Слоўнік паняцьцяў

 

Валерка БУЛГАКАЎ

8. Пра вульгарны функцыяналізм.

 

Дзіўнае адчуваньне часта не пакідае мяне, ды й ня толькі мяне, калі я дома, на роднай зямлі, — усё тут добра знаёма, і таму рэчы, краявіды і людзі ўспрымаюцца неяк аж надта тонка, абвострана. А пры ўсім тым — і гэта важна — ніяк не пакідае пачуцьцё няўтульнасьці, наагул здаецца, што штучна створанае асяродзьдзе рэчаў прызначана не для цябе, але ты сам прызначаны, сталёвым ланцугом прыкуты да яго. Як разарваць гэтае заганнае кола? Пасяліўшыся жыць у лесе?

Глыбока-такі ў нас засеў вірус вульгарнага функцыяналізму. Менавіта ён дыктуе свае парадкі: дамы павінны быць умяшчальнымі і квадратнымі, дарогі шырокімі і прамымі, навучаньне простым і даходлівым, мова празрыстай і зразумелай. Акурат так, з такіх «добрых замераў», паўстаюць і ўвасабляюцца ў жыцьцё пустапарожнія канструкцыі, якія, пазбаўленыя хоць якой адухоўленасьці і эстэтычнай аформленасьці, немінуча ператвараюцца ў пародыю на саміх сябе.

Між тым мова непарыўна зьвязана з мэтафізыкай, а за кажным творам рук чалавечых павінен стаяць чалавек. Калі яго падмяняюць «вышэйшыя» меркаваньні, ці то дзяржаўныя інтарэсы, ці то вымаганьні бягучага моманту, то адбываецца дэгуманізацыя прыроджанай жыцьцёвай прасторы чалавека. Тое, што гэта сапраўды страшна, падказвае наш беларускі досьвед — калі чалавеку нідзе няма месца, калі ён ня ўпісваецца ў новы індустрыйны ляндшафт, ён спакваля робіцца ўласным ценем. Каляніяльная заняволенасьць па-свойму таксама «дапамагае» яму ў гэтым — посьпех праграмы калянізацыі для карэннага насельніцтва заўсёды абарочваецца яго масавай інфантылізацыяй. Дарослыя людзі, а думаюць і паводзяць сябе як дзеці. Хіба якраз таму ў Беларусі так мала сапраўдных мужчын?

Для эўрапейскіх інтэлектуалаў стала ўжо агульным месцам цьверджаньне, што ў Расеі і на падуладных ёй тэрыторыях заходнія гуманітарныя ідэі традыцыйна ўспрымаліся і засвойваліся (так і карціць дадаць: па-барбарску) павярхоўна, некрытычна. Цяпер можна з поўным правам канстатаваць, што такое ж самае становішча і з заходнімі матэрыяльнымі ідэямі. Стыхія вульгарнага функцыяналізму патрабавала толькі аднаго: абы ехала, абы лётала, абы рэзала і стукала. Што гэта прафанацыя (а што такое прафанацыя, як не ўзьвядзеньне сьвятыні бруднымі рукамі, як не пазбаўленьне спачатнай ідэі ейнай узьнёслай закончанасьці) у сваім найчысьцейшым выглядзе, адумысьля даводзіць, відаць, ня трэба.

Заходняя цывілізацыя трымаецца ня толькі на агульнапрызнаных гуманітарных і матэрыяльных канцэптах, але й на сыстэме этасаў, якія забясьпечваюць яе паступальны рух наперад. Так, немцы выпрацавалі этас працы, жыды — этас кнігі. А што стварылі беларусы? Этас суіцыду? Векавая няволя так і не дала зразумець нам адной вельмі простай рэчы — сэнс нацыянальнага быцьця ня ў тым, каб зрабіцца расходным матэрыялам для дзяржаўнага малоху, а ў тым, каб прарубіць сваё ўнікальнае акно ў сьвет, не ўва ўяўнай перамозе над тэхнікай, а ў знаходжаньні аптымальнага — нацыянальнага — балянсу паміж сьветам прыроды і сьветам тэхнікі.

Зялёныя дамы, мутныя шыбы, разьбітыя тратуары — ну, нарэшце я прыбыў дамоў.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0