Напад на мячэт

Позна ўвечары 9 жніўня невядомыя ўчынілі акт вандалізму ў слонімскім мячэце

Каля 10 гадзін вечару хтосьці пабіў вокны мячэту, які знаходзіцца ў Слоніме каля каналу Агінскага на аднайменнай вуліцы. Пасьля невядомыя спрабавалі трапіць праз адно з вокнаў у будынак, але вандалаў спынілі краты. Выкліканая суседзямі міліцыя злачынцаў не затрымала, бо яны пасьпелі ўцячы…

Старшыня слонімскага аб’яднаньня мусульманаў Сулейман Байрашэўскі лічыць, што напад быў невыпадковым, бо адбыўся якраз напярэдадні зьезду татарскай моладзі Беларусі ў Слоніме. Мясцовыя мусульмане рыхтаваліся адзначыць і пяцігодзьдзе аднаўленьня слонімскага мячэту. Відавочна, хтосьці вырашыў сапсаваць ім сьвяточны настрой.

С.Байрашэўскі адзначыў і дзіўныя дзеяньні міліцыянтаў, якія пасьля здарэньня нават не апытвалі суседзяў. А начальнік слонімскай міліцыі Батура быў незадаволены тым, што мусульмане напярэдадні разрэклямавалі свой зьезд у мясцовай прэсе ды “завалілі будынак дыванамі”…

Татары жывуць у Слоніме ўжо чатыры стагодзьдзі. Іх старажытны мячэт згарэў летам 1944 году, і на пачатку 1990-х гадоў, калі ў горадзе актывізаваліся мусульмане, на тым месцы ўжо стаяў прыватны дом. Тады яны папрасілі гарвыканкам выдзяліць пад мячэт занядбаны будынак на вуліцы Агінскага. Не далі. Тады мусульмане зьвярнуліся ў Вярхоўны Савет Беларусі, які ў чэрвені 1994 году й перадаў ім гэты будынак. За тыдзень верныя ўласнымі сіламі зрабілі рамонт, і мячэт пачаў працаваць. Цяпер яны ізноў усёй грамадкай аднаўляюць сваю бажніцу.

Сяргей Ёрш


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0