БЕГ

Тры варыянты дваеўладзьдзя

 

Тайны плян апазыцыі, заяўлены на 21 ліпеня, так і застаўся нерассакрэчаны. Народ, які прыйшоў на гуляньні, гуляў у чаканьні рэвалюцыі паміж плошчай Кастрычніцкай і «партшколай». Абяцаныя цьмы рабочых стройнымі калёнамі не прыйшлі. Шэсьць тысяч міліцыянтаў нудзіліся без каманды на штурм — хоць апазыцыі, хоць прэзыдэнтуры. Стала зразумела, навошта ізалявалі генэрала Захаранку. Зараз не было каму зь міліцыяй і паразмаўляць. Апазыцыянэры не давалі адзін адному мэгафон. Ганчар выглядаў палітыкам-адзіночкам. Сямён Шарэцкі, аб’яўлены кіраўніком законнай улады, зьехаў у Вільню. Большасьць людзей так і не зразумелі, што мелася быць. Найболей пацярпелі, як заўсёды, тыя, што нарываліся, і журналісты.

 

У зацікаўленай публікі ў галовах — мітусьня і спробы сфакусаваць хоць які аптымістычны спадзеў на блізкім зьезьдзе БНФ 31 ліпеня. Але там абяцаюць ня сход прарокаў, а горы фронтаўскай бруднай бялізны, ад чаго дыхаць ня стане лягчэй. Добра хоць, калі адпалошчуць. Пазьняк не прыедзе, — паўтараем мы чарговы раз, нібы тыя лікбезаўцы: «Рабы ня мы». Пазьняк ня хоча больш узначальваць БНФ, — паведамляюць з Варшавы. Пазьняк шукае магчымасьці пераезду ў Вільню, — паведамляюць зь Літвы.

Пра тое, што ён зьбіраецца ў старую беларускую сталіцу, «Наша Ніва» ўжо пісала. Але цяпер лідэра апазыцыі апярэдзіў лідэр законнай улады. І ня толькі ён. Ужо нейкі час разам зь сям’ёй жыве ў Вільні Станіслаў Багданкевіч, які час ад часу каротка наведвае Менск. Бачылі тут і шмат-шмат каго яшчэ. Напрыклад, Яўгена Будзінаса, які з паўгода таму наглядаў сабе ў Вільні маёмасьць... Што ні кажы, дзяржаўныя ўсё людзі.

Вільня — прадмет настальгічнага ўздыханьня кожнага сьвядомага беларуса. Сталіца Вялікага Княства, на спадчыну якога зь ня меншым за літоўцаў правам прэтэндуюць і беларусы. Горад, дзе друкаваў Скарына, змагаўся Каліноўскі, дзе выходзіла «Наша Ніва»... Можа тут нашым палітыкам удасца стварыць сытуацыю дваеўладзьдзя, чаго не ўдалося за Лукашэнкам у Менску. Можа, у гэтым заключаецца таемны плян?

А можа... Яшчэ адзін эміграцыйны ўрад? Тады дваеўладзьдзе — з Івонкай Сурвіллай? Яшчэ адзін магчымы сакрэтны праект. Але тут без духоўнага лідэрства не перамагчы. А дзе яго ўзяць?..

Хутчэй, калі ўлягуцца страсьці і скончыцца чыйсьці фінансавы інтарэс, асядуць яны — хто ў бізнэсе, хто ў віленскіх беларускіх суполках, а хто і проста так — прынамсі без пачуцьця эмігрантаў і нацменаў, калі захочуць. Бо Вільня — 180 км ад Менску і ўсяго трыццаць — ад мяжы РБ. Дзень пешага ходу. Усё бліжэй, калі раптам загляне сонца і ў наша ваконца. Дакладней, калі хтосьці ўрэшце запаліць яго.

Сяргей Паўлоўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0