Тацяна СЬНІТКО 

Татарскі баль

Зьезд — каб перазнаёміць хлопцаў і дзяўчат

 

Знайсьці ў Слоніме мусульманскі храм аказалася няцяжка. Калі ў вас стае цярпеньня дачакацца мясцовага грамадзкага транспарту (аўтобусы ходзяць раз на паўгадзіны), трэба дабрацца да цэнтру і збочыць на мост праз канал. На ягоным беразе, усеяным рыбакамі, і прытуліўся будынак з паўмесяцам наверсе. Мячэт у Слоніме зусім не падобны да велічных мусульманскіх храмаў, якія даводзілася бачыць на Каўказе. Ён выглядае вельмі сьціпла і, у адрозьненьне ад каўкаскіх, вызначаецца свабодай нораваў. На набажэнствы сюды пускаюць ня толькі жанчын, але й прадстаўнікоў іншых веравызнаньняў.

Калі я ўвайшла ў мячэт, ніхто не маліўся. Кіраўніцтва мусульманскай грамады гораду частавала гасьцей, што прыехалі на зьезд. Не пасьпяваю амаль нічога сказаць, як аказваюся за сталом. Адмаўляцца ў такіх выпадках бессэнсоўна ды й не прынята: першы звычай мусульманаў — накарміць госьця з дарогі. Калі госьць адмаўляецца, ён наносіць крыўду гаспадару.

Зьезд татарскай моладзі, які прайшоў у Слоніме 14 жніўня, быў прымеркаваны да 5-й гадавіны адраджэньня ў горадзе мячэту. Паводле гістарычных зьвестак, мясцовыя татары-мусульмане мелі тут свой храм яшчэ ў 1665 годзе. У 1881-м у страшэнным пажары згарэлі мячэт і колішняя Татарская вуліца. Праз два гады храм быў адбудаваны наноў, але згарэў другі раз ужо ў 44-м годзе, калі з гораду адыходзілі нямецкія войскі. Вуліцу Татарскую неўзабаве перайменавалі ў вул. Кірава.

З канца вайны і ажно да пачатку 90-х гадоў слонімскія татары мелі свайго імама й маліліся па хатах.

Яшчэ адна памятная для татараў дата ў жніўні — угодкі заснаваньня знакамітай некалі бібліятэкі. Створаная з ініцыятывы тутэйшых мусульманаў на пачатку 20-х, бібліятэка праіснавала да 17 верасьня 1939-га. Пачатак жніўня ў тыя гады быў часам правядзеньня вялікіх урачыстасьцяў у колішнім Доме Людовым. Цікава, што ўрачыстасьці зваліся зусім па-эўрапейску — балямі. За польскім часам слонімскія татары мелі традыцыю ладзіць балі таксама ў гонар Байраму.

Такім чынам, нечакана для сябе я патрапіла якраз на працяг тых татарскіх баляў. Толькі замест «Дому Людовага» цяпер ён адбываўся ў адной з школаў. Госьці на баль-зьезд прыбылі з 12 гарадоў Беларусі, а таксама зь Літвы. Як патлумачыў кіраўнік слонімскай татарскай суполкі Сулейман Байрашэўскі, меркаваўся таксама ўдзел польскіх татараў, але іх вырашылі не запрашаць пасьля акту вандалізму. Спадар Сулейман у гутарцы выказаў спадзяваньне, што вінаватых хутка знойдзе мясцовая міліцыя. Аднак, па зьвестках зь іншых крыніцаў, міліцыя ды супрацоўнікі спэцслужбаў не праяўляюць вялікай трывогі ў зьвязку з актам зьнявагі нашых суграмадзян ісламскай веры. На маю думку, адна з прычын — уплыў на масавую сьвядомасьць панславянскай прапаганды. Яна ракой лілася пад час апошніх падзеяў на Балканах. Яна працягвае ліцца ў сувязі з канфліктам на Каўказе. Толькі якое дачыненьне нашыя татары маюць да далёкіх гарачых кропак? Як адзначыў у сваім выступе на зьезьдзе кандыдат гістарычных навук, намесьнік муфція Ібрагім Канапацкі, якраз беларускія мусульмане заўсёды вызначаліся верацярпімасьцю, якой бракуе насельнікам рэгіёнаў, дзе цяпер ліецца кроў.

Нягледзячы на тое, што вокны мячэту давялося пазабіваць дошкамі, запужаць татараў не ўдалося. Больш за тое, напярэдадні зьезду татарскай моладзі, пасьля доўгага перапынку ў слонімскім мячэце адбыўся хазан — імянарачэньне дзіцяці мусульманскім імем. А 13 жніўня адна маладая хрысьціянка прыняла іслам, жадаючы быць адной веры са сваім мужам-мусульманінам. Са словаў Сулеймана Байрашэўскага, гэта першы падобны выпадак у Слоніме за апошнія 60 гадоў.

Сёньня Слонім, як і на працягу апошніх стагодзьдзяў, застаецца адным з цэнтраў татарскай культуры былога Вялікага Княства Літоўскага — менавіта тут рэстаўруюцца старыя выданьні Карану, надрукаваныя адмысловым казанскім шрыфтам. Некаторым з гэтых кніг па сто і болей гадоў. Усе яны захоўваліся некалькімі пакаленьнямі татараў па хатах.

Беларускія татары імкнуцца падтрымліваць сувязі са сваімі суродзічамі ды адзінаверцамі ва ўсім сьвеце. Лідэр моладзі Барыс Радкевіч распавёў пра пляны абмену студэнтамі паміж ВНУ Беларусі й Татарстану. Ужо цяпер два татарскія хлапцы і адна дзяўчына зь Беларусі паехалі вучыцца ва ўнівэрсытэты Турцыі. Беларускі муфціят і асабіста Ібрагім Канапацкі робяць шмат дзеля вяртаньня на нашую зямлю гістарычных рэліквіяў. Напрыклад, у адным з музэяў Турцыі захоўваецца датаванае 1558 годам «Рысале-Ітатар-Ілекс» — «Апісаньне татараў у Літве», створанае на просьбу турэцкага султана Сулеймана. У Беларусі ж няма нават копіі гэтага апісаньня, і невядома, калі яна зьявіцца.

На зьезьдзе было прапанавана стварыць аб’яднаную арганізацыю маладых татараў Беларусі, Польшчы і Літвы — нашчадкаў адзінай супольнасьці татараў Рэчы Паспалітай. Адна з галоўных задач моладзі — адраджэньне старых мусульманскіх могілак-мізараў. Гаворка ня толькі пра закінутыя старыя могілкі, але і пра ўшанаваньне месцаў пахаваньня, разбураных камуністычнымі ўладамі. На зьезьдзе прагучалі зьвесткі аб пракладзеных праз магілы татараў аўтатрасе Менск—Берасьце, Ашмянскім тракце... Больш складанае пытаньне — спробы адрадзіць мову татараў ВКЛ, якую тыя забыліся ў ХVI ст. Дарэчы, толькі нашы татары праз сваю ізаляванасьць больш за 200 гадоў захоўвалі той варыянт татарскай мовы, на якім гаварылі ў Залатой Ардзе.

Зьезд скончыўся ў лепшых традыцыях старых часоў — балем. Пачастункі і танцы былі абавязковай часткай праграмы. Татары колішняга ВКЛ зьбіраюць сваю моладзь раз на два-тры гады, каб перазнаёміць хлопцаў і дзяўчат паміж сабой. Пасьля многія ствараюць сем’і, падаўжаюць традыцыі продкаў. Аднак сёньня па-сапраўднаму захоўваюць і падаўжаюць традыцыі толькі ў Іўі. Менавіта івейскія татары найбольш згуртаваныя. Яны не жадаюць нікуды зьяжджаць са свайго мястэчка і растварацца ў сьвеце. Хіба не яны надаюць гэтаму сьвету разнастайнасьці? Адраджэньне культуры беларускіх мусульманаў — частка адраджэньня Беларусі ўвогуле.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0