100 твораў мастацтва ХХ стагодзьдзя

 

Алесь Пушкін.
Эпітафія дзеду

 

Гэта адно зь першых палотнаў Пушкіна. Не зважаючы на ягоны ўзрост і яшчэ сьціплы даробак учорашняга выпускніка мастацкага інстытуту, гэты твор быў адразу пастаўлены ў шэраг славутых і клясычных. Яго шматкроць рэпрадукавалі, выстаўлялі, ды, нарэшце, прыдбалі ў Нацыянальны мастацкі музэй.

Сярод таго, што стваралася на пачатку 90-х гадоў, творы Алеся Пушкіна, ды й сама ягоная постаць, прыцягнулі ўвагу гледача сваёй сюжэтнасьцю й натуралістычнасьцю выяваў. Папярэдні савецкі пэрыяд аддаліў гледача ад мастака, найперш з-за адсутнасьці мастацкае асьветы, а па-другое, з-за адсутнасьці рынку і, адпаведна, мастацкай крытыкі. А таму мастакі ня надта і дбалі пра сваю папулярнасьць. А беларускі глядач ня бачыў розьніцы паміж Далі й Ісачовым, паміж Савіцкім і Ароска. Мастакам не падабалася публіка. Публіцы былі недаспадобы мастакі. А вось жа карціна Пушкіна спадабалася ўсім. Чым?

Найперш тым, што ў яе можна ўзірацца доўга і ўважліва, складаючы сабе розныя аповеды, цешачы свае ўспаміны ці гледзячы ў люстэрка свайго ж побыту. Нанізаныя, нібы пацеркі на нітку, розныя сюжэты складаюцца ў адзіны ружанец, перабіраючы які, мы перабіраем і фрагмэнты свайго жыцьця...

Кампазыцыя складаецца са звычайных, нават банальных для нашага мастацтва элемэнтаў. Нацюрморт: ссохлыя зёлкі, цыбуля, часнык, бабы... Пэйзаж: местачковы краявід, бязь нейкіх адрасных прыкметаў... Людзі: нясуць труну на капцы, а ваду дахаты, колюць дровы й кабана... Птушка: нейкая расьцярушаная паўгалка-паўварона, рыхтык як у Брэйгеля, ляціць скрозь чорныя каруны гальля... Усё як паўсюль, але на тым і палягае абаяльная прыцягальнасьць «Эпітафіі» — на яе ўнівэрсальнасьці.

Белая драпіроўка абруса, элеганцкі скамечаная, сыходзіць зь першага пляну ў далягляд, распускаючыся ў сьнягох. Холад абрусу на шэрым коле стала падкрэсьлены звонкімі барвамі залатых цыбулінаў ды лісьцікаў-пісяжкоў леташняе травы. Гэтак проста — хата астывае. Хата, дзе быў дзед. А там, там, у сінеючай імжы блізкае адлігі, туды, куды яго зьнесьлі, па-ранейшаму варушацца, жывуць людзі... Рэзкае спалучэньне розных плянаў, занадта блізкіх ды бясконца далёкіх, утварае ілюзію невераемнае манумэнтальнасьці невялікага станкавага палатна.

Сьціплая каляровая гама (тры-чатыры колеры) пры бліжэйшым разглядзе аказваецца цэлым калейдаскопам паўтаноў ды адценьняў. Сама жывапісная тэхніка Пушкіна ў гэтым палатне цікавая: нешта працёрта, як у лаках, недзе прадрапана, нібы на гравюры, а недзе, нібы акварэльлю, пакладзены празрысты блік. Пазьней Пушкін зьвяртаецца да розных, прасьцейшых тэхнікаў: алей, тэмпэра, уласная кроў... Зрэшты, гэты, ужо іншы Пушкін, ставіць сабе іншыя задачы.

Ён запамінаецца ўсім па-рознаму. Для адных ён — рэстаўратар унікальных росьпісаў 18 ст. Станіславаўскага касьцёлу ў Магілёве і аўтар росьпісаў царквы ў сваім родным Бабры. Для іншых — мастак-авангардыст, які стварыў у Віцебску галерэю ўласнага імя й здолеў-такі зьдзівіць места Шагала ды Малевіча сваімі бязьлітаснымі пэрфомансамі. Для кагосьці ён — антысэміт, бабнік і нацыяналіст. А для кагосьці... Запомніўся, карацей. Найперш, элегічнай і нягучнай «Эпітафіяй».

Сяргей Харэўскі


 

Алесь Пушкін (1965, мястэчка Бобр, Меншчына), жывапісец, манумэнталіст і станкавіст. Да 1983 вучыўся ў школе-інтэрнаце імя Ахрэмчыка. У 1990 скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, дзе вучыўся ў Гаўрылы Вашчанкі. Аўтар росьпісаў у Ліцэі мастацтваў, што ў Менску, у санаторыі «Беларусь», што ў Друскеніках (Літва), у касьцёле Сьв. Станіслава ў Магілёве. Жывапісныя палотны захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музэі і Полацкім гістарычна-культурным запаведніку. Выстаўляў свае творы ў Літве, Польшчы, Нямеччыне, Расеі.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0