Натальля БАБІНА

Маці застаюцца тут

 

«Сямён Шарэцкі зьехаў
зь Менску з апасеньня
за сваю бясьпеку».
З навінаў TV Polonia

 

Мне падабаецца хадзіць на Камароўку — тут усіх жанчын называюць «хазяйка», а мужчын — «капітан». Тут, каштуючы, можна наесьціся абрыкосамі ды ікрой. Тут віруе жыцьцё, а грошай абарачаецца столькі, што розум ня йме. Тут пануе нязмушаная беларускасьць, а дзе-калі праяўляецца беларуская сьвядомасьць: сваю траску ды кальмараў я заўжды купляю ў таго хлопца з рыбнага раду, які весела крычыць: «Падыходзім, гаспадыні, сьвежая рыба, смачна і танна!» З украінцамі, што прывозяць салодкія, бы цукрам кормленыя, памідоры, я тачу лясы на роднай мове, а ад рыбакоў з Нарачы даведваюся пра асаблівасьці кулінарнага ўжываньня яршоў.

Сюды прыходзяць тыя ж, хто прыходзіць ў «Прэстан-маркет», а таксама тыя, хто туды не прыходзіць.

Сюды трэба прыходзіць, каб пабачыць вобраз Беларусі-маці. Яна стаіць ля ўваходу ў крыты рынак, сагнёная ўдвое, амаль глухая, з выцьвілымі вачыма і бруднымі, разьбітымі дзесяцігодзьдзямі працы рукамі. Перад ёй ляжаць тры крывыя морквіны. Яна іх прадае. У праходзе да Прывозу яна стаіць з пучком пятрушкі, рукі ў яе дрыжаць, а вочы… Немагчыма гаварыць пра іх. Або яна сядзіць проста на асфальце, у хустачцы, у вязаным швэдры, і нічога не прадае, нічога й ня просіць — проста трымае ў выцягнутых руках трохі дробных грошай, і дзе-хто нахіляецца, дае ёй яшчэ…

Вось яна, маці-Беларусь. Так выглядаюць нашыя маці ці бабулі — усе. Так выглядаюць маці зацятых алканаўтаў, інжынэраў, дырэктараў. Так выглядаюць маці самых багатых людзей краіны. Так выглядае маці, скажам, Лукашэнкі — да апошняга ў хлеўчуку парасяты, на падвор’і куры, да апошняга растрасае гной, поле буракі, капае бульбу. Да апошняга. Трымцяць рукі, ня бачаць вочы, смокча нешта ў грудзях — яны дапамагаюць дзецям. Нам.

У кожнага ёсьць свой шкілет у шафе — гавораць ангельцы. У кожнага з нас ёсьць свая маці.

Як быццам зьменяць нешта недарэчныя народныя гуляньні, як быццам зьменяць нешта мітынгі па нядзелях… Крымінальнікі ва ўладзе смокчуць нашыя грошы, наш час праходзіць, яго застаецца ўсё менш, і менш і менш верагоднасьці, што маці калі-небудзь адмыюць рукі ад гною і зямлі, здымуць гумовыя чобаты.

Сямён Шарэцкі зьехаў да Літвы, ягоная маці засталася тут. Маці Зянона Пазьняка тут. Дзяцей можна забраць з сабой, жонку-мужа можна забраць, а маці застаюцца. Перад закрыцьцём Камароўкі яны, маці, ходзяць па мясных радах, і гандляры, хто дабрэйшы, аддаюць ім чарвівыя кавалкі…


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0