Весткі зь Літвы


 

Літоўцы падтрымалі Шарэцкага

Пасьля сустрэчы з калегам В.Ландсбэргісам, які старшынюе ў літоўскім сэйме, старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня Сямён Шарэцкі атрымаў двух ахоўнікаў. Сёньня С.Шарэцкі, змушаны ўцякаць ад нелегітымнага Лукашэнкі, жыве і працуе ў Вільні. Адныя кажуць, што ён там як прыватны турыст, а другія — што як выканаўца абавязкаў кіраўніка Рэспублікі Беларусь паводле Канстытуцыі, — каму як выгадней. Літоўскім парлямэнтарам выгадней разглядаць яго як кіраўніка. Таму з пачаткам восеньскай сэсіі ў сэйме Літвы будзе зарэгістраваная адмысловая парлямэнцкая група па сувязях з распушчаным Вярхоўным Саветам Беларусі. Пра гэта пасьля сустрэчы з С.Шарэцкім заявілі дэпутаты сэйму Літвы Рытас Купчынскас, Саўлюс Пячалюнас і Ігнацас Уждавініс.

 

Крыху болей віна і піва

«Наша Ніва» пісала неяк, што літоўцы на памежных пераходах, дзе няма мытні, прымушаюць, калі едзеш зь Беларусі, выліваць гарэлку і віно, а дзе мытня ёсьць — там вязі толькі паўлітра гарэлкі, віна і піва. Цяпер крыху лібэралізавалі гэтае дзела. Можна ўжо два літры піва і два літры віна. Дарэчы, беларускае піва некаторым лепш смакуе за літоўскае, бо хоць там і сотні тых гатункаў, але наш напой шчыльнейшы, гусьцейшы, не такі газаваны і мае менш голага сьпірту.

 

Кошты на рынку

На папулярным віленскім рынку «Галя», каля чыгуначнага вакзалу, дзе беларускія цёткі штодня выстройваюцца радком з раскладзенымі на зямлі малочнымі прадуктамі, таемна дастаўленымі з Бацькаўшчыны, на мінулым тыдні кошты харчоў былі наступныя (у літах за кіляграм/літар, у адным даляры — чатыры літы, то бо за адзін літ — 112 тысяч нашых рублёў):

 

яйкі — 1,60-2,00
алей — 4-6,00
селядцы з галовамі — 5,20-3,90
жывы карп — 7,70-7,50
цукар — 3,00
мука 2 кг — 3,20
кава «Jaсobs» — 250 г — 9,50-9
разынкі — 7-6,50
земляныя арэхі — 4,00-5,00
памідоры — 2,00
часнык (галоўка) — 0,70
цыбуля — 1,30-0,80
морква — 2,00
буракі — 0,80-1,00
бульба — 0,70-1,00
капуста — 0,50-1,00
яблыкі (папяроўкі) — 1-1,50
бананы — 2,30
мёд — 19,00
слоічак хрэну 200 г — 2,00

 

Каб добра параўноўваць, трэба ведаць, што мінімальны заробак у Літве крыху большы за 400 літаў, што значыць, за сто даляраў.

Кажуць, сёлета ў параўнаньні зь леташнім надта станьнеў мёд, быццам гэты год мёдам ажно плыве.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0