Скрадзеныя скарбы

 

Культурныя каштоўнасьці зьяўляюцца ўнівэрсальнымі — але далёка не раўнацэннымі нават для тэрытарыяльна і гістарычна блізкіх этнасаў. Так, для адных нечакана знойдзены рукапіс можа стацца нацыянальнай сьвятыняй, штуршком да пачатку адраджэньня (як тое было ў Чэхіі нават са сфальсыфікаванымі дакумэнтамі), для іншых — застацца «цікавай штуковінай», якая захоўваецца толькі з прычыны яе надзвычайнае старажытнасьці або ў адпаведнасьці з шырокавядомым прынцыпам «каб было». Гэта тычыцца ня толькі калекцыянэраў-прыватнікаў, але часам цэлых краінаў. Ёсьць, калі хочаце, краіны-калекцыянэры — былыя (і не зусім былыя) мэтраполіі, якія «зьбіралі» культурныя здабыткі калёніяў, зыходзячы зь перакананьня, што толькі цэнтар мае права на культурнае дамінаваньне, пакідаючы пэрыфэрыі толькі каменныя сякеры (самыя грубыя) ды лубачны фальклёр.

Канстытуцыйны Суд Расеі зацьвердзіў пастанову, згодна зь якой культурныя здабыткі іншых народаў, што воляй лёсу апынуліся ў Расеі, павінны быць перададзеныя краінам, якія маюць на іх права. На што ў такой сытуацыі можам спадзявацца мы? Гэтыя пытаньні мы задалі заснавальніку Скарынаўскага цэнтру Адаму Мальдзісу, начальніку групы, што працуе над навуковай сэрыяй «Вяртаньне», у якой зьбіраюцца зьвесткі пра знаходжаньне беларускіх культурных каштоўнасьцяў па-за межамі краіны.

«НН»: Спадару Адаме, як Вы ацэньваеце пастанову КСРФ пра рэстытуцыю культурных каштоўнасьцяў?

Адам Мальдзіс: Гэта слушнае і пэрспэктыўнае рашэньне, яно абнадзейвае беларускую грамадзкасьць, што з часам удасца вярнуць хаця б тое, што было вывезена ў 1939—45 г., а таксама тое, што пасьля вайны вярталася зь Нямеччыны, але прайшло празь Беларусь транзытам і абсела ў расейскіх архівах і музэях.

Аднак рэстытуцыя — вельмі складаны і доўгі працэс, таму на сёньняшнім этапе першапачатковым зьяўляецца не пытаньне вяртаньня, а праблема выяўленьня і напачатку сумеснага выкарыстаньня, якое прадугледжвае і магчымасьць арганізоўваць тут выставы твораў мастацтва, што былі створаныя у Беларусі, але зараз захоўваюцца за мяжой, і абмен копіямі, а то й арыгіналамі, калі яны знаходзяцца дзесьці не ў адзінкавым экзэмляры. Так, у Маскве, у Дзяржаўнай бібліятэцы і Дзяржаўным гістарычным музэі, захоўваюцца па некалькі асобнікаў аднаго і таго ж выданьня Скарыны, тады як у Музэі беларускага кнігадрукаваньня ў Полацку няма ніводнага арыгіналу. Расейскаму боку варта было б зьдзейсьніць акт добрай волі і перадаць нам што-кольвек з тых выданьняў, тым больш, што там гэтыя кнігі ляжаць незапатрабаваныя. Згадайце, колькі твораў мастацтва, канфіскаваных на гарадзенскіх і берасьцейскіх мытнях, беларускі бок вярнуў уладальнікам — той жа Расеі?

Цяпер мы працуем над выданьнем 6-га зборніку сэрыі «Вяртаньне». Самі разумееце, што назва выклікае ў нашых замежных калег адмоўную рэакцыю, таму мы заўсёды падкрэсьліваем, што робім стаўку перш за ўсё на выяўленьне і сумеснае выкарыстаньне культурных каштоўнасьцяў. І пошук, якім бы цяжкім ва ўмовах вялізных аб’ёмаў архіваў і фондаў ён ня быў, мае надзвычайнае значэньне: калі ведаеш, дзе канкрэтна знаходзяцца патрэбныя матэрыялы, можна ня ехаць самому за блізкі сьвет, а проста паслаць туды запрос і зрабіць копію — гэта нашмат таньней.

 

«НН»: А ці здаралася так, што перададзеныя нам каштоўнасьці, як гэта бывала ў 20-я г., памылкова траплялі на іншую адрэсу — у Літву, скажам? Як увогуле вяжуцца адносіны зь Літвой у галіне высьвятленьня прыналежнасьці культурнага даробку?

А.М.: Літоўцы заўсёды мелі ў гэтым пытаньні сваю палітыку. Аднак, ізноў жа, ніхто ня кажа пра неадкладную і бескапрамісную рэстытуцыю або падзел — нават таго самага віленскага скарбу — ужо таму, што ён знойдзены на тэрыторыі Літоўскае Рэспублікі (ды яшчэ ў катэдры), хаця ясна, што 60—70% знойдзеных каштоўнасьцяў генэтычна паходзяць зь Беларусі. Але наўрад ці нам варта з-за гэтага распачынаць вайну. Я прапанаваў літоўскаму боку ў якасьці маральнае кампэнсацыі Беларусі аднавіць у Вільні, у Базыльянскіх мурах Віленскі беларускі музэй як беларуска-літоўскі культурны асяродак, што садзейнічаў бы збліжэньню нашых народаў. Зараз у Літве па ініцыятыве прэзыдэнта Адамкуса створаны Скарынаўскі фонд. Я лічу, што гэта яго першачарговая задача — адраджэньне Віленскага беларускага музэю, зьбіраньне разам яго матэрыялаў, што зараз раскіданыя па некалькіх установах. Узьнікаюць нявырашаныя пытаньні і зь іншымі нашымі суседзямі — Украінай, Польшчай. Так, нядаўна мы атрымалі зь Вялікай Брытаніі ліст, аўтар якога — беларус — узьнімае пытаньне пра мэтрычную кнігу наваградзкага касьцёлу з запісам пра нараджэньне Адама Міцкевіча, што была незаконным шляхам вывезеная ў Польшчу і зараз перахоўваецца ў адным са славутых кляштараў. Некалькі разоў на сустрэчах з польскімі калегамі мы ўздымалі пытаньне пра яе вяртаньне, аднак покуль што ў музэй перададзеная толькі копія вышэйзгаданага запісу — але ж у кнізе, акрамя яго, сотні іншых запісаў таго часу. Уявіце, які гэта матэрыял для навукоўца, што вывучае эпоху Міцкевіча! Або гісторыя з партрэтамі зь Нясьвіжу, якія ў 1950 г. «падаравалі» Польшчы (пасьля сыгналу з Масквы). Прычым, як ня дзіўна, партрэты дзеячаў, што пакінулі больш значны сьлед у гісторыі Польшчы, засталіся тут, а выявы дзеячаў украінскае і беларускае гісторыі — перадалі палякам, што сьведчыць пра неабазнанасьць чалавека, які займаўся гэтай справай.

 

«НН»: Дагэтуль гаворка йшла пра нашыя матэрыялы ў замежных архівах. А ці ёсьць у нашых архівах замежныя матэрыялы, якія трэба вярнуць?

А.М.: Вядома, у беларускіх архівах ёсьць матэрыялы, якія трапілі туды памылкова (такая блытаніна часта выклікалася тым, што пасьляваеннай рэстытуцыяй каштоўнасьцяў, вывезеных у Нямеччыну, займаліся людзі без належнае адукацыі — звычайныя салдаты і афіцэры). Я лічу, што такімі дакумэнтамі трэба абменьвацца. Так, нядаўна мы перадалі Ўкраіне некалькі кніжак з асабістае бібілятэкі Пятлюры, ёсьць, безумоўна, і іншыя, аднак адшукаць іх па штэмпэлях — вельмі цяжка. Вырашаецца таксама пытаньне аб перадачы ўкраінскім бокам у Беларусь бібліятэкі Храптовічаў, вывезенай са Шчорсаў напярэдадні І сусьветнай вайны. Праўда, справа затрымліваецца, бо ўкраінцы сьцьвярджаюць, што бібліятэка зьяўляецца падарункам уладальнікаў, тады як дакладна вядома, што яна была перададзеная Кіеўскаму ўнівэрсытэту з-за пагрозы нямецкага наступу з пажаданьнем уладальнікаў, каб матэрыялы былі вернутыя першай жа вышэйшай навучальнай установе, створанай на радзіме.

 

«НН»: Якую ролю, на Вашу думку, у пытаньнях рэстытуцыі павінна адыгрываць дзяржава?

А.М.: Беларусь — адзіная ў Эўропе краіна, якая ня мае асобнага дзяржаўнага органу, што займаўся б пытаньнямі захаваньня і вяртаньня культурных каштоўнасьцяў. Я супраць нагрувашчаньня новых бюракратычных структураў, але такая інстытуцыя павінна быць. Можа, нават дастаткова будзе аднаго чалавека, скажам, дарадцы пры прэзыдэнце (ці прэм’ер-міністры) па пытаньнях рэстытуцыі — як у ЗША. Мо тады б мы так бяздумна не аддавалі тое, што — безумоўна, справядліва — канфіскуецца на мяжы. Зь іншага боку, быў бы дзяржаўны орган — было б і больш трывалае фінансаваньне праграмаў, зьвязаных з захаваньнем і вяртаньнем здабыткаў.

Гутарыў Андрэй Скурко

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0