Алесь Кебік
Яна і жлоб
Сюжэт нашага жыцьця
Кожны час — гэта сюжэт. Што б ні казалі пра савецкую літаратуру, але яна навечна застанецца сьведчаньнем душэўнага стану грамадзтва той эпохі. Тут вам і сукупныя маральныя арыентацыі, і свой тып узьнёсласьці, і асаблівая энэргетыка ўзаемадачыненьня людзей.
Увогуле сюжэт у літаратуры — найлепшае сьведчаньне пра дух і кантэкст жыцьця. Каб зьявіўся сюжэт, трэба каб такі пэўны кантэкст склаўся.
Да прыкладу, наша сёньняшняе жыцьцё ўжо інакшае, чым было за савецкім часам. Доўгі пераходны пэрыяд сканчаецца адкрыцьцём: гэта ж мы ўжо пяць гадоў жывем так. Аформіўся інакшы тып узаемадачыненьняў, інакшы інтуітыўны грамадзкі настрой, інакшыя арыентацыі. Яшчэ трохі, і ўсё гэта мы назавем эпохай.
Героі нашага літаратурнага сюжэту, натуральна, — яна і ён. Вечная гісторыя. Яна ў нас будзе дзяўчынай — разьвітаю, начытанаю, яна цэніць веды і разьбіраецца ў музыцы. Яе някепска выхоўвалі. Яна дапытвалася ў бабулі, хто былі ейныя продкі. Яна ўмее гаварыць па-беларуску і ня бачыць у гэтым заганы. Можа быць, нават наадварот. Будучы цалкам гарадзкой, яна лепш пачуваецца ў вясковай хаце, чым у дачнай халупе на бацькоўскіх шасьці сотках.
Ён — гэткі малады гаспадар жыцьця, пасьпяховы прадпрымальнік, абароцісты і цынічны, без чаго сучаснаму беларускаму прадпрымальніку, які марыць пра звышдаходы, бадай, немагчыма. Ён можа наступіць на чыйсьці лёс і пайсьці далей, не зьвяртаючы ўвагі на ахвяру. Веды для яго — нешта лішняе, музыка — толькі тая, што ў радыё ў ягонай машыне. Гэта ня значыць, што ён не збудуе сабе дом і ня будзе любіць сваіх дзяцей. Але дрэва садзіць і тым больш пісаць кнігу ён ня будзе дакладна. Як вы разумееце, ён — распаўсюджаны сёньня ў Беларусі тып. Яна таксама — ня рэдкасьць. Але каторы з гэтых тыпаў дамінуе — рытарычнае пытаньне.
Яна сапраўды цікавы чалавек. Але жыцьцё вакол яе поўнае дробнага бытавога хамства. Магчыма, яна б перажывала, калі б сутыкалася з гэтым як з выключэньнем. А калі штодня па дваццаць разоў сустракаеш то грубае слова, то недружалюбны погляд, то нематываваную адмову — гэта становіцца фонам, уласна жыцьцём. Пачынаеш прымаць гэта як дадзенасьць. Калі б нашай гераіні было гадоў сорак, яна б прынамсі ведала іншае жыцьцё, магла б параўноўваць. Але ёй толькі 15 ці 18. Параўноўваюць ейныя бацькі, якім, праўда, тое параўнаньне нічога, апроч раздражнёнасьці, не прыносіць.
Наша гераіня стала дарослай ужо ў гэтым жыцьці і ведае толькі яго. Яе цэняць сяброўкі, хлопцы называюць добрай дзяўчынай, але жыве яна, нагадаю, пасярод хамства, кічлівага невуцтва і непрафэсіяналізму, сустракаецца з гэтым на ўсіх узроўнях — пачынаючы з кіраўніцтва краіны і дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі і сканчаючы азлобленай суседкай у двары. Свой багаж добрых якасьцяў яна трымае ў запасе і для блізкіх людзей. А навокал пануе стандарт «новага рускага». Ён татальны і таксама прысутнічае на ўсіх узроўнях. Багаты хам — вось ня надта сымпатычны для большасьці нашае моладзі, але адзіны грамадзкі арыенцір. Паспрабуйце выйсьці на вуліцу ў прыстойным строі і ў гальштуку або загаварыць у краме праз сотавы тэлефон — вы адразу ўбачыце ў вачах сустрэчных адпаведную ідэнтыфікацыю — не з навукоўцам і не з палітыкам, а менавіта з «новым рускім», які «абдзелывае дзела».
Да прыкладу, у Расеі ёсьць яшчэ прэстыж прафэсіянала — журналіста, кампутаршчыка, палітыка і г.д. У нас жа інтэлектуальныя прафэсіі ўспрымаюцца як сфэра абслугі ці нават прыслугі. Розум ня цэніцца ў прынцыпе. Дакладней, на прыватным узроўні цэніцца, а на ўзроўні сукупных грамадзкіх арыентацыяў — не.
Аднак, вернемся да нашага пэрсанажа. Ён цалкам зьліты з гэтым жыцьцём і супадае зь ім паводле ўсіх парамэтраў. Можа быць, ён — і ёсьць гэтае жыцьцё, тады як яна, дазволю сабе такі раптоўны сымбалізм, гэта ёсьць Беларусь, увасабленьне старой і вельмі культурнай, багатай духоўна і тонкай у творчасьці краіны. Але яна, несучы ў сабе ўсё тое багацьце, якое толькі можна ўбачыць у пазачасавых каштоўнасьцях, прымае гэтае жыцьцё такім, якое яно ёсьць, у выглядзе яго, пэрсанажа. Яшчэ больш спрасьціўшы свае сымбалі, я мог бы ўвогуле казаць пра Беларусь і Лукашэнку, з чыёй лёгкай рукі і аформіліся сёньняшнія арыенціры грамадзтва. Але мне больш цікавыя адчуваньні маёй гераіні. У тым ліку і таму, што празь ейную сытуацыю я лепш разумею сытуацыю Беларусі. Дык вось, яна сустракаецца зь ім, знаёміцца і прымае ягоную прапанову жыць разам.
Уласна ў гэтым і ёсьць канфлікт літаратурнага сюжэту. Яны сапраўды жывуць разам, і нішто ў ёй не пратэстуе, пра яе нават нельга сказаць, што яна зьмірылася. Яна прымае сытуацыю як норму. Як школьнік прымае парадкі ў школе ці салдат — парадкі ў войску.
Асабіста мяне непраціўленства маёй гераіні ўражвае вельмі моцна. Я перакананы, што яна выхавае нармальных дзяцей і захавае ў сабе лепшыя якасьці чалавека. Але яна са сваімі якасьцямі падобная да прадстаўніцы нацменшасьці, якая шчыра імкнецца інтэгравацца ў іншамоўнае жыцьцё, якому няма альтэрнатывы, і пры гэтым хоча пакінуць адзнакі паходжаньня. Толькі ў нашым выпадку гаворка ідзе не пра нацыянальныя прыкметы, а пра маральныя.
Для Беларусі, нерэлігійнай і ненацыянальнай, маральныя арыенціры наўпрост зьвязваюцца з начальствам. Я памятаю жанчын, якія з гонарам казалі, што ў нас кіраўнік дзяржавы — прафэсар і інтэлігент, маючы на ўвазе Станіслава Шушкевіча. І я памятаю Лукашэнкавы словы пра тое, што Мілошавіч — добры чалавек, але прафэсар, маўляў, што ён можа!.. Адсюль вынікае, што зьмяніць становішча і зьмяніць сюжэт у нас можа, відаць, толькі зьмена ўлады.
Жыцьцё, вядома, не стаіць на месцы. Але ў нашым сюжэце ня будзе ані «справы лекараў», ані рэпрэсіяў за вальналюбства. Бо наша гераіня ніколі ня будзе супрацьпастаўляць свае лепшыя якасьці навакольнаму хамству. Яна міжволі разглядае гэтыя рэчы ў розных вымярэньнях, якія не перасякаюцца і не канфліктуюць міжсобку. Канфлікт заключаецца якраз у тым, што наша гераіня будзе працягваць свой чысты палёт у лябірынтах бруду, якія асацыююцца для яе з самім жыцьцём.