Дзіўная канфэрэнцыя

 

8–9 верасьня 1999 г. у Беларускім дзяржаўным музэі вялікай айчыннай вайны праходзіла навуковая канфэрэнцыя «Пярэдадзень і пачатак другой сусьветнай вайны».

Спэктар выступоўцаў быў розны: ад кандыдатаў гістарычных навук да студэнтаў гістфаку БДУ. Прысутнічалі на канфэрэнцыі таксама генэрал-маёр авіяцыі пісьменьнік Сульянаў, прадстаўнік Міністэрства культуры й прадстаўнік нямецкага пасольства. Пра надзвычайнасьць (або «звычайнасьць») канфэрэнцыі мяне папярэдзілі яшчэ пры ўваходзе — прыйшоў сумнавядомы прафэсар Залескі. Для недасьведчаных патлумачу: Адам Залескі і ягоная кампанія — гэта група гісторыкаў старой загартоўкі, вядомыя выключна артадаксальнымі поглядамі. Напрыклад, тры гады таму Залескі на старонках «Народнай Газеты» паставіў пад сумнеў сталінскія рэпрэсіі, зьменшыўшы іхную колькасьць у некалькі разоў і назваўшы іх абгрунтаванымі і правільнымі.

Калі ня браць пад увагу выступы некаторых нармальных дасьледнікаў, дык уражаньне такое, быццам патрапіў у мінулае. Тут дамінаваў стары савецкі падыход і адсутнічаў які-небудзь плюралізм. Большасьць выступоўцаў у лепшых традыцыях камуністычнай гістарыяграфіі цьвердзіла, як заходнія беларусы начамі ня спалі ў 1921—1939 г., марылі пра савецкую ўладу, распавядала жудасьці пра фашыстоўскую дзяржаву Польшчу ў міжваенны пэрыяд. Апафэозам быў зварот археоляга Побаля да прадстаўніка нямецкага пасольства з патрабаваньнем, каб немцы цяпер аднавілі мост, разбураны імі ў ягонай вёсцы яшчэ ў чэрвені 1941 г. і не адноўлены да гэтага моманту.

На «круглым стале» А.Залескі са сваімі прыхільнікамі гістарычнай праўды зноў праехаліся па непажаданых выступоўцах, падкрэсьлілі ў чарговы раз перавагу «клясавага падыходу» ў гісторыі, раскрытыкавалі сучасныя падручнікі па гісторыі, назваўшы іх «сорасаўскімі», а г.зн. прадажнымі. Адзін з гэтых гісторыкаў з радасьцю паведаміў шаноўным прысутным, што іхная гістарычная суполка рыхтуе да выданьня падручнік гісторыі Беларусі савецкага пэрыяду, дзе будзе ўсё праўдзіва раскладзена па палічках.

Назіральнік


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0