Адам ГЛЁБУС

Расейская калекцыя-2

Нататкі з «Кішэннай гісторыі культуры»

 

Малевіч

Калі што й прызнаецца ў сьвеце з расейскага выяўленчага мастацтва, дык гэта авангард дзясятых — пачатку трыццатых гадоў ХХ стагодзьдзя. Палотны Кандзінскага, Татліна, Родчанкі выстаўленыя ў найлепшых галерэях сьвету. Яны бясспрэчна вартыя самага пільнага вывучэньня, найгрунтоўнейшых дасьледаваньняў і ўрачыстых шанаваньняў. Расейскі рэвалюцыйны авангард канцэнтруецца ў адной найвыбітнейшай асобе Казіміра Малевіча. Чытаючы ягоныя лісты, я знайшоў той факт, што Малевіч, пераправіўшы большасьць сваіх твораў у Нямеччыну, прасіў напрамілы Бог не вяртаць іх у Расею. Таму робіцца зразумелым, чаму найлепшы збор твораў супрэматыста Малевіча знаходзіцца ў Галяндыі. Казімір Малевіч быў празорцам. Ня верыў, што ў Расеі ўсталюецца цывілізаванае грамадзтва. Лізаблюды, што яшчэ ўчора вылізвалі партрэцікі цароў, пачалі старанна вылізваць морды ленінаў, варашылавых і сталінаў. Традыцыя працягваецца: учорашнія атэісты малююць царкоўныя абразы. У адрозьненьне ад бесхрыбетных хамэлеонаў, Малевіч быў наскрозь ідэалягізаваны адной вялікай ідэяю абнаўленьня сьвету, а сьвет Расеі застаўся нязьменны — ні чорны, ні белы, ні чырвоны, а балотнага колеру.

 

 

Купрын

Расейскі бэлетрыст Аляксандар Купрын, якога ніяк не папракнеш у суб’ектыўнасьці ці нелюбові да Расеі, у нарысе «Крышку Фінляндыі» апісвае карціну ў найсапраўднейшым расейскім жанры: «Памятаю, гадоў пяць таму мне давялося зь пісьменьнікамі Буніным і Фёдаравым прыехаць на адзін дзень у Іматру. Назад мы вярталіся позна ўночы. Аб адзінаццатай цягнік спыніўся на станцыі Антрэа, і мы выйшлі перакусіць (далей Купрын апісвае фінскія прысмакі і тое, што расейскія сэрцы былі агаломшаны ежаю.А.Г.).

А калі мы вярталіся ў вагон, нас чакала цудоўная карцінка ў сапраўды расейскім жанры.

Справа ў тым, што з намі ехалі два падрадчыкі па каменных работах. Усім вядомы гэты тып кулака зь Мішчэўскага ўезду Калускай губэрні: шырокая, сальная, скуластая чырвоная морда, рыжыя валасы, што віюцца з-пад картуза, рэдзенькая барадзёнка, лядачы погляд, вера ў Бога на пяціалтынны, гарачы патрыятызм і нянавісьць да ўсяго нерасейскага — адным словам, добра знаёмы сапраўды расейскі твар.

Трэ было паслухаць, як яны зьдзекваліся зь бедных фінаў!

— Вось дурні дык дурні. Бо такія балваны, чорт іх ведае! Ды я, калі падлічыць, на тры рублі і сем грывен зьеў у іх, у шэльмаў... (а плаціў за швэдзкі стол толькі адзін рубель з драбязой. — А.Г.) Эх, навалач! Мала іх б’юць, сукіных сыноў! Адно слова — чухонцы.

А другі падхапіў, душачыся ад сьмеху:

— А я... знарок шклянку кокнуў, а потым узяў і ў рыбіну плюнуў...

— Так іх і трэба, свалату!»

У гэтай сапраўды расейскай карціне больш за ўсё мяне засмучае тое, што апляваную рыбіну зьелі Купрын з Буніным і Фёдаравым.

 

 

Шолахаў

Выдатны нігіліст Люі-Фэрдынанд Сэлін у сваім рамане «З замку ў замак» абурыўся: «...Вось калі б я быў які-небудзь Влас... Влас Прохрохроффф... з Крыжопалю-на-Доне... Крыжопаль-на-Доне — гэта вам не Курбвуа-на-Сэне!.. вось тады Нобэлеўская прэмія была б у мяне ў кішэні... Але ж я тутэйшы і навет ня сэфард!.. Такія, як я, нікому не патрэбныя!.. Іх трэба зьніштажаць!.. Каб не назалялі!..» Абураўся Сэлін. І меў права, бо Шолахаў, Салжаніцын — Власы Прох-рох-рохарафы горшыя за яго, а ўзнагароды атрымалі. Шолахаў атрымаў за антыінтэлектуальны, грувасткі і нечытэльны раман пра Дон. Шолахаў і Ленінскую прэмію атрымаў, і Сталінскую — «яму пашанцавала нарадзіцца ў Крыжопалі».


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0