слоўнік паняцьцяў

 

10. Пра фальшывую і фальшаваную сьвядомасьць.

Шмат небясьпек падсьцерагае сучаснага чалавека ў яго няпростым жыцьці. Усякімі вірусамі, інфэкцыямі, мікробамі-кляшчамі поўніцца прастора. Кожны дзень чалавек дазнаецца пра шмат чаго новага, у тым ліку і пра тое, што вось ужо недзе зусім недалёка вучоныя знайшлі ўзбуджальнікаў сібірскай язвы або выявілі пакуль яшчэ адзінкавыя выпадкі захворваньня на халеру. Пра кішачную палачку апошнім часам амаль ня згадваюць — яна ў нас паўсюль, у дробных і буйных вадаёмах.

Пра гэтыя небясьпекі нам гаворыць традыцыя. Суровы дотык да рэаліяў сёньняшняга дня дае ў выніку разуменьне таго, што ў нашых душах завёўся яшчэ адзін вельмі небясьпечны паразыт — назавем яго ў рабочым парадку паразытам мазгоў.

Прысутнасьць гэтага паразыта ў галовах нашых грамадзян адчуваецца на кожным кроку. Дастаткова ўважліва паслухаць, як яны гавораць (о, гэтыя бясконцыя...), як яны разважаюць (асабліва «цешыць» іх паталягічная непераможнасьць у рознага роду спрэчках і дыспутах), як яны праводзяць свой вольны час. Паразыт гэты ня толькі ёсьць там, дзе ён ёсьць, але і праводзіць сваю разбуральную дзейнасьць. І калі яго не абясшкодзіць у пару, мазгі хворага стаюцца вадкімі, бы сьмятана. Цяпер нішто не перашкаджае яму разьняволена плысьці па акіяне жыцьця.

У адрозьненьне ад паразытаў, якія выклікаюць хваробы цела, паразыт мазгоў перадаецца ў спадчыну. Увогуле, гэта прыроджаная хвароба, якую, зрэшты, можна набыць і ў сталым веку. Па маіх назіраньнях, некаторыя людзі нават вельмі радыя, што ў іхнай мазгаўні асяліўся гэты паразыт, і грозна хмураць бровы, нават калі толькі заікнуцца пра пэўную нездаровасьць, якая прасякае іх знутра.

Хмурыць іх бровы прымушае акурат гэты самы паразыт.

Савецкія ідэолягі спадзяваліся, што расейская калянізацыя зробіць беларусаў расейскамоўнымі. Аднак выйшла не зусім так. Беларусы ў масе сваёй сталі ня толькі і ня столькі расейскамоўнымі, а безьязыкімі і бязмоўнымі. Невядома, наколькі да гэтага спрычыніўся выяўлены кагадзе паразыт, але пэўнае адно: Беларусь даўно ператварылася ў краіну фальшывай і фальшаванай сьвядомасьці.

Пад час калянізацыі традыцыйна фальшуецца як сьвядомасьць звычайных людзей-аўтахтонаў, якіх ажно расьпірае ад самых фантастычных уяўленьняў пра сябе і навакольную рэчаіснасьць, так і спэцыфічныя ўзроўні грамадзкай сьвядомасьці, а менавіта мова, гісторыя, мастацтва, літаратура. Канчатковая мэта гэтых нівэляцыйных захадаў — сьпярша дасягчы эфэкту агрубленьня, своеасаблівай заніжанасьці жанру, а пасьля выставіць яе напаказ, зрабіць зразумелай і відавочнай для кожнага.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0