Тацяна Гаранская

Сэнсацыйная знаходка ў Кракаўскім музэі

 

Унікальная выява беларускага Заслаўя адшуканая ў зборах Нацыянальнага музэю ў Кракаве. Гэта каляровая панарама горада, датаваная 1859-м годам. Зразумела, што тады яшчэ не было чыгункі і добра вядомай менчукам станцыі «Беларусь». Затое цяпер мы ня знойдзем у Заслаўі тых фантастычных сабораў і палацаў, якія ёсьць на старажытным малюнку.

Існуе няслушнае меркаваньне, што Заслаўе толькі аднойчы «засьвяцілася» ў нацыянальнай гісторыі у канцы Х ст., калі сюды на сталае жыхарства прыбылі полацкая княжна Рагнеда з сынам Ізяславам. Насамрэч, мінуўшчына гораду багатая. Вось толькі доказы гэтага панішчаныя ды параскіданыя па ўсім сьвеце.

Перад вайной заслаўскія памяткі ў сваёй варшаўскай рэзыдэнцыі зьбіраў спадкаемца апошніх уладальнікаў Заслаўя Аляксандар Пшэзьдзецкі. У верасьні 1939-га ў рэзыдэнцыю трапляе нямецкая бомба, і калекцыя гіне. Яшчэ адна немалая частка збораў Пшэзьдзецкіх згарэла пад час Варшаўскага паўстаньня. Сярод страчанага тады — увесь архіў роду разам зь перапіскаю Яна Глябовіча і каралевы Боны, Барбары Радзівіл...

Ужо ў мірны час са сховаў Нацыянальнае дзяржаўнае бібліятэкі Беларусі прапала большасьць матэрыялаў пра Заслаўе, зьмешчаных у каталёгу аддзелу рэдкай кнігі. Напрыклад, каштоўныя інвэнтары з 1753 г. (на іх спасылаецца ў сваіх публікацыях гісторык Д.Даўгяла). З аддзелу рукапісаў бібліятэкі Віленскага ўнівэрсытэту прапаў інвэнтар 1760 году (на яго спасылаецца Э.Ляўцявічус у манаграфіі «Папера ў Літве XV—XVIII ст.»). Зьнік цэлы шэраг заслаўскіх матэрыялаў з навуковага аддзелу бібліятэкі Беларускага ўнівэрсытэту.

І вось, пасьля ўсіх гэтых стратаў, грандыёзная знаходка. Пад час працы ў польскіх зборах-запасьніках я натыкаюся на тэстамэнт апошняга ўладальніка Заслаўя, і некалькі дагэтуль невядомых інвэнтароў розных часоў, і гербоўнік роду Глябовічаў, і архіў слыннага для Беларусі дойліда Карла Спампані, які прыехаў у Заслаўе на запрашэньне Пшэзьдзецкіх і выканаў трыццаць праектаў магнацкіх рэзыдэнцыяў у ваколіцах Менску, і шмат чаго яшчэ. Аднак асаблівай увагі заслугоўвае «Панарама Заслаўя». Яна выкананая ў зьмяшанай тэхніцы: аловак, акварэль, пастэль — і мае ў даўжыню 43 см. Ляон Баратынскі пісаў свой твор на замову альбо Чартарыйскіх, якім належала траціна земляў у Заслаўі і ваколіцах, альбо Пшэзьдзецкіх, ва ўладаньне якіх у 1753 годзе патрапіў амаль увесь горад.

Хто ж такі Ляон Баратынскі, чый размашысты подпіс мы бачым у ніжнім правым куце «Панарамы»? Пад гучным імем Караля Эміля альбо Эміля Эдмунда Корака Баратынскага (ён жа Леон), жыў і працаваў Эміль Юркевіч, які нарадзіўся ў 1810 годзе пад Кракавам, а памёр у 1876 годзе ў Парыжы, прафэсар Флярэнтыйскае Акадэміі, удзельнік выставаў у Парыскім салёне, знаёмец Міцкевіча.

Галоўная ж сэнсацыйнасьць знаходкі ў тым, што, як вынікае з малюнку самага вядомага мастака польскай эміграцыі, у Заслаўі было больш манумэнтальных пабудоваў, чым было нам ведама дасюль, прычым больш амаль на палову. Што зь імі сталася? У які момант гэтыя храмы на далёкім узгорку былі зруйнаваны? Чаму так хутка сьцерлася памяць пра іх? Чарговая загадка нядаўняй беларускай гісторыі. Ці былі яшчэ творы Баратынскага, прысьвечаныя Беларусі?

Большасьць культурных здабыткаў, адшуканых у архівах за апошнія 10 гадоў, будзе экспанавацца ў наступным годзе на выставе да 1000-х угодкаў спачыну заснавальніцы гораду, княжны Рагнеды. «Панарама Заслаўя» будзе прадстаўленая фотаздымкамі і мастацкай вэрсіяй жывапісца Віктара Маркаўца.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0