Пэсымістычны прагноз

Калхоз памерамі зь Беларусь

 

Лукашэнка заявіў, што будзе кіраваць краінай яшчэ як мінімум сем гадоў. Ва ўмовах сыстэмнага крызысу гэтая заява гучыць як пагроза.

 

Пяці папярэдніх гадоў на тое, каб увагнаць 10-мільённую краіну ў фармат калхоза, відавочна, не хапіла. А іншых задач ня ставілася. На шляху стваральніка «эфэктыўнай мадэлі кіраваньня» раз-пораз узьнікалі то грамадзкая думка, то рэаліі суседніх краін. Але ён ішоў да свае мэты зь непахіснай упартасьцю — рабіў калхоз. Чытаў тэмы школьных творапісаў, ператварыў будынак ЦК у знаёмае сэрцу праўленьне, ганяў брыгадзіраў-міністраў, тыкаў старэйшым і быў «очань благадаран» ім за паслушэнства. Не разьлічыў аднаго: калі краіну сьціскаць да ўзроўню калхоза, дык у выніку ўся краіна і будзе даваць ва ўсіх галінах столькі, колькі дае калхоз. І страты пры сьцісканьні непазьбежныя: «уцечка мазгоў», адміраньне працоўнай актыўнасьці «лішняга» насельніцтва, заняпад «лішніх» зямель... Але яму ўсё яшчэ верыцца, чорт пабірай, што можна — усё можна, як у «Гарадцы», так і ва ўсёй Беларусі. Сказаў — зрабілі, прыкрыкнуў — пабеглі, дарма што акадэмікі ці дырэктарат.

І вось так яшчэ сем гадоў. Як мінімум. Міжволі паспачуваеш краіне. Бо прапаршчык, пастаўлены кіраваць франтамі, ня робіцца ад гэтага нават маёрам, ня тое што маршалам. У прапаршчыка бог парадку — едзінаабразіе. А маршал — катэгорыя творчая. Маршал улічвае аб’ёмы, разнастайнасьць людзей і ляндшафтаў, інакш — прайграе.

Пад знакам сьцісканьня краіны да памераў калхоза беларусам ужо пяць гадоў навязваецца мадэль руска-праваслаўнай ідэнтыфікацыі. Хоць гэта толькі адзін бок традыцыі, які ня можа быць накінуты ўсяму народу. Ёсьць яшчэ і варыянт заходне-каталіцкі, ёсьць нэапратэстанцкі (пяцідзясятнікі і іншыя). Ёсьць атэістычна-савецкі. Ды ці мала чаго ёсьць у цэлага народа! І калі адну з гэтых прыкметаў разглядаць як прыкмету ўсёй нацыі, тады непазьбежныя канфлікты, бо паразуменьня паміж гэтымі варыянтамі няма і ня можа быць. Адзінымі мы пачуваемся тады, калі апускаем згаданыя тэмы. Пачуцьцё адзінства дае нам мэнтальная блізкасьць, адзінства зямлі і нацыі — гэта экстэнсіўныя чыньнікі, і культура, паходжаньне, мова — гэта інтэнсіўныя і найбольш пэрспэктыўныя чыньнікі. Аднак з усяго багацьця варыянтаў цяперашні кіраўнік выбраў толькі ўсходнюю арыентацыю. У бліжэйшы час гэта не прывядзе да канфліктаў, але ўжо сёньня прыводзіць да сьціраньня адметных нацыянальных рысаў у прынцыпе. «Мы такія ж рускія» — паўтарае Лукашэнка і зноў дастае з пранафталіненага куфра слова «ўзьяднаньне» («вассаедзіненіе»), быццам некалі нас нехта з расейцамі разьядноўваў. Нас, наадварот, ляпілі на працягу двух стагодзьдзяў у адно, ды толькі прырода пярэчыла, брала сваё, прыводзячы да ўтварэньня то БНР, то БССР, то РБ...

«Мы такія ж рускія»... Мы глядзім тэлевізію, прызначаную для рускіх (ніхто не пытаўся ў нас, хочам мы гэтага або не), мы гаворым моваю рускіх і вучым на гэтай мове сваіх дзяцей (вядома, гэта быў наш бацькоўскі выбар. Толькі паспрабавалі б мы выбраць адваротнае, як гэта зрабілі бацькі Беларускага ліцэю — і школьныя клопаты зьмяніліся б для нас на бясконцую барацьбу супраць бюракратычных перапонаў і адкрытых спробаў адабраць памяшканьне), мы хочам у Расею (такіх менш за пяцьдзясят працэнтаў, але a priori — мы ўсе). На апошняй сэлектарнай нарадзе Лукашэнка ўжо гаварыў не са старшынямі аблвыканкамаў, а з «губэрнатарамі»... Як жа хутка наша калхозная намэнклятура ператварылася ў новых Мураўёвых ды Курловых!.. Цяпер усходнія вобласьці і Менская цішком усунутыя ў асацыяцыю расейскіх суб’ектаў гаспадараньня. Ня так, дык гэтак.

Ідэнтычны сцэнар разгортваўся ў Беларусі ў сярэдзіне ХІХ ст. І тады, здавалася, запхнулі тую Беларусь у Расею, аформілі ўсё, забаранілі мову, нагналі, як і цяпер, чыстых русакоў на адказныя пасады, абазвалі вобласьці губэрнямі... І што? Адразу ж пачало набіраць сілы СВАЁ. Кнігі, газэты, партыі, школы, бажніцы... І ўжо да кастрычніцкага перавароту гатовыя былі абвесьціць сваю краіну зноў. І так сталася. Так будзе й цяпер. Адно шкада, замест таго, каб нармальна, прыгожа і багата жыць сваёй краінай, зноў пакладзем жыцьцё на тую вечна экспэрымэнтальную нудоту, хаджэньне ня раз пройдзеным гістарычным колам.

Лукашэнка сказаў, што будзе прэзыдэнтам яшчэ, як мінімум, сем гадоў. А чым тады будзе беларускі народ?.. Кіраўнік ад першага дня — безь ніводнай ідэі для сваёй краіны, бяз нават больш-менш поўнага ўяўленьня пра яе — вялікую і розную ў сваіх праявах, безь любові да яе — абяцае нам, што пасядзіць яшчэ, як мінімум, сем гадоў. Навошта? — тут гэта рытарычнае пытаньне.

«Рэальны кіраўнік» з «эфэктыўным кіраваньнем» пасуе ўжо нават там, дзе мусіў бы даць рады паводле самых калхозных уяўленьняў. Я маю на ўвазе ганебны выпадак — зьнікненьне людзей. Пры той аўтарытарнай мадэлі ўлады, якую стварыў Лукашэнка, лётаючы на верталёце па калгасах, менавіта ён нясе поўную адказнасьць за лёс сваіх бяспраўных апанэнтаў. Дарэчы, і сэлектарныя верталёты ні да чаго добрага не прывялі. Купляем цяпер прадукты ў Літвы.

Культ хамства і зьвядзеньне багатай эўрапейскай краіны да маштабаў калхознага парадку, які й сам ужо дарэшты здыскрэдытаваў сябе, вядзе і будзе весьці адно да дэградацыі Беларусі. Яшчэ сем гадоў. Як мінімум.

Сяргей Паўлоўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0