Юры Беленькі: «У нас ёсьць цэмэнт»

 

Намесьнік старшыні Беларускага Народнага Фронту Юры Беленькі на апошнім зьезьдзе БНФ падтрымаў бок З.Пазьняка. У інтэрвію нашай газэце вынікі першай сэсіі зьезду сп.Беленькі ацаніў так:

 

— Адбылося шырокае абмеркаваньне розных праблемаў, якое вылілася ў два погляды на далейшую працу Фронту. На маю думку, вялікіх разыходжаньняў няма. У добрым сэнсе, на зьезьдзе былі праяўленыя пэўныя амбіцыі — гэта трэба, гэта натуральна, і кепска было б, каб маладыя палітыкі такіх амбіцыяў не выяўлялі, іншая справа — якім чынам гэта робіцца.

 

— Ці ня значаць Вашыя словы тое, што Вы гатовы пакінуць групу артадаксальных прыхільнікаў Пазьняка, у складзе якой выступілі на зьезьдзе?

— Я ня ведаю, што значыць «артадаксальныя прыхільнікі». Той, хто чытаў даклад Пазьняка, ведае, што ён уключыў прапановы Фёдарава па рэарганізацыі працы, падтрыманыя напярэдадні зьезду Вячоркам — па стварэньні паліткамітэту, разьмежаваньні функцыяў. Пасьля чаго, нечакана, прагучала іншая формула — зрабіць Пазьняка ганаровым старшынём, пазбавіць яго ўсіх рычагоў кіраваньня Фронтам. Былі выкарыстаныя мэтады, якія нельга выкарыстоўваць для сяброў — у лепшым выпадку для апанэнтаў. І тое, што цяпер прапануе Пазьняк — гэта фактычна інтэграваная прапанова, якая складаецца з ранейшых прапаноў Баршчэўскага і Хадыкі.

 

— Кажуць, што на вынікі галасаваньня на зьезьдзе паўплывалі «людзі ў штацкім». Ведаючы прыроду цяперашняга рэжыму, нельга не разумець, што КГБ імкнецца ўплываць на палітыку БНФ. Ці Вы, як адзін з кіраўнікоў, бачыце гэтыя «гульні»?

— Магу даць толькі агульны адказ: бачым і адсочваем. Асабіста я бачу шмат паралеляў між тым, як раскалолі Рух ва Ўкраіне і як цяпер хочуць раскалоць Фронт — той жа мэханізм выкарыстоўваньня «прагматызму».

 

— Пасьля першай сэсіі зьезду Ваша арганізацыя апынулася ў падвешаным стане?

— Я б не назваў гэта падвешаным станам. Пасьля зьезду я праехаў па рэгіёнах, пагаварыў зь людзьмі — няма падвешанага стану, бо не існуе для яго аб’ектыўных прычынаў. Ведаеце, чаму існуе Фронт так шмат гадоў і не разваліўся, як некаторыя іншыя партыі? Ёсьць цэмэнт, які зьядноўвае ўсіх людзей. Гэта нашыя агульныя мэты, ідэі. Людзі, носьбіты гэтых ідэяў гатовыя ахвяравацца нечым уласным дзеля ідэяў.

 

— У датаваным 8 жніўня лісьце да сяброў БНФ Зянон Пазьняк прапануе стварыць Кааліцыю БНФ. Як Вы ставіцеся да гэтай прапановы?

— Я лічу, гэта толькі адна з прапановаў, адзін з крокаў пошуку аптымізацыі працы Фронту. Калі зьвярнуцца да навуковых прынцыпаў існаваньня арганізацыі, дык, акрамя ўжо названага вышэй адзінства мэтаў, нельга забывацца і на гетэрагеннасьць — у арганізацыі мусяць быць людзі з рознай прафэсійнай падрыхтоўкай, іх веды трэба максымальна выкарыстоўваць. Мы не максымальна выкарыстоўваем патэнцыял. Таму мусім шукаць іншую формулу.

Многія крытыкуюць БНФ за тое, што за апошні час не адбылося ні пашырэньня шэрагаў, ні ўплыву на электарат. Але гэта не зусім так. Гэтыя 11 гадоў паказалі, што ідэі, якія вылучыў Фронт, паступова авалодваюць грамадзтвам. Узгадайце працэнт галасоў на рэфэрэндуме за захаваньне СССР і параўнайце з вынікамі сёньняшніх апытаньняў, колькі цяпер падтрымлівае незалежнасьць Беларусі. Практычна ўсе дэмакратычныя партыі сёньня стаяць на пазыцыях незалежнасьці дзяржавы.

Разам з тым, трэба памятаць, што ва ўмовах дыктатуры шэрагі апазыцыйных арганізацыяў не пашыраюцца, а звужаюцца. Яшчэ ў 1995 г., калі стала зразумела, што рэжым адкінуў усе прыстойнасьці, кіраўніцтва Фронту адкрыта сказала — будзе сьціскацца кола сяброў. Нашай задачай стала захаваць структуры і навучыцца дзейнічаць у іншых умовах, а галоўнае — не дапусьціць здачы незалежнасьці Беларусі.

 

— Спадар Юры, Вы паводле рашэньня Ўправы зьяўляецеся кіраўніком групы па перамовах з уладамі з боку Фронту. Ці могуць гэтыя перамовы прывесьці да дадатнага выніку?

— Я за тое, каб перамовы весьці. Яны вядуцца нават з тэрарыстам, які захоплівае заложнікаў.

Аднак я б не хацеў забягаць наперад, рабіць нейкія прагнозы. Сытуацыя сама па сабе ўнікальная — уладны бок не адмаўляе сам факт перамоваў. А любы неасьцярожны крок ці заява могуць стаць фармальнай зачэпкай і мець нэгатыўныя наступствы дзеля перамоваў.

 

— Як Вы ставіцеся да Мэмарандуму, што падпісалі прадстаўнікі 7-мі партыяў, у прыватнасьці, да пункту аб даручэньні Вярхоўнаму Савету выдаваць мандат на ўдзел у перамовах?

— На апошнім паседжаньні Кансультацыйнай рады было бачна, што гэтае пытаньне яшчэ ў стадыі распрацоўкі. Калі ж браць цалкам, дык нарада паказала, што вялікіх супярэчнасьцяў паміж партыямі няма — ёсьць тэхнічныя моманты, якія яшчэ трэба ўдакладніць, у тым ліку пытаньне зь Вярхоўным Саветам.

Партыя БНФ унесла прапанову, што абавязковай умовай удзелу ў перамовах зьяўляецца мараторый на правядзеньне любых дзеяньняў уладаў па аб’яднаньню Беларусі зь іншай дзяржавай. Калі б такое адбылося, усялякі сэнс згубілі б любыя перамовы ўладаў з апазыцыяй, бо прадмет перамоваў — гэта выбары ў найвышэйшы заканадаўчы ворган незалежнай краіны.

Пярэчаньняў на прапанову БНФ на Кансультацыйнай радзе не было. Былі канструктыўныя прапановы ўдакладніць і палепшыць.

 

— Вяртаючыся да праблемы лідэрства БНФ, папрашу Вас выказацца пра альтэрнатыўнага кандыдата — Вінцука Вячорку.

— Вінцука Вячорку я ведаю з «Талакі». Мы больш за 11 гадоў паплечнікі. Ён добры спэцыяліст у сваёй галіне. Але яму трэба яшчэ шмат набраць, каб прэтэндаваць на пасаду старшыні БНФ. Вячорка можа стаць пэрспэктыўным палітыкам, але пакуль у яго няма яшчэ адпаведнага досьведу, асабліва што датычыць арганізацыйных пытаньняў. Я ніколі не ідэалізаваў Пазьняка, я ацэньваю яго прагматычна, паводле таго, хто найлепш адпавядае пасадзе старшыні. І мне дзіўна, што тыя, хто ідэалізаваў, цяпер выступаюць супраць Зянона. Пакуль у Пазьняка ёсьць перавага над усімі канкурэнтамі: вядомасьць, воля, досьвед, арганізацыйныя здольнасьці, палітычная інтуіцыя, здольнасьць да палітычнага аналізу.

 

— Вы кажаце «пакуль». Пакуль не адбудзецца што?

— Пакуль ня зьявіцца асоба зь лепшымі якасьцямі.

 

— Які сцэнар разьвіцьця сытуацыі? За Вашымі словамі не відаць сцэнару.

— Сапраўды, людзі стаміліся. Жыцьцё кароткае, кажуць яны. Аднак Майсей 40 гадоў вадзіў народ пустыняю. Трэба набрацца цярпеньня. Перасьпешыць нельга. Добра было б, каб мы мелі больш людзей, гатовых ахвяраваць сваім часам і энэргіяй, і больш матэрыяльных рэсурсаў.

Гутарыў Паўлюк Быкоўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0