Гняздо беларускасьці Sokrates

У Крынках (Беласточчына, Польшча) ствараецца своеасаблівы цэнтар беларускай культуры Villa Sokrates, які 14 жніўня ладзіць першае мерапрыемства: літаратурную сустрэчу «Трыялёг беларускі». Яе ініцыятар і гаспадар Сакрат Яновіч адказаў на пытаньні беластоцкай «Нівы».

 

Чым мае быць Villa Sokrates?

— Тут будзе канцэнтравацца дзе-

яньне, накіраванае на абарону беларускай культуры, асабліва літаратуры ад зьніштажэньня. Хочам дапамагаць беларускай літаратуры прыжыцца ў Эўропе, дзе пра яе мала ведаюць. Бо няма каму яе папулярызаваць. Узьнікненьне Villa Sokrates, гэта — гаворачы крыху пэрвэрсійна — заслуга ня столькі мая, колькі прэзыдэнта Лукашэнкі. (sic!) Калі там усё беларускае пляжаць так, каб не засталося пасьля нас і мокрага сьледу, то я тут хоць колькі магу, наколькі маю сілы, кажу: не! Нябожчык Віктар Варашыльскі некалі сказаў мне знамянальныя словы: калі няма магчымасьці закрычаць, то трэба хоць запішчаць. Але, каб быў нейкі знак нязгоды, Villa Sokrates — гэта наш супраціў вынішчэньню беларускай літаратуры.

 

— Як гэта будзе адбывацца на практыцы?

— Мы, — бо я тут не адзін, але і Лёнік Тарасэвіч, і Юрка Хмялеўскі, і іншыя асобы, якія могуць у тым накірунку нешта арганізацыйна зрабіць, — маем намер выдаваць пэрыядычны часопіс, напачатак раз у год. У ім будуць публікаваныя тэксты пра беларускую літаратуру і, шырэй, культуру на мовах Эўропы. Для прыкладу, калі прафэсар Лёнданскага ўнівэрсытэту Арнольд Макмілін напісаў на ангельскай мове эсэ пра прозу Пташнікава, мы яго так і апублікуем, даючы абшырнае рэзюмэ па-беларуску. Або італьянская паэтка Крыстыяна Мольдзі Равэнна (перакладае аднаго з нашых аўтараў) напісала падобнае эсэ, то мы гэта апублікуем на італьянскай мове, а рэзюмэ на ангельскай і беларускай. Але Мольдзі Равэнна таксама паэтка, і мы будзем намагацца перакласьці нешта яе на беларускую мову. Гэта такі знак удзячнасьці, але ня толькі. Нашай стратэгіяй будзе ствараньне, так сказаць, гнёздаў зацікаўленьня беларускасьцю ў Эўропе. Маем шанец стварыць такое гняздо ў Вэнэцыі, Лёндане ці Гановэры. Завязваем сувязі з брэтонскімі аўтарамі.

 

— А беларускія аўтары? Ці будзе і для іх у часопісе месца?

— Людміла Рублеўская напісала вельмі добрае эсэ пра актуальны стан беларускай літаратуры. Мы яго апублікуем не па-беларуску, але на адной з эўрапейскіх моваў, каб людзі ў Эўропе змаглі зь яго даведацца пра беларускую літаратуру. Нам разыходзіцца пра тое, каб інтэлектуальная Эўропа, якая ведае пра беларускую літаратуру з энцыкляпэдыі, памаленьку ёю зацікаўлялася, напачатак цераз пасрэдніцтва нешматлікіх аўтараў, якія ўжо ёю цікавяцца і пра яе пішуць. А пераклады на беларускую мову маюць падвойнае значэньне. Па-першае, любому аўтару заўсёды цікава пабачыць пераклад сваіх твораў і прыемна, калі яго перакладаюць. А па-другое, такія пераклады ўваходзяць у субстанцыю беларускай літаратуры, эўрапеізуюць яе. Справа ў тым, каб беларуская літаратура хутчэй набывала эўрапейскі кантэкст. Каб не была павернутая ў адзін, усходні бок. Бо культура ўсебаковая.

 

— Villa Sokrates, значыць, мае быць нашай візытнай картачкай у сьвеце. А якое месца зойме яна паміж ужо існуючымі і стваранымі беларускімі культурнымі цэнтрамі на Беласточчыне?

— Мы ў ніякім разе нікому не канкурэнты. БГКТ, для прыкладу, гэта арганізацыя народная, БАС — студэнцкая. Кожная арганізацыя мае свой профіль, сваю мэту і кліентаў. Villa Sokrates — гэта структура абсалютна элітная, эксклюзыўная, арыентаваная выключна на літаратурнае і мастацкае асяродзьдзе. Яна будзе жыць у творчых асяродзьдзях паэтаў, пісьменьнікаў, перакладчыкаў. Напэўна Villa Sokrates будзе мець значэньне Літаратурнаму аб’яднаньню «Белавежа», хаця б таму, што мы тут на месцы і будзем яго часьцей экспанаваць. Зрэшты, ёсьць каго, маем добрых паэтаў, як хаця б Ян Чыквін. Несумненна, нейкі грамадзкі ўплыў Villa Sokrates мець будзе, але шырэйшага водгуку, можа па-за самымі Крынкамі, мы не спадзяемся.

 

— Якія найбліжэйшыя пляны?

— У палове жніўня ладзім тут сустрэчу з сымбалічнай назвай: трыялёг беларускі. Прымуць у ёй удзел нашы беластоцкія аўтары, пісьменьнікі зь Беларусі і аўтары з Заходняй Эўропы як трэці бок. Далей усё будзе залежаць ад фінансаў. Наша актыўнасьць задарма, бо ні я, ні хто колечы з маіх калег на гэтым не зарабляе. Грошы патрэбныя на часопіс і сустрэчы. Мы думаем, разам з выхадам свайго часопіса ладзіць некалькідзённую бяседу яго аўтараў з Англіі, Францыі, Італіі, Нямеччыны, так больш-менш дзесяць чалавек. Такія літаратурныя сустрэчы, свабодныя дыскусіі, сымпозіюмы будуць мець вельмі вялікае значэньне, бо такім чынам мы створым як быццам радзіну, гурт людзей знаёмых, дапамагаючых адзін аднаму і зацікаўленых пашырэньнем беларускай літаратуры ў Эўропе.

Успамаглі ўжо нас некаторыя бізнэсмэны, як Міраслаў Целушэцкі ці Валянцін Сельвясюк, нашы добрыя знаёмыя. У апошні час атрымалі мы чатыры тысячы злотых ад Фонду Баторыя. Гэта сумы недастатковыя, але пачатак заўсёды цяжкі. Ня будзем плянаваць многа, пляны лёгка рабіць. Горш зь іх ажыцьцяўленьнем. Дай Бог, каб нам удалося выпускаць раз у год часопіс, якому мы надалі лацінскую назву «Anno Albarutheni», гэта значыць «Беларускі год». Лацінская назва не з фанабэрыі, а каб была чытэльная ў Эўропе, каб, калі хто яго возьме ў рукі, ведаў чаго спадзявацца.

 

— Сорак гадоў Літаратурнае аб’яднаньне «Белавежа» чакала свайго часопіса. Першы нумар «Тэрмапілаў» зьявіўся толькі ў пачатку гэтага году. Ці «Anno Albarutheni» ня будзе яму канкурэнцыяй?

— Што Вы? «Тэрмапілы» — гэта часопіс для беларускіх аўтараў, а наш — для аўтараў эўрапейскіх, якія цікавяцца беларускай літаратурай, культурай, для сяброў беларускай літаратуры ў Эўропе.

Інтэрвію ўзяў Мікола Ваўранюк


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0