60 гадоў адзінства, 60 гадоў чаканьня
У 1939 годзе пачалася савецкая акупацыя Польшчы, якая ў нашу гісторыю ўвайшла як «узьяднаньне Заходняй Беларусі»
У гэтай падзеі няма і ня можа быць адзінай трактоўкі. Голы факт выглядае так: 17 верасьня 1939 году Савецкі Саюз (Сталін) паводле ўзаемнай дамовы зь Нямеччынай (Гітлер) напаў на Польшчу. Для Расеі гэта быў «вызваленчы паход». А на захадзе Беларусі яго дагэтуль называюць «вызваленьнем ад хлеба». Чалавечыя, нацыянальныя, культурныя і сацыяльныя страты беларусаў ад гэтага паходу з часам ператварыліся ў хранічную недасьпеласьць нацыі. Для Польшчы гэта была банальная акупацыя. Але што нам да тога? Саветы акупавалі нашу ўжо акупаваную Польшчай зямлю. Такім чынам, нібыта неаспрэчным застаецца для нас факт узьяднаньня, але й тут ня ўсё выглядае адназначна.
Сталін мэханічна зьляпіў Заходнюю, польскую, і Ўсходнюю, савецкую, часткі Беларусі ў адно. Пасьля алоўкам абкарнаў новае цэлае з краёў да тых памераў, якія сам сабе прыдумаў. Беларусь узьядналася, але ў цэлым істотна зьменшылася. Нашы землі з нашымі людзьмі адышлі да Польшчы, Літвы, Латвіі і Расеі. Пэрспэктыва ўзьяднаньня іх з этнічнай мэтраполіяй была фактычна пахаваная. Памножаныя на сацыяльную непрывабнасьць мэтраполіі, працэсы адчужэньня адбыліся. Беласток зусім ня прагне сёньня вярнуцца назад у Беларусь. Тое самае можна сказаць пра Віленшчыну і Дзьвіншчыну. Вось якое ў выніку атрымалася «ўзьяднаньне».
Далей. Прыляпіўшы да БССР Віленскі край, Сталін неўзабаве перадумаў і адрэзаў гэты кавалак Літве. У літоўскую гісторыю гэты факт увайшоў як аднаўленьне справядлівасьці — як суб’ектны літоўскі чын, нягледзячы на тое, што гэта была Сталінава прыхамаць. Але Вільню заняло літоўскае войска, і краіна яшчэ пэўны час існавала як незалежная ад Савецкага Саюзу. У нашым выпадку Заходнюю Беларусь занялі не беларусы, а Чырвоная Армія. Зямля стала фактычна часткай Расеі. І адміністрацыя панаехала расейская, пачаліся калгасы і русіфікацыя. Гэта было не суб’ектнае беларускае дзеяньне.
І вось тут варта згадаць пра заходнебеларускіх палітыкаў. Адных аўтарытэтных імёнаў мы ведаем дзясяткі, дзясяткі грамадзкіх арганізацыяў, каласальныя магчымасьці. Цяпер у нас сіляцца сабраць 100-тысячны мітынг, а тады адна толькі Грамада налічвала столькі сяброў. Аднак пры гэтым пад Польшчай у беларусаў не было ніякіх сэпаратысцкіх ці хоць бы аўтанамісцкіх памкненьняў! Вось дзе парадокс. Аніякае гатовасьці пры зьмене ўлады тут жа заняць кіраўнічыя месцы. Я не кажу пра магчымасьці, але гатовасьці не было!
Рэч тут у тым, што сэпаратызм яны прамянялі на сацыялізм. Вера ў байкі пра райскае жыцьцё за ўсходняй мяжой, дзялёжка маскоўскіх грантаў і чаканьне Чырвонае Арміі — усё гэта ператварала іх з суб’ектаў палітыкі ў цалкам залежных ад Масквы фігурантаў. Гэта пры тым, што ў Маскве ўжо складаліся сьпісы на іхнае зьнішчэньне. Сярод палітыкаў запанавала дэпрэсія, бо адбылася падмена мэтаў. Што ты будзеш рабіць, калі ўсё залежыць ад вонкавых абставінаў. Антон Луцкевіч публічна пакінуў палітыку і аддаўся культурніцкай дзейнасьці.
Нешта падобнае можна назіраць і сёньня, калі незалежнасьць краіны падмяняюць развагамі пра дэмакратыю. У выніку тое самае — дэпрэсія і бясконцае чаканьне чагосьці звонку.
Наступствы 17 верасьня перасьледуюць Беларусь і сёньня. І ня толькі сярод палітыкаў. Найвялікшай стратаю для беларускай сьвядомасьці і культуры стала страта Вільні. Старая калыска нацыянальнай культуры, асьвечаная імёнамі Скарыны, Каліноўскага і «Нашай Нівы», у міжваенным часе, пад Польшчай, мела неафіцыйны статус сталіцы Заходняй Беларусі. Менавіта гэты рэгіён, населены беларускамоўнай сялянскай масай, карміў горад і даваў яму кадры работнікаў і студэнтаў.
Колькасьць віленскіх беларускіх пэрыёдыкаў вымяралацца трохзначнымі лічбамі.
Паводле згадак старога віленчука Лявона Луцкевіча, у верасьні 1939 году, калі Вільню зрабілі сталіцай Заходняй Беларусі ўжо афіцыйна, ні ў кога ў горадзе гэта ня выклікала зьдзіўленьня. Літоўцаў на той час тут было ўсяго два працэнты. Новая ўлада, якая ва ўлётках па-беларуску пісала, што прыйшла сюды «на вякі», першай справай узялася за вываз тутэйшых беларусаў у Сібір. Праўда «вякі» працягнуліся менш за месяц. Аднак і таго месяца хапіла, каб абезгаловіць тутэйшую беларускую масу, бо вывезьлі першым чынам інтэлігенцыю. Як, дарэчы, і па ўсёй Заходняй Беларусі. Людзям, якія прысьвяцілі жыцьцё свайму народу, камісары пісалі ў прысудах адно слова: расстраляць.
Якой была б сёньня Беларусь, калі б тады, у 39-м, засталася зь Вільняй? Няма сумневу, што яна была б іншай. Без таго лішку русіфікацыі, які захрас у сьвядомасьці кожнага беларускага чалавека невытлумачальным стопарам, а краіну трымае на мяжы небыцьця, ня кажучы ўжо пра цывілізацыйнае адставаньне ад суседзяў — тых жа літоўцаў. Тут выйшла як у латарэі. Мы зь Вільняй адчувалі б, як нацыя, сваю поўную кандыцыйнасьць і значна лягчэй пакінулі б невядома чыю савецкую родзіну ў 91-м. А выйшла, што гэтая кандыцыйнасьць дасталася літоўцам, і сёньня яны гавораць пра сваё нацыянальнае адраджэньне як пра мінулы этап, які яны прайшлі бяз стратаў.
Яшчэ адно наступства — Лукашэнка. Выбар нацыі. Заходнебеларускія людзі пад Польшчай настолькі рашуча памянялі сваю нацыянальнасьць на сацыяльнасьць, што масава ірваліся за ўсходнюю мяжу. Яны, нібы матылёк на агонь, ляцелі ў той камуністычны рай, іх тут жа арыштоўвалі і расстрэльвалі як польскіх шпіёнаў, а абсалютная большасьць іхных супляменьнікаў у Польшчы пазірала на іх з зайздрасьцю і марыла пра прыход Чырвонае Арміі, за што палякі часта блыталі іхную нацыянальнасьць са словам «бальшавік». Яны выбіралі сацыялізм гэтаксама, як пасьля выбралі прэзыдэнта. Гэта той самы выбар. Яшчэ кажуць, што галасавалі яны ня за, а супраць — Кебіча. Слушна. Яны галасавалі супраць панылага і беднаватага польскага капіталізму за той сьветлы і малады калгасны лад, які праз гады ўвасобіўся ў пэрсоне дырэктара саўгасу.
Так ня наша гісторыя пра нас перацякае ў ня нашу сучаснасьць, у якой няўтульна ані старому камуністу, ані юнаму нацыяналісту. Ані гісторыку, які мучаецца над фармулёўкамі не сваёй гісторыі. 17 верасьня чарговы раз падказвае, што нам, нацыі і краіне, замінае ў разьвіцьці. Нельга жыць паводле чужых падручнікаў і ўяўленьняў, глядзець расейскую тэлевізію і чакаць аб’яднаньня з Расеяй гэтаксама, як продкі чакалі прыходу Чырвонае Арміі. Ні да чаго добрага гэта не прыводзіць. Нельга жыць, чакаючы.
Сяргей Паўлоўскі