Зьміцер ДЗЯДЗЕНКА

Манаскі бунт

 

Гісторыя Воршы дае не адзін прыклад таго, як зацята адстойвалі аршанцы сваю незалежнасьць ад уладаў: і сваіх, і прышлых. Так было напрыканцы XIV ст., калі аршанцы змагаліся супраць аб’яднаўчых захадаў вялікага князя Вітаўта. Тады й зьнік род удзельных аршанскіх князёў, і нават летапісы не называюць іх, у адрозненьне ад суседніх князёў Друцкіх, якія добраахвотна паддаліся вялікакняскай уладзе і падоўжылі свой род. Так было і на пачатку XVI ст., у час вядомай Аршанскай бітвы. І на пачатку XVII ст., калі мяшчане дамагліся Магдэбурскага права. Гэтак было напрыканцы XVIII ст., калі аршанскія канфэдэраты збройна змагаліся супраць падзелаў Рэчы Паспалітай. Падзея, пра якую пойдзе гаворка сёньня, так званы «куцеінскі бунт», таксама сьведчыць пра неадольную прагу аршанцаў да адстойваньня сваіх правоў. Аднак гэты бунт выразна вылучаўся спаміж усіх падзеяў такога кшталту. Адметнасьць у тым, што дзейнымі асобамі былі манахі праваслаўнага Куцеінскага манастыра (што тады стаяў каля Воршы, а цяпер знаходзіцца ў межах гораду).

Пабудаваны на пачатку XVII ст., манастыр амаль адразу стаў стаўрапігіяльным (г.зн. кіраваўся беспасярэдне праз Канстанцінопальскі патрыяршы прастол). Беларускія царкоўныя ўлады ня мелі права ўплываць на ягоную дзейнасьць. Архімандрыт Куцеінскай лаўры быў галоўным начальнікам і кіраўніком усіх беларускіх манастыроў, як паведамляе І.Грыгаровіч у сваёй працы «Беларуская ярархія». Толькі ў 1686 годзе гэтая архімандрыя стала залежаць ад Кіеўскага мітрапаліта, але па-ранейшаму не падпарадкоўвалася мясцовым царкоўным уладам.

Такое становішча не задавальняла Магілёўскую япіскапію, якая намагалася аб’яднаць пад сваім верхам усе праваслаўныя асяродкі Ўсходняй Беларусі (магілёўскі япіскап насіў тытул «Беларускага»). І таму магілёўскі япіскап Сыльвэстар (у сьвеце — князь Сьвятаполк-Чацьвярцінскі) на пачатку XVIII ст. пачаў рабіць захады, каб падначаліць сабе «замежныя» манастыры Кіеўскай япархіі ў межах Беларускай (Магілёўскай) япіскапіі. Сярод іх былі абодва Куцеінскія — мужчынскі ды жаночы. Спроба гэтая не прынесла посьпеху, бо настаяцелі згаданых манастыроў на чале зь ігуменам Ёвам зьвярнуліся 11 студзеня 1710 году із скаргай на незаконныя дзеяньні япіскапа да расейскага імпэратара Пятра І. Уплыў расейскіх сьвецкіх уладаў на царкоўныя (і ня толькі ў сваёй дзяржаве) справы, ужо тады быў нагэтулькі моцным, што імпэратарскі загад аб аднаўленьні ранейшага становішча быў выкананы.

Аднак няўрымсьлівы Сыльвэстар ня мог супакоіцца: думка аб існаваньні на тэрыторыі «ягонай» япархіі не падлеглых яму манастыроў літаральна атручвала ўсё жыцьцё гэтаму чалавеку. Толькі, навучаны горкім досьведам, другі раз за падначаленьне манастыроў ён бярэцца больш абачліва.

Перадусім магілёўскі япіскап шукае сабе хаўрусьнікаў. Выпадак (ці лёс) падараваў яму надзейнае апірышча ў асобе графа Ігната Рудакоўскага, прызначанага ў Магілёў ад расейскага ўраду спэцыяльным камісарам для абароны праваслаўнага насельніцтва. У графа, верагодна, было вельмі своеасаблівае ўяўленьне пра абарону праваслаўных, калі ён пагадзіўся дапамагаць Сыльвэстру ў такой «далікатнай» справе...

Першым аб’ектам, на які хаўрус накіраваў свае высілкі, былі Куцеінскія манастыры. Мабыць, немалаважную ролю ў гэтым выбары адыграла завадатарства аршанскіх манахаў у супраціве пад час мінулай спробы падпарадкаваньня манастыроў. 28 сакавіка 1723 году Сыльвэстар прыехаў у Куцеінскі мужчынскі манастыр, дэкляраваўшы сваёй мэтай агляд царкоўных скарбаў і духоўнага парадку. Зь ім разам прыбыў граф Рудакоўскі, які пасьпяшаўся абвясьціць, што едзе як прадстаўнік расейскага ўраду для разгляду крыўдаў, учыненых манастыру.

Але сапраўдныя мэты «рэвізіі» былі навідавоку. І дэклярацыі хаўрусьнікаў не ўвялі ў зман аршанскіх манахаў: яны далі годны адпор суправаджэньню япіскапа. Калі ж сам Сыльвэстар зьявіўся ў манастыр і загадаў узяць пад варту манахаў як буянаў і бунтаўнікоў, ігумен Міхаіл Кобрынец загадаў «біць на гвалт», а сам конна памчаўся ў Воршу. Узьняўшы за сабой, паводле паведамленьня графа Рудакоўскага, «мноства шляхты і многія тысячы паспольства», ён прывёў іх да манастыру і захапіў у палон абодвух саноўных хаўрусьнікаў зь іхным атачэньнем. І япіскапа, і камісара ўсю ноч пратрымалі «пад шаблямі», са словаў расейца, «аднагалосна крычаўшы: забі, забі, расьсякай маскаля і папа-схізматыка».

Пратрымаўшы некалькі дзён, палонных выпусьцілі. Але для магілёўскага япіскапа гэтыя падзеі ня сталі папярэджаньнем: ён накіраваўся ў Полацак, каб прывесьці тамтэйшыя стаўрапігіяльныя манастыры пад сваё вяршэнства. Аднак і там яго спасьцігла няўдача...

Абураныя «непаслушэнствам» манахаў, хаўрусьнікі пачалі скардзіцца: лісты былі накіраваныя ў Сьвяшчэнны Сынод (утвораны ў 1721 годзе) і кіеўскаму архіяпіскапу Варламу Ванатовічу. Разумеючы хісткасьць сваіх пазыцыяў, скаржнікі абвінавацілі манахаў у спробе перайсці ва ўніяцтва. А падбухторваў іх на гэта, маўляў, аршанскі харужы Стэткевіч, карыстаючыся сваім калятарствам* (род Стэткевічаў, які зафундаваў стварэньне манастыра, на той час перайшоў у каталіцтва, але, як бачым, працягваў апекавацца сваім «дзіцём»).

Не задаволіўшыся гэтым, Сыльвэстар наклаў забарону на адпраўленьне духовых службаў манахамі Куцеінскага манастыру.

Тымчасам ад найвышэйшых царкоўных уладаў адказы на скаргі не прыходзілі: яны чакалі большых падрабязнасьцяў. І тады магілёўскі япіскап пачаў дзейнічаць самастойна, на сваю рызыку. 19 ліпеня 1724 году ён адлучыў ад царквы сем манахаў Куцеінскага мужчынскага манастыра (сярод іх — ігумена Кобрынца), а таксама ігуменьню Куцеінскага жаночага манастыра Кацярыну Лапіцкую і абвясьціў ім анафэму. Між прычынаў адлучэньня, апрача бунту, называлася й тая акалічнасьць, што куцеінскія манахі, не зважаючы на япіскапскую забарону, «важыліся адпраўляць царкоўныя набажэнствы і сьвятыя цырымоніі, слухаць споведзі, прыводзячы людзкія душы да адной з сабой згубы». Абвінавачаньні манахаў у асабістых заганах падаюцца ў напышлівым і патэтычным тоне: «ня варты хрысьціянскага манаскага найменьня», «напоўнены духам пякельнага Ахеронту», «падобны да яхідны».

Адлучальныя граматы былі разасланыя па ўсёй Магілёўскай япархіі, і ў хуткім часе япіскапія нагадвала нямецкае княства часоў Лютэра: на дзьвярах кожнае царквы было прыбіта япіскапскае адлучэньне куцеінскім манахам.

Зганьбаваныя манахі не зьбіраліся скарацца: яны зьвярнуліся із скаргай на неправамоцныя дзеяньні Сыльвэстра да кіеўскага мітрапаліта, і той 10 лістапада 1724 году сваёй уладай адмяніў прысуд магілёўскага япіскапа. Горшай за ўсё для Сыльвэстра была рэакцыя Сьвяшчэннага Сыноду, які пагадзіўся з кіеўскім архіяпіскапам. Пазбаўлены ўсялякай падтрымкі, магілёўскі япіскап мусіў здацца й нават апраўдвацца ў чысьціні сваіх намераў.

Аршанцы абаранілі манастыр. Праўда, у другой палове стагодзьдзя, пры Георгіі Каніскім, стаўрапігіяльныя манастыры адышлі-такі да Магілёўскай (Беларускай) япіскапіі. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.

 

 

*Калятар — фундатар манастыру ці ягоны нашчадак.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0