Весткі зь Літвы
Саламяная мяжа
Дырэкцыя нацыянальнага парку ў Троках усталюе памятныя знакі на лініі той мяжы, што праходзіла ў міжваенны час, калі Вільня належала да Польшчы і лічылася сталіцай Заходняй Беларусі, а сталіцай Літвы было Коўна. Знакі будуць такія самыя, як і тады, у 1920—1939 гадох — драўляныя палкі з начапляным на іх пуком саломы. Увогуле літоўцы ня любяць згадваць, што Вільня калісьці ім не належала, але тут во чагосьці надумаліся (свая ўсё ж гісторыя) і адразу заклікалі — не ўглядаць у гэтым ніякай палітыкі!
Пачалі сплочваць доўг
Кіраўнікі акцыйнага таварыства «Lietuvos energija» паведамілі, што ўрад Беларусі пачаў сплочваць Літве доўг за электраэнэргію. З паловы ліпеня літоўцы ўжо атрымалі каля 31 млн. літаў ($7,75 млн.), і на 11 жніўня доўг складаў крыху больш за 365 млн. літаў ($91,25 млн.). А яшчэ пішуць, што Беларусь працягвае атрымліваць літоўскую электрычнасьць, толькі нейкімі вакольнымі шляхамі.
Гандляры бунтуюцца супраць беларусаў
Гандляры на рынку ў Алітусе сабраліся на пікет і пратэстуюць, што шмат тавараў паступае сюды зь Беларусі, а іх фактычна выцясьняюць з рынку. Вінаватыя ва ўсім, кажуць, умовы гандлю. Беларусам разавая ліцэнзія каштуе нашмат меней, чым літоўцам гадавая. Да таго ж многія тавары ідуць кантрабандай, міма мытні і каштуюць нашмат менш, чым літоўскія. І так ва ўсёй паўднёвай Літве. У Друскеніках людзі ўжо рынак называюць Лукашэнкаўскім. Дык пікетоўцы склалі рэзалюцыю, у якой патрабуюць, каб спынілі выдачу часовых ліцэнзіяў замежнікам і каб правяралі паходжаньне беларускіх тавараў — дзе і як яны правезеныя празь мяжу.
С.Х.