Сяргей БАЛАХОНАЎ

Die modernen Sagen-5

 

Забытая нычка

Адзін дзядзька, як і ўвогуле многія мужыкі, любіў рабіць занычкі ад сваёй жонкі, тыркаючы грошыкі ў самыя разнастайныя схованкі, бо заўсёды быў рады знайсьці выпадкам лішні рубель на гарэлку. Ведаючы кемлівасьць жонкі, ён мусіў шукаць шторазу новыя й новыя патаемнікі. Жонка ж у доме з усіх рэчаў баялася кратаць адно толькі мужаву паляўнічую стрэльбу. Акурат у ейную рулю й была прыхаваная чарговая порцыя грошай. Затым, як чынілася гэта на зусім нецьвярозы розум, назаўтра хавальнік нічога ня помніў. Так і ляжалі тыя рублі, покуль аднаго разу ў час нейкай урачыстасьці мужыку не закарцела адсалютаваць з дубальтоўкі ў гонар гасьцёў. Выйшаўшы разам з усімі на балькон, ён стрэліў у паветра. З рулі шуганула полымя ды паляцелі шматкі паперы, у якіх распазналіся рэшткі немалавартаснай на той час фіялетавай банкноты.

 

Запісаная ад знаёмай маладзіцы, гэтая гісторыя сягае ў савецкія часы. Дзеля інфляцыі й сацыяльнага падзелу цяперашнія нычкі, калі й робяцца, дык робяцца банкнотамі зялёнага колеру. Многія ж цяпер перабіваюцца здаваньнем пустых пляшак.

 

 

Тэрарыст міжволі

Жывучы ў адным зь менскіх гатэляў, многія прыежджыя дэпутаты Вярхоўнага Савету нейкага скліканьня былі дужа ашчаднымі ў сэнсе наведваньня рэстарацыяў. Лепш перабіваліся як-небудзь самі ды эканомілі такім парадкам якія-ніякія грошы.

Вось жа аднойчы адзін народны абраньнік, патомны трактарыст, вырашыў пацешыць сябе боршчыкам з кіслае капусткі. Наладаваўшы сяго-таго ў трохлітровы слоік, не забыўшы дадаць ладны шмандэлак сала, ён апусьціў туды ўключаны кіпяцільнік. Дэпутат сядзеў і мройна пазіраў на слоік у прадчуваньні гастранамічнага аргазму. Між тым боршчык пачаў даходзіць да кандыцыі, напаўняючы зусім адметным пахам ня толькі дэпутацкі, але й іншыя пакоі ды калідор гатэлю. А ў тым гатэлі месьцілася тады японская амбасада, працаўнікі якой унюхалі раптоўны смурод і нарабілі алярму, палічыўшы тое за газавую атаку ўсюдыісных тэрарыстаў.

 

Занатавана ад 40-гадовага палескага апазыцыянэра на адным з сэмінараў у Менску.

 

 

Няшчаснае бздарэньне

Неяк у аднаго хлапца ўсхадзіўся жывот, як гэта часьцяком бывае ад няслушнага харчаваньня. Вось жа яго пушыла, а ў шлуньнях вуркатала. Насьпела пільная патрэба выпусьціць газы. Балазе рэч дзеялася на вуліцы, і маладзёна не агортваў залішні сорам. Ён даў палёгку жывату ды раптоўна ўчуў за сабой дзіўны, зусім нязвыклы гук, а таксама жаночы покрык. А адбылося вось што. Хлапец проста не заўважыў, што ў легкавіку ля ходніка сядзела жанка, якая за чаканьнем мужа ўздумала трохі пакурыць. Апусьціўшы баковае шкло, яна шчоўкнула запальнічкай менавіта ў той момант, калі дзяцюк зызволіў дабрашчасна бздануць. Ад полымя запальніцы газавы струмень бухнуў, апаліўшы жанчыне пальцы ды ладна перапудзіўшы.

 

Занатавана ад юнай хімікесы, якая між іншага вельмі цікавіцца выбуховымі рэчывамі. Сама апавядальніца сумняваецца ў праўдзівасьці гэтай гісторыі.

 

 

Экстрасэнсорыка

Адна пэнсіянэрка, жадаючы здавацца больш маладой, зьвярнулася да экстрасэнса, каб той па магчымасьці прыбраў зь ейных валасоў сівізну. Праз колькі сэансаў просьба кабеты ўжыцьцявілася — валасы ізноў сталіся чорныя. Радуючыся гэтаму, яна незабавам надта завагалася, ці ня мела тая лечба дачыненьня да цёмных сілаў. Нагодай да смутных думак стаў выпадак, што адбыўся аднойчы ўначы. Кабета раптоўна прачнулася, нібы адчувала нейкі пагляд. Зьнерухомеўшы ад жаху, яна ўбачыла перад сабою чыесьці нядобрыя бізюкі, што сьвяціліся ў змроку. Калі зрок асвойтаўся зь цемрай, баба разгледзела, што на яе з жэрдкі ўтаропіўся ні хто-які, а маленькі-маленькі чорт, зьвесіўшы вялікія-вялікія яйкі...

 

З даўнішняга расповеду маёй мамы, якой скардзілася тая пэнсіянэрка. Нягледзячы на фрагмэнтарнасьць, гісторыя можа зацікавіць псыхааналітыкаў. Асабліва цікавым выглядае прага амаладжэньня, што атрымлівае з тагасьветнай істасьцяй мужчынскага полу кантэкставую сувязь.

 

 

Радзімка

Людцы добрыя і знаючыя баяць, што саўсім недарма Ляксандар Рыгорач вусы сабе носіць. Гавораць, у яго над губой верхняю радзімка бальшая вельмі ё. То ж во, хавае ад усіх. А я ж ад малых лет знаю: радзімы знак на вуснах — паганая прыкмета.

 

Падслухана ў дызэлі ад даволі жвавага дзеда гадоў 60-ці. Даўні забабон беларусаў (гл. «Шляхціц Завальня» Яна Баршчэўскага) набыў зусім нечаканае ўвасабленьне.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0