Часы Альгерда
Mazeika, Rasa Joan. The Role of Pagan Lithuania in Roman Catholic and Greek Orthodox Religious Diplomacy in East-Central Europe (1345—1377). Fordham, New York, 1987.
Часы княжаньня вялiкага князя Альгерда (1345—1377) — бясспрэчна, адна з самых яркiх старонак нашае гiсторыi. Вялiкае Княства Лiтоўскае ператварылася тады ў найбуйнейшую дзяржаву Ўсходняе Эўропы, і найважнейшым аспэктам яго замежнапалiтычнае чыннасьцi сталі дачыненьні з каталiцкiм i праваслаўным сьветам. Праца Расы Мажэйкі, канадзкай дасьледчыцы летувiскага паходжаньня, акурат і прысьвечаная разгляду гісторыі кантактаў Альгерда з хрысьціянамі.
Даўняя праблема падзелу спадчыны Вялікага Княства Літоўскага паміж беларусамі й летувісамі падаецца невырашальнай у агляднай будучыні. Як вядома, летувісы гэтай спадчынай ні з кім дзяліцца не жадаюць. Чытаючы кнігу Мажэйкі, адчуваеш гэтага. Здавалася б, кожны беларускі гісторык, знаёмы з пазыцыяй афіцыйнае летувіскае гістарыяграфіі адносна месца й ролі нашых продкаў у Вялікім Княстве, мусіць быць маральна падрыхтаваны да сустрэчы з падобнымі працамі, аднак усё адно некаторыя моманты пакідаюць непрыемнае ўражаньне. Напрыклад, тое, што летапісная Літва скрозь атаясамліваецца з сучаснай тэрыторыяй Рэспублікі Летува (пытаньне пра яе лякалізацыю тут нават ня ставіцца), паўсюдна выкарыстоўваюцца сучасныя, літуанізаваныя імёны літоўскіх князёў (Аlgirdas, Mindaugas, Vytenis), расейскія й беларускія землі практычна не разьмяжоўваюцца, ВКЛ называецца дзяржавай паганскай, летувіскі элемэнт трактуецца як вызначальны, а русіны паказаныя як тыя, каго літоўцы заваявалі (нібыта магутнасьць ВКЛ не залежала ў першую чаргу менавіта ад унёску славянскага насельніцтва краіны) і г.д.
У кнізе тры асноўныя разьдзелы: «Пэрсанальная рэлігійная прыналежнасьць вялікага князя Альгерда», «Адносіны з праваслаўнымі хрысьціянамі» і «Перамовы аб каталіцкім хрышчэньні». Дасьледчыца выкарыстала самыя разнастайныя крыніцы: лацінскія кронікі і ўсходнеславянскія летапісы, папскія булы й рэестры, лісты канстанцінопальскіх патрыярхаў, тэксты дамоваў і інш. Важна, што тэксты дакумэнтаў, выкладзеныя па-ангельску, часта паралельна падаюцца на мове арыгіналу.
Раса Мажэйка лічыць, што Альгерд быў напраўду паганцам, ставячы пад сумнеў паведамленьні летапісаў пра яго праваслаўны хрост або прыналежнасьць да праваслаўя. Пры аналізе ж крыніцаў, якія сьведчаць пра паганства Альгерда, аўтарка ўжо менш крытычная. Праўда, магчымасьці перадсьмяротнага навяртаньня вялікага князя яна цалкам не адмаўляе.
У другім разьдзеле цікавы эпізод пра пакараньне Альгердам трох прыдворных, што прынялі праваслаўе. Трох віленскіх пакутнікаў Мажэйка называе літоўцамі, хоць паганскія імёны пакараных (Круглец, Няжыла, Кумец) сьведчаць пра іх славянскасьць. Ацэньваючы гэтае здарэньне, дасьледчыца кажа, што Альгерд пакараў сьмерцю гэтых нэафітаў не за адкрытае вызнаньне хрысьціянства як такое, але за публічнае непадпарадкаваньне ўладзе вялікага князя.
Пад час перамоваў пра каталіцкі хрост (у 1349, 1351, 1358 і 1373 гадох) Альгерд, паводле высноваў Мажэйкі, умела карыстаўся пазыцыяй патэнцыйнага нованавернутага, каб аблегчыць адносіны з хрысьціянскімі дзяржавамі. Рэч у тым, што сярэднявечныя хрысьціяне не маглі весьці ніякае размовы зь нявернымі, апрача выпадкаў, калi гэта было зьвязана зь місіянэрскай дзейнасьцю. Працяглае ж паганства літоўцаў не перашкаджала іх прыязным дачыненьням з хрысьціянамі, хоць часам яны былі сакрэтнымі ці маскаваліся пад місіянэрства — каб ня выклікаць незадаволенасьці папаў. Тыя некалькі сур’ёзных спробаў навяртаньня літоўцаў пры Альгердзе таксама мелі моцны палітычны падтэкст. Аўтарка параўноўвае іх з падобнымі перамовамі папярэднікаў Альгерда — князёў Міндоўга, Віценя і Гедыміна. Дарэчы, Міндоўг тут чамусьці названы адзіным уладаром Літвы, ахрышчаным да 1386-га году. Нібыта Войшалк ня быў уладаром Літвы, або ня быў ахрышчаным (ня кажучы ўжо пра тое, што зьяўляўся праваслаўным манахам і нават заснаваў манастыр).
Альгерд, такім чынам, ужываў рэлігійныя перамовы дзеля чыста палітычных мэтаў. Карыстаючыся сваёй унікальнай пазыцыяй паганскага ўладара, не падпарадкаванага ўладзе аніякае царкоўнае гіерархіі, ён атрымліваў рэальныя палітычныя выгоды ад падобных дыпляматычных манэўраў.
Праца, безумоўна, будзе карысная і беларускаму чытачу. І найперш тым, што ўтрымлівае тэксты многіх дакумэнтаў, якія раней былі практычна недаступныя пераважнай большасьці нашых дасьледчыкаў, а таксама тым, што разглядае гісторыю рэлігійных дачыненьняў ВКЛ з хрысьціянскімі краінамі ў кантэксьце эўрапейскае палітыкі.
Натальля Брэль