Вінцэсь МУДРОЎ 

У лістападзе 1812-га

Пабачыўшы спалучэньне словаў «напалеонаўскі скарб», усялякі прыстойны абываталь іранічна пасьміхаецца і дакорліва трасе галавой. «Пішуць розную лухту», — мармыча абываталь, адарваўшы вока ад газэты, але нататку пра пошукі скарбу абавязкова дачытвае да канца.

185 гадоў мінула ад часу напалеонаўскай кампаніі, а нашаму брату-журналісту й дагэтуль не даюць спакою прыхаваныя куфры з чырвонцамі, і на газэтных палосах раз-пораз зьяўляюцца кладашукальніцкія матэрыялы. Памятаю, недзе пры канцы семідзясятых асьвятляць гэтую няўдзячную тэму ўзяўся адзін надзвычай папулярны футбольны аглядальнік. У адной з сталічных газэт ён зьмясьціў сэрыю рэпартажаў пра пошукі напалеонаўскага скарбу на дне нейкага возера. І хаця вадалазы, што чабохталіся на дне, залатую карэту на бераг ня выкацілі, рэпартажы тыя нарабілі шмат шуму, і цяпер Павал Якубовіч узначальвае «Советскую Белоруссию».

Я прапаную сваёй улюбёнай газэце аповед, запісаны са словаў Міхайла Васілевіча Коваля, украінца, вэтэрана вайны, які цяпер жыве ў Наваполацку. Дакладны адрас яго ёсьць у рэдакцыі.

 

«Нарадзіўся я ў 1921 годзе на Чарнігаўшчыне, ля мястэчка Панорніца. Да 1930 году бацька працаваў на зямлі, а потым падаўся на Данбас — ратавацца ад калектывізацыі. Яшчэ падлеткам давялося паспытаць цяжкай шахтарскай працы, а напярэдадні вайны лёс закінуў мяне на Дняпро. Колькі месяцаў завіхаўся качагарам на рачным параплаве «Кляра Цэткін». У красавіку 41-га мяне забралі ў Чырвоную Армію.

Служыў у Кіеве, у артпалку, што месьціўся непадалёку ад 56-га аптычнага заводу. Дзень пачатку вайны адбіўся ў памяці: ад ранку даглядаў коні на палкавой стайні, і нечакана зямля пад нагамі здрыганулася й паветра напоўнілася гудам. Выбег на падворак і ўбачыў самалёты. Навокал замітусіліся, замацюкаліся, гукаючы: «манэўры» — а калі бомба грымнула на тэрыторыі заводу, усе разам выдыхнулі: «вайна».

На фронт выбіраліся праз чатыры дні — да таго часу шмат хто з так званага прыпіснога складу разьбегліся па хатах. Ехалі таксама чатыры дні, прычым у дарозе коням сена кідалі, а чырвонаармейцы сілкаваліся толькі тым, што перахоплівалі на станцыях. Перахапілі, у прыватнасьці, саган з пракіслым гарохам і потым да самага фронту мучыліся жыватамі. Зрэшты, ніякага фронту на той час і не было. Гэта мы зразумелі, прыехаўшы на станцыю Валачыск.

Ну, а потым было адступленьне. Прабіваліся на ўсход удзевецярох — восем чырвонаармейцаў і адзін лейтэнанцік. Навокал адступалі цэлымі дывізіямі: брудныя, галодныя, абадраныя.

Такім чынам прайшлі Стараканстантынаў, Віньніцу, Умань, нарэшце, датупалі да мястэчка Новаархангельск Кіраваградзкай вобласьці, ляглі ў кустох, заснулі, а раніцою нас абудзіла гучнае гергеканьне: «Эльба», «Эльба», «Іхь Рэйн»... Немцы стаялі на дарозе й перамаўляліся па рацыі.

Да ночы мы адседзелі ў кустох, пасьля разьбіліся на пары і пайшлі на ўсход. Я пайшоў на пару са Сьцяпанам Шчарбінам — ён быў родам з Днепрапятроўскай вобласьці і вырашыў падацца на радзіму. На наступны дзень убачылі гурт вясковых цётак, якія кідалі снапы на лабагрэйку. Падышлі мы са Сьцяпанам. Цёткі на нас зірнулі й кажуць: «Скідайце свае мэтлахі, бо немцы ў вёсцы».

Да Днепрапятроўску датупалі 25 жніўня. Сьцяпан пераправіўся на другі бераг Дняпра, а я пайшоў адведаць родную цётку, якая жыла на вуліцы Фабрычнай. Прыйшоў на тую вуліцу, гляджу — хата спаленая, дзе цётка — ніхто ня ведае, а тут аблава: мадзярскія патрулі спраўджваюць дакумэнты. І апынуўся я ў гарадзкой вязьніцы. Народу сьвет: камандзіры, палітрукі, савецкія службоўцы. Былі і простыя людзі. Аднаго такога на маіх вачох адпусьцілі: паведаміў, што пацярпеў ад бальшавікоў, паказаў нейкую паперку, і — бывай, вязьніца! Вырашыў і я пусьціцца на хітрыкі. Прабіўся да перакладніка, кажу: за камуністаў сядзеў, цяпер ізноў ні за што ўзялі. Перакладнік кіўнуў ахоўніку, той завёў у камэндатуру. Тлусты немец-камэндант запытаўся — за што сядзеў? За антысавецкія прыпеўкі — адказваю. А ну, прасьпявай... Я і выдаў:

 

Сидит Сталин на плоту,

Кормит х... бедноту.

— А яшчэ?

 

Сидит Сталин на лугу —

Грызёт конскую ногу.

Вот какая гадина

Советская говядина.

З маёй дапамогай — я трохі ведаў нямецкую мову — перакладнік, як мог, пераклаў, немцы зарагаталі і выкінулі мяне за браму.

Празь месяц, у кастрычніку, прышкандыбаў на родны Данбас. Шмат чаго пабачыў у дарозе. Непадалёк ад станцыі Ясінаватая дапамог уратавацца двум нашым. Цягнуся па дарозе, бачу, двухколка, запрэжаная мулам, уехала ў лужыну, два хлопцы яе пхаюць, а побач стаяць два італьянцы з карабінамі і лаюцца па-свойму. Адзін з «макароньнікаў» гукнуў мяне. Я таксама налёг плечуком на двухколку, і хлопец прашаптаў на вуха: «Завалі з разьбегу аднаго, а мы другога скруцім». Крэкнулі, наляглі, я й рынуў на італьянца. Зьбіў з ног, аглушыў прыкладам. Хлопцы тым часам з другім справіліся. Падзячылі мне, пытаюцца: куды ідзеш? У Дзябальцава, кажу, да бацькоў. Хлопцы ўздыхнулі: у Дзябальцава не патрапіш, там лінія фронту. Ідзі чыгункаю, праваруч будзе вёска Жалезная, знойдзеш там цётку Матруну — яна цябе возьме на пастой.

Так я ўладкаваўся на жытло, а праз пару дзён тыя ж людзі зрабілі мне ксіву зь пячаткай. Тут я і зразумеў, што маю справу з вайсковай выведкай.

Савецкія самалёты часьцяком бамбілі нас, і аднойчы бомба гакнула непадалёку ад нашага дому, раструшчыўшы нямецкую легкавушку і тых, хто ў ёй сядзеў. Я пайшоў паглядзець і выпадкова знайшоў афіцэрскі пляншэт, у якім ляжалі неадпраўлены ліст з надпісанай капэртай, тры франтавыя фотаздымкі ды розная драбяза.

У лісьце маёр Ганс Грунэвальд пісаў свайму брату Аўгусту пра тое, што кампанія на Ўсходзе на наступны год будзе завершаная, і была прыпіска: «Дарагі Аўгусьце, захоўвай мапу, якую я табе даў. Адразу ж па вайне паедзем у Беларусь і купім тую дзялянку зямлі...» Напісана гэта было так, што я падумаў: ён мае на ўвазе нейкі закапаны на тэрыторыі Беларусі скарб, няйнакш.

Прызнаюся: на хвіліну мяне апанаваў кладашукальніцкі сьверб. Наўкол вайна, кроў, галадуха, а я адно і думаю — як патрапіць у Майнц — і пабачыцца з Аўгустам. І, уявіце сабе, мае мары спраўдзіліся.

У сакавіку 42-га прыйшлі да мяне мае знаёмцы і кажуць: «Фашысты набіраюць людзей на працу ў Нямеччыне, у Горлаўцы фармуецца эшалён. Партыя прыбывае ў Кёльн, туды трэба перадаць адну рэч». Праз тыдзень я ўжо ехаў у Нямеччыну.

Да Кёльну ехалі амаль месяц. На кёльнскай станцыі нас выгрузілі і завезьлі ў перасыльны лягер. Тут я і сустрэўся з патрэбным чалавекам. Перадаў яму кавалак цыраты, і «брат» прамармытаў: «Будуць набіраць у Бад-Кройнцах, на хімічны завод, паспрабуй убіцца ў тую групу». І назваў армянскае прозьвішча — з тым армянінам я мусіў зьвязацца ў Бад-Кройнцаху.

Хімічны завод уяўляў сабой праўдзівае пекла. Праца была шкодная, немцы ставіліся да нас як да быдла. Цягаючы жалезны чоп з растопленай серай, я кляў свой лёс і тую хвілю, калі пагадзіўся ехаць у Нямеччыну. Калі я даведаўся, што Майнц знаходзіцца зусім побач з Бад-Кройнцахам, я вырашыў паспытаць шчасьця й напісаць таму Аўгусту.

Мы зь ім сустрэліся. Аўгуст аказаўся худабзеям, і ў яго нэрвова тузалася галава. Я яму адразу выдаў: «Вам прывітаньне ад Ганса!» Немец зьніякавеў, пачаў бубнець па-нямецку, што ад брата чатыры месяцы няма лістоў, а я, фальшыва ўздыхнуўшы, патлумачыў: «Брат ваш у расейскім палоне, і ўратаваць яго можа толькі мапа, якую ён вам даў на захаваньне». Пачуўшы пра мапу, Аўгуст адразу ж насьцярожыўся. Я выцягнуў свае апошнія козыры: тры франтавыя фотаздымкі. «Вось Ганс пры разьвітаньні прасіў перадаць». Пабачыўшы фотаздымкі, немец шморгнуў носам, змахнуў сьлязіну і палез у кішэню па мапу.

Мапа была надта старая, Аўгуст сказаў — яшчэ напалеонаўскіх часінаў. На ёй была намаляваная віхлястая рачулка, нейкае паселішча, могілкі, дарога і два крыжыкі — на пэўнай адлегласьці адно ад другога. Ніжэй мапы было штосьці напісана пяром па-француску. Сярод гэтай пісаніны я разабраў толькі лічбу 400 ды слова «імпэратарскі». Разабраў і назву віхлястай рэчкі: Дрыса.

Атрымаў я не арыгінал, а толькі копію, выкананую на празрыстай паперы, прычым копію, падобна, дакладную. У тлумачальнай запісцы, аднак, меліся некалькі пропускаў, бо на арыгінале некаторыя словы былі зацёртыя.

На заводзе ў нас працаваў адзін француз, да яго й зьвярнуўся. Напалеонаўскі зямеля доўга ўглядаўся ў тэкст, потым сваімі словамі растлумачыў, што тут апісваецца, як абоз з грашыма імпэрскай казны ішоў да Кёнігсбэргу і 22 лістапада 1812 году вайскоўцы, што суправаджалі абоз, мусілі часткова закапаць, а часткова патапіць у рацэ Дрыса каштоўны груз. «Згадваюцца залатыя і срэбныя грошы, прычым срэбных было 400, а чаго — ня піша». У мяне сталі ўжо распытвацца, адкуль я ўзяў паперу. «Ды так, — кажу, — перамаляваў з адной старой кніжкі». І я, падумаўшы, закапаў яе ў надзейным месцы: непадалёку ад гарадзкога стадыёну.

Закапаў бутэльку неглыбока, думаў, буду зьяжджаць дахаты — прыхаплю, але абставіны склаліся іначай. У ліпені 42-га выбраліся ўначы зь сябруком Іванам Самойленкам на чыгуначную станцыю — пашукаць якога едзіва, і былі затрыманыя патрулём. За такія прагулянкі можна было патрапіць у канцлягер, а то й атрымаць кулю ў лоб. Кулю, дзякуй Богу, не атрымалі: адседзелі ноч у нейкім падвале й былі кінутыя на разгрузку вагонаў. Увечары, хістаючыся ад стомы, вырашылі даць драла. Быў толькі адзін шанец уратавацца — убіцца ў цягнік, які ішоў на ўсход. І нам пашанцавала — на торах стаяў эшалён, вагоны якога ўпрыгожвалі шыльды з надпісам «Smolensk». Залеглі мы зь Іванам у кустох, а калі паравозьнікі далі гудок, Іван першы кінуўся да вагону. І ў той жа момант быў злапаны аховай. У мяне аж душа зайшлася — шкада было Йвана. Але Йван мяне і ўратаваў. Павялі яго немцы ў вартоўню, а я тым часам сігануў у вагон, у якім нейкія драўляныя шчыты везьлі. Тыдзень пакутаваў безь пітва і ежы, ужо і трызьніць стаў з галадухі і ачухаўся толькі тады, як пачуў рускую мову. Глянуў праз шчыліну — станцыя Бігосава. Неўзабаве і скочыў зь цягніка.

Потым была партызаншчына, і ваяваць давялося якраз у Дрысенскім краі, у складзе 1-й Дрысенскай партызанскай брыгады. Пасьля вайны на радзіму не паехаў — вырашыў асесьці «бліжэй да скарбу», у вёсцы Дзёрнавічы навачаснага Верхнядзьвінскага раёну. Распытваў старых дзядоў — ці чуў хто зь іх пра напалеонаўскія скарбы — і адначасна вывучаў гісторыю вайны 1812 году. Прачытаўшы ўсё, што мог знайсьці, пабудаваў уласную вэрсію «блуканьня» абозу з грашыма імпэрскай казны. Везьлі французы, відавочна, жолд — жалаваньне наймітаў. Дапаўзьлі да якіх Чашнікаў, дачуліся, што справы ў Банапарта дрэнь і атрымалі загад: рухацца пяткамі назад у накірунку Кёнігсбэргу. Балазе, дарога была адкрытая: у Полацку, Друі й Дзьвінску стаялі французы. На дварэ быў кастрычнік — пачатак лістапада, дарогі разьвезла, і пакуль ішлі да Полацку, Удыно з Сэн-Сірам былі выбітыя з гораду, корпус Штэйнгеля заняў пераправы празь Дзьвіну — ад Полацку да Дынабургу, і абозьнікам нічога не заставалася, як прыхаваць каштоўны груз не беразе віхлястай рачулкі Дрысы. Тут можа ўзьнікнуць пытаньне: як мог той жа Ўдыно кінуць на волю лёсу такі каштоўны груз? На гэта ёсьць лягічны адказ: груз быў сакрэтны і, магчыма, нават тыя, хто яго суправаджаў, ня ведалі, чым наладаваныя калёсы.

Асабіста ў мяне няма сумневу, што мапа, пра якую тут гаворка, аўтэнтычная і не зьяўляецца нейкай гістарычнай фальсыфікацыяй. Маючы яе на руках, можна было распачаць пошукі скарбу. Яе ўладальнік, Аўгуст Грунэвальд, даўно памёр, але, відавочна, засталіся ягоныя сыны ды ўнукі. За добрыя грошы яны б маглі разьвітацца з радзіннай рэліквіяй.

У чытачоў можа ўзьнікнуць яшчэ адно пытаньне: ці магу я, згадаўшы мапу, хаця б прыкладна акрэсьліць межы магчымых пошукаў? У адказ мушу заўважыць, што ў 42-м годзе я і ўяўленьня ня меў, дзе знаходзіцца рэчка Дрыса, куды і ў які бок яна цячэ. І ўсё ж магу сказаць дакладна: шукаць трэба на абсягу ад Дзёрнавічаў да Валынцаў. Гадоў шэсьць таму, калі мне на вочы патрапіла больш-менш дакладная мапа, я доўга глядзеў на блакітную палоску, і ў адным месцы выгін ракі Дрысы падаўся мне рыхтык такім, як на старой францускай мапе. Рука міжволі намалявала крыжыкі, і я таго ж дня напісаў ліста нашаму знакамітаму археолягу Георгію Штыхаву. Паведаміў пра верагоднае месца схову, але сп.Штыхава маё паведамленьне не зацікавіла. Ды й ня дзіва. Тут і завалодаўшы мапай «з крыжыкамі», зморысься шукаць, бо мінула, лічы, два стагодзьдзі, і за гэты час нават рэчышча Дрысы зьмянілася. Не зьмяніліся толькі людзі. Яны па-ранейшаму шукаюць скарбы. І адзін з тых скарбаў — я ўпэўнены — ляжыць у беларускім суглінку на беразе віхлястай ракі і, як тая бомба зь вядомай быкаўскай аповесьці, чакае свайго часу».


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0