыць поле гульні для беларускага рэжыму. Карацей, на тое, што пра нас «забудуцца», спадзявацца ня варта.

У панядзелак, размаўляючы з журналістамі, Пуцін зрабіў цікавую заяву: інтэграцыя на Эўразійскай прасторы не абавязкова павінна юрыдычна замацоўвацца. Гэты эўфэмізм можна разумець так: для Расеі на гэтым этапе ўсё больш важным робіцца менавіта эканамічны ўплыў на суседнія краіны, найперш праз пастаўкі энэрганосьбітаў. Фактычна, гэта азначае ператварэньне Расеі ў рэсурсакратыю, якая кантралюе сваіх суседзяў не дэ юрэ, а дэ факта. У такім выпадку палітычныя праекты накшталт беларуска‑расейскага саюзу адыходзяць на другі плян (ці адсоўваюцца на больш далёкую пэрспэктыву).

Канфлікт Пуціна і Буша — гэта ілюстрацыя да новай спрэчкі паміж Захадам і Ўсходам. На саміце выяўляецца яшчэ адна з глябальных праблемаў — супрацьстаяньне паміж двума стратэгічнымі праектамі палітычнага разьвіцьця сьвету, дэмакратычным і аўтарытарным. А калі зірнуць яшчэ больш агульна, галоўная сьветапоглядная праблема саміту — пошук балянсу паміж свабодай і несвабодай. Для Беларусі — вельмі актуальна.

***

Хто ёсьць хто ў Вялікай восемцы

Кідаецца ў вочы, што сярод удзельнікаў саміту ажно тры манумэнтальныя палітычныя фігуры, якія зьбіраюцца сыходзіць з пасады лідэра. Буш ды Пуцін скончаць свае другія прэзыдэнцкія тэрміны налета, Блэр — ледзь не праз два з паловай тыдні. Ёсьць і навічкі — Нікаля Сарказі яшчэ толькі прывыкае да прэзыдэнцкага крэсла.

Ангела Мэркель — барацьбітка за клімат

Сёлета канцлерка Нямеччыны прымае гасьцей, таму яна ў многім вызначае парадак дня саміту. У цэнтры ўвагі для Мэркель, былой міністаркі аховы навакольля — выпрацоўка адзінай міжнароднай палітыкі ў барацьбе з кліматычнымі зьменамі. Яе формула: «Аніякіх заганных кампрамісаў». У той самы час яна, аднак, не зьбіраецца заганяць у кут Буша, для якога індустрыйныя інтарэсы сваёй краіны пакуль што пераважваюць экалягічныя.

Джордж Буш — прынцыповы самастойнік

Даводзіцца прызнаць — нягледзячы на хаос у Іраку, Буш, як і раней, прылятае на саміт кіраўніком вялікай дзяржавы. Ягоны «мэсыдж»: ЗША не адварочваюцца ад сусьветных праблемаў, але маюць права вырашаць іх, не пытаючыся ў анікога. Буш прывозіць на саміт амбітныя нацыянальныя праекты — разбудову сыстэмы проціракетнай абароны ў Цэнтральнай Эўропе, 30 млрд даляраў на барацьбу са СНІДам у Афрыцы і новую амэрыканскую ініцыятыву па барацьбе з пацяпленьнем клімату.

Уладзімір Пуцін — раззлаваны дзюдаіст

Можна ўявіць, які выступ мог бы зладзіць дуэт Шродэр‑Пуцін пад акампанэмэнт Берлусконі ды сяброўскія жэсты Шырака. Цяперака ў Пуціна «сяброў па лазьні» ў «восемцы» паменшала. Калі не сказаць болей — іх там у яго проста няма. Зрэшты, магчыма, палітычная бойка — акурат тое, што патрэбна чэкісту‑дзюдаісту перад прэзыдэнцкімі выбарамі каб набраць пункты — ці то сабе, ці то пераемніку, а ў любым выпадку — свайму палітычнаму рэжыму.

Нікаля Сарказі — сьвежанькі гурок

Нікаля Сарказі прэзыдэнцтвуе ў Францыі яшчэ толькі тры тыдні. Да яго прыглядаюцца зь цікавасьцю, як і ён да ўсіх. Пакуль што Сарказі пазыцыянуе сябе як прагматыка, які настроены на прадуктыўны дыялёг з усімі. Да Пуціна ён ставіцца паблажліва — маўляў, Расею трэба супакоіць, да Буша — з большай павагай, чым Шырак, які супернічаў з Амэрыкай. Важныя пытаньні для Сарказі — клімат і Афрыка, адкуль у Францыю ліецца паток эмігрантаў. Рызыкнем выказаць меркаваньні, што менавіта ад Сарказі Пуцін пачуе найбольш прыкрай крытыкі.

Тоні Блэр — у чаканьні адпачынку

Тоні Блэр стомлены. 10 год на пасадзе прэм’ера — ня жарцікі. Блэр сыходзіць зь вялікай палітыкі прынцыпова і канчаткова. Таму ад яго можна чакаць шырокіх палітычных жэстаў. Палітык можа дазволіць сабе паразмаўляць на тэмы, які клапоцяць сусьвет. Найперш, бадай, пра клімат — апошнім часам Брытанія надта актыўна працуе ў гэтым накірунку, хоць і пазьбягае надта злаваць свайго галоўнага саюзьніка — ЗША.

Рамана Продзі — сем раз адмер, адзін адрэж

Продзі, былы прэзыдэнт Эўракамісіі, — профі ў пытаньнях міжнароднага ўзаемадзеяньня на высокім узроўні. Праўда, да галоўных праблемаў саміту мала справы як самім італьянцам, так і ўраду Продзі — хапае ўнутраных праблемаў. Тым больш, што падціскае апазыцыя на чале з Бэрлюсконі, кіроўная кааліцыя бясконца сварыцца... Рэзкіх выпадаў і нестандартных рашэньняў ад яго чакаць ня варта.

Сіндзо Абэ — аб’яднальнік

Канёк японскага прэм’ера — крытыка Паўночнай Карэі. Для яго важна, каб саміт Вялікай Восемкі як мага больш рашуча запатрабаваў ад Паўночнай Карэі адмовы ад ядзернай праграмы. Сіндзо Абэ таксама прывёз на саміт амбітны плян змаганьня са зьменамі клімату. Галоўны ягоны пункт — удзельнічаць павінны ўсе. Без ЗША, Кітаю і Індыі справа ня ссунецца зь мёртвай кропкі.

Стывэн Гарпэр — міратворац

Стывэн Гарпэр, канадзкі прэм’ер, зьбіраецца зрабіцца на саміце пасярэднікам, які неяк аб’яднае інтарэсы краінаў восемкі, а таксама іншых буйных краінаў, запрошаных на саміт у якасьці назіральнікаў — Бразыліі, Кітаю, Індыі, Мэксыкі і Паўднёваафрыканскай Рэспублікі. Гарпэр падкрэсьлівае, што зьмяншэньне выкідаў у атмасфэру — адна з галоўных мэтаў Канады, і што іншыя краіны павінны каардынаваць палітыку ў гэтай сфэры, ствараць праграмы не як альтэрнатыву існуючым праграмам, а як дапаўненьне да іх. Вось толькі як гэта стасуецца з фактычным выхадам Канады з Кіёцкага пратаколу?

Алесь Кудрыцкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0