Тацяна Сьнітко

Алесь Вечар: «выгнаньнік, нашчадак выгнаньніка»

 

Зь Беларусі зьехаў чалавек. Алесь Вечар. Зьехаў назаўсёды, але з надзеяй калі-небудзь вярнуцца. Яшчэ ў пачатку 90-х ён некалькі разоў адмаўляўся ад прапановаў калег-навукоўцаў паехаць папрацаваць у замежжа. Цяпер жа Алесь ня бачыць для сябе іншага выйсьця.

Героі гэтага матэрыялу зрабілі сьвядомы выбар — не паступіліся годнасьцю, чаго патрабавалі ад іх тыя, хто сёньня ўзурпаваў уладу ў краіне. Міхаіл Чыгір пяты месяц у турме. Алесь Вечар, наадварот, тры месяцы як выйшаў на волю. А «сеў» ён яшчэ ўлетку 1996-га. За тое, што ня стаў удзельнікам бруднай гульні супраць тагачаснага прэм’ера.

 

Пачатак

«Мяне затрымалі 5-га чэрвеня 1996-га. Проста затэлефанавалі супрацоўнікі міліцыі ды сказалі, што ім са мной трэба нешта ўдакладніць. Я за сабой парушэньняў ніякіх не адчуваў. Я займаўся цалкам законным бізнэсам і навуковымі справамі — стварэньнем Інстытута пэрспэктыўных тэхналёгіяў пры Беларускай інжынэрнай акадэміі. Натуральна, я пагадзіўся на сустрэчу».

Алеся павезьлі ў адзін з апорных пунктаў міліцыі ў Фрунзенскім раёне Менску. Там жа пачалі прымушаць падпісаць загадзя падрыхтаваныя «паказаньні».

 

«З гэтых «паказаньняў» вынікала, што нібыта я, разам з сынам Міхаіла Чыгіра, сынам Станіслава Багданкевіча і з Аляксандрам Пупейкам арганізаваў злачынную групу, якая займалася буйнамаштабным крымінальным аўтабізнэсам на тэрыторыі Заходняй Эўропы й краінаў СНГ. Фінансавалася гэта ўсё нібыта пры ўдзеле старэйшага Багданкевіча, а пакрывалася — старэйшым Чыгіром. Натуральна, я гэткую лухту падпісваць адмовіўся».

З Аляксандрам, сынам тагачаснага кіраўніка ўраду, Вечар быў знаёмы. Зь сем’ямі вядомых Пупейкі й Багданкевіча — жыў па суседзтве. З гэтага ён ніколі не рабіў таямніцы. Пасьля адмовы падпісваць ілжывыя сьведчаньні пачаліся пагрозы сьледчых на адрас Алесевай сям’і. Але быў у сьледзтва і іншы разьлік.

 

«Я браў удзел практычна ва ўсіх акцыях Беларускага Народнага Фронту, пачынаючы з пабоішча ў Курапатах 30 кастрычніка 1988 году, — распавядае Алесь Вечар. — У мяне пыталіся, чаму я не хачу цяпер даць паказаньні супраць людзей, якія зьяўляюцца праціўнікамі Фронту. Пераконвалі, што, маўляў, Пупейка, Чыгір і Багданкевіч заўсёды перашкаджалі БНФ».

Непакоячыся за лёс родных, Алесь паабяцаў «падумаць». Але неўзабаве даведаўся, што ягоная сям’я ўжо за мяжою і ёй нічога не пагражае. Тады ён проста адмовіўся «супрацоўнічаць» прапанаваным яму чынам. Паводле словаў А.Вечара, у адрозьненьне ад іншых затрыманых, што сядзелі разам зь ім, яго тады не зьбівалі. Патрабавалася, каб здаровы і інтэлігентны сьведка па магчымасьці шчыра пераконваў народ у злачыннасьці Чыгіра з Пупейкам перад відэакамэрай. Такому, як Вечар, паверылі б. Але разьлік не апраўдаўся. Нават калі Вечара заколвалі адмысловымі ўколамі, ён не згадзіўся. Праз тры гады Алесь даведаецца, што менавіта гэтыя «лекі» выклікалі ў яго цукровы дыябэт.

Выбар быў прапанаваны недвухсэнсоўны: альбо ілжэсьведчаньні — альбо турма.

 

Як «знайшоўся» артыкул

Прыкладна ў той самы час міліцыя затрымлівае некалькіх маладых людзей, якія жывуць у адным зь Вечарам раёне Менску. Усіх іх Алесь ведае ў твар. Пры сустрэчах нават віталіся.

Маладых людзей абвінавачваюць у крадзяжах аўтамашын. Ня нашая задача зараз разьбірацца, хто з тых хлопцаў сапраўды меў дачыненьне да крадзяжоў. Але факт, што сьледзтва імкнецца любымі шляхамі далучыць Алеся да справы. Як аднаго з членаў злачыннай групы. Потым у абвінаваўчым заключэньні будзе сьцьвярджацца: Вечар Аляксандар Алімавіч, 1960 году нараджэньня, адукацыя вышэйшая, разам з Куцапалавым А.Н., Карунным А.В., Масакоўскім Ф.А., Чыжыкавым Ю.А. і Калтовічам Д.А., «дзейнічаючы ў складзе ўстойлівай арганізаванай групы з разьмеркаваньнем роляў, маючы адзіны намер на крадзяжы маёмасьці грамадзян у асабліва буйных памерах, у пэрыяд з сакавіка па травень 1996 году таемна зьдзейсьнілі шэраг крадзяжоў аўтатранспарту грамадзян». Канкрэтна Вечару інкрымінаваўся ўдзел у крадзяжах машын 16, 22 і 29 траўня. Урон, нанесены ім грамадзянам, на думку сьледзтва, складаў 134 330 000 рублёў.

Перад тым, як адправіць Вечара і яго «падзельнікаў» у сьледчы ізалятар, іх пратрымалі ў камэры часовага ўтрыманьня гарадзкога сьледчага ўпраўленьня ня тры дні, а тыдзень. Чаму? У Алеся павінны былі сысьці сьляды ўколаў, у астатніх — сінякі ад зьбіцьця. «Распрацоўка» зьбіцьцём не абмежавалася. Аднаму з «арганізаванай групы» міліцыянты выбілі вока, на ўсё жыцьцё пакінуўшы інвалідам. Другога хлопца згвалтавалі. Так сталічнае сьледчае ўпраўленьне здабывала доказы віны.

Апынуўшыся ў СІЗА, падсьледныя пачалі адмаўляцца ад дадзеных раней паказаньняў.

 

Крымінал ці палітыка?

Калі А.Вечар адправіў у Маскоўскі суд сталіцы скаргу на незаконны арышт, яе разгледзелі ў адсутнасьць яго самога і яго адваката. Інакш і быць не магло. Выпускаць яго з-за кратаў ніхто ня думаў: напярэдадні сумнавядомага рэфэрэндуму агалоска была небясьпечная для ўладаў. А маўчаць пра «падкопы» пад прэм’ер-міністра Вечар дакладна ня стаў бы. Таму тэрмін сьледзтва падаўжалі, а нічога новaга ў справу ўжо ня ўносілася. Нават дата пачатку суда ў апошні момант была перанесеная з разьлікам, каб працэс пачаўся пасьля рэфэрэндуму.

Ні ў адным месцы «сваёй» крымінальнай справы А.Вечар не фігураваў як злачынца. Доказаў ня толькі бракавала — не была даведзеная прысутнасьць Вечара на месцы нібыта ўчыненых ім злачынстваў. Не ўдалося давесьці й папярэднюю змову зь іншымі, і ўжываньне разам з падзельнікамі алькаголю (згодна з матэрыяламі справы, кралі выключна ў стане алькагольнага ап’яненьня).

Пры поўнай адсутнасьці доказаў віны Алесь Вечар быў прызнаны вінаватым. 15 сакавіка 1997 году Фрунзенскі раённы суд сталіцы прысудзіў яму 6 гадоў калёніі.

 

«Мне далі большы тэрмін, чым знакамітаму ўгоншчыку самалёта зь Беларусі ў Швэцыю. Яму далі пяць гадоў, ён адбыў адзін, — адзначае Алесь. — Мяне прызналі вінаватым у злачынстве зь ліку асабліва цяжкіх, за якія некалькімі гадамі раней быў прадугледжаны расстрэл. Калі б у свой час Кебіч гэтага не паадмяняў, мяне б маглі прыгаварыць і да расстрэлу».

3 студзеня 1997 г. Прэзыдыюм Менскага гарадзкога суда перагледзеў справу і ў дачыненьні да А.Вечара адмяніў прысуд. Мера стрыманьня пакінутая такая самая, аднак пастаноўлена перагледзець справу ў судзе ў іншым складзе судзьдзяў. Такое ж самае рашэньне прыняла 17 сакавіка 1998 году Судовая калегія па крымінальных справах Менгарсуда. Абодва разы ў прынятых юрыстамі дакумэнтах адзначаецца адсутнасьць доказаў віны А.Вечара.

У выніку Алесь быў выпушчаны з турмы толькі ў красавіку 1999 году — па амністыі...

 

Працяг

Пасьля выхаду на волю Алесь сутыкнуўся з мноствам непрыемных сюрпрызаў. Даведку аб вызваленьні з калёніі УЖ 15/25 (г.Шклоў) атрымаў дзіўную. Са словаў Алеся, на ёй двойчы падроблены ягоны подпіс і адзін раз — надпіс «Пашпарт атрымаў». Усяго гэтага ён на згаданым дакумэнце сам не пісаў.

Высьветлілася, што ў Фрунзенскім райваенкамаце раптам зьніклі ўліковыя дакумэнты Вечара. На запыт юрыдычнай кансультацыі Партызанскага раёну, дзе жыў пасьля турмы Алесь, райваенком А.Краўчанка даў адказ, што нібыта Вечар ніколі не стаяў на ўліку ў гэтым ваенкамаце (хоць, паводле лёгікі, як ён тады на момант арышту мог быць прапісаны ў Фрунзенскім раёне?). Ці зьяўляецца А.Вечар ліквідатарам аварыі на Чарнобыльскай АЭС — «ваенкамат зьвестак ня мае». Такім чынам, Алесь згубіў усе свае чарнобыльскія ільготы, а адпаведнае пасьведчаньне ліквідатара, шмат гадоў таму выдадзенае Фрунзенскім жа ваенкаматам — як бы й несапраўднае. Але гэта ня ўсё. Без вайсковых дакумэнтаў узьнікаюць праблемы з прапіскай, атрыманьнем пашпарту...

Як на тое, пайшлі дзіўныя просьбы чыноўнікаў. Скажам, былая жонка Вечара, робячы дзіцёнку замежны пашпарт, паказвае авіраўцам натарыяльна завераную пісьмовую згоду бацькі свайго сына. А ёй у адказ: «Хай прыедзе асабіста з пашпартам». Да іншых, у каго няма праблем з дакумэнтамі, такіх патрабаваньняў не было. З дакумэнтамі нязломнага спадара Вечара папрацавалі ня менш нязломныя з савецкіх часоў таварышы са спэцслужбаў.

 

Няма чалавека — няма праблемы

«Адгукнуўся» і цукровы дыябэт, выкліканы ўколамі на сьледзтве. Толькі пасьля вызваленьня Алесь Вечар даведаўся, што яшчэ напачатку 1996-га лекары прадпісвалі яму пастаянны кантроль узроўню цукру ў крыві. За ўвесь час зьняволеньня такога кантролю ніхто, вядома, не праводзіў.

Магчыма, менавіта на гэтую небясьпеку і спадзяваліся? Хацелі ж праз «бэнээфаўца» Вечара прыбраць са шляху Лукашэнкі тагачасных прэм’ера, кіраўніка Нацбанка, знакамітага бізнэсоўца. Мо й яшчэ каго. Проста плян ня ўдаўся. Проста й бязь Вечара апанэнты пачалі сыходзіць. Так Алесь перажыў турму.

І яшчэ. Падчас адсідкі Вечара ў турме адзін са знаёмых яго былой жонкі Веры прапанаваў ёй дапамогу. Схема была простай: грошы — твае, сувязі й магчымасьці — мае. Вера пагадзілася, але толькі выкінула на вецер даволі немалую суму. Пракапенка Алег Васільевіч (гэтак завуць таго знаёмца) слова не стрымаў. Наадварот, пазьней ён, уварваўшыся ў кватэру Веры і яе сына зь пісталетам, учыніў рабаўніцтва.

Са словаў былой жонкі Алеся Вечара, Пракапенка пастаянна набіваўся на сяброўства і дэманстраваў доказы свайго дачыненьня да вышэйшых эшалёнаў прэзыдэнцкай улады. Ён называў сябе «саветнікам прэзыдэнта па эканоміцы». Апошнія два гады «саветнік» сядзіць у менскім СІЗА. Суд мусіў распачацца ў траўні, але справу накіравалі на дасьледаваньне. Ня выключана, што Пракапенка быў пешкай у гульні, якая ішла вакол сям’і Вечара, а ўсьлед — Чыгіра, Багданкевіча й Пупейкі.

 

«Яшчэ мой дзед завяшчаў мне, беларусу, жыць і працаваць у Беларусі. У канцы 20-х ён, галоўны рэдактар часопіса «Шляхі калектывізацыі», за рэзкую крытыку «принудиловки» быў выключаны з партыі й пазбаўлены магчымасьці працаваць па спэцыяльнасьці. Больш за 30 гадоў ён блукаў па бяскрайніх абшарах тагачаснага СССР, песьцячы мару вярнуцца на Бацькаўшчыну. Напачатку 60-х яна збылася — ён вярнуўся ў Менск сусьветна вядомым біяхімікам... Яго таксама неаднойчы спрабавалі прымусіць выступіць супраць яго перакананьняў — лысенкаўшчына, барацьба з вайсманізмам-марганізмам для мяне не абстракцыя, а гісторыя маёй сям’і».

Са словаў родных Алеся Вечара, пасьля ад’езду тры тыдні ніякіх зьвестак ад яго няма. Пакуль няма. Мяркуецца, што ўсьлед за Алесем зьедзе ў Канаду й ягоная сям’я. Яшчэ некалькі суайчыньнікаў пакінуць Радзіму...

 

Аўтар выказвае падзяку Праваабарончаму цэнтру «Вясна-96» за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу.

 

 

P.S. Калі паласа ўжо была падрыхтаваная, Алесь Вечар патэлефанаваў былой жонцы Веры. Сказаў, што ён зараз у Польшчы і ў яго ўсё нармалёва.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0