Інтэграцыя выбухаў з прапажамі людзей

Марыянэтачны ўрад Лукашэнкі выкарыстоўвае тэракты ў Расеі для ўмацаваньня дыктатуры

 

У мінулы чацьвер позна ўвечары зьнік выканаўца абавязкаў старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі Віктар Ганчар. Незалежныя назіральнікі зьвязваюць гэтае здарэньне з падрывамі жылых дамоў у Расеі, у выніку якіх загінулі сотні людзей.

Там падрываюць дамы, тут прападаюць дзяржаўныя дзеячы. Спачатку Віньнікава, потым Захаранка, загадкавая сьмерць Карпенкі, потым Ганчар, далей — хто заўгодна. Так Беларусь адгукаецца на падзеі ў «саюзнай дзяржаве». Спачатку Буйнацк, два разы Масква, Валгадонск, далей — дзе заўгодна. Каму гэта выгадна? Кажуць, найперш Ельцыну і ягонаму атачэньню. У нас — чалавеку, які пяць гадоў спрабуе агучваць усё, што выгадна Ельцыну. На мінулым тыдні гэта прывяло да адкрытай падмены паняцьцяў.

Лукашэнка наўпрост рэтрансьляваў загады расейскага міністра ўнутраных справаў Рушайлы сілавікам — прачосваць падвалы, жылы фонд, каўказцаў. У дадатак — забараніць мітынгі і закрыць апазыцыйныя газэты. Словам, безь пяці хвілін надзвычайнае становішча. Калі такія меры нічым не апраўданыя, іх вынікам можа быць толькі ўсеагульны псыхоз і дэзарыентацыя насельніцтва. Гэта заўсёды на руку хапужнай або няздатнай, або нелегітымнай уладзе. А каб насельніцтва ня ўбачыла падмены паняцьцяў (у гэтым выпадку — падмены краінаў), на поўную катушку працуюць у Беларусі расейскія тэлеканалы, ствараючы ілюзію рэальнай пагрозы і для нашых дамоў. Адзінае інфармацыйнае поле і натужлівая прапаганда пра тое, што Беларусь без Расеі ня можа, мы асуджаныя жыць у адной дзяржаве — усё гэта дае свой плён. Людзі ў Менску ці Гомелі сапраўды пачынаюць баяцца начных выбухаў. А «меры» сілавікоў толькі нагнятаюць псыхоз. Так адцягваецца ўвага ад правалаў у эканоміцы, ад неўраджаю, ад мізэрнага заробку. Пад шумок прыбіраюцца палітычныя апанэнты. Расейскія тэрарысты служаць нагодай прыгадаць беларускую апазыцыю. Зараз дзе што адбудзецца, і Лукашэнка, не зьміргнуўшы вокам, назаве віноўнікам тэракту таго ж Ганчара.

Падмена паняцьцяў у шырокім сэнсе — гэта падмена беларускіх нацыянальных інтарэсаў расейскімі, якія адстойваюць у Беларусі Лукашэнка зь сябрамі, дэманструючы паводзіны клясычнага марыянэтачнага ўраду. Пры поўным правале інтэграцыі з Расеяй дэ-юрэ напралом вядзецца фактычная інтэграцыя ў Расею. Створана адзінае інфармацыйнае поле, у якім канал БТ — ня больш чым трэцяй рукі абласная тэлестудыя. Лукашэнкава газэта ўводзіць рубрыку «Они о нас», дзе пераказваюцца артыкулы заходніх газэт пра ўсялякіх Беразоўскіх з Гусінскімі (хто тут яны і хто мы?). Беларускае палітычнае поле ўжо сёньня гатовае ўключыцца ў фэдэральныя выбары. Тут вам і свае «яблыкі», і свае «ацечаствы», і камуністы, і жырыноўцы... Эканоміка таксама гатовая легчы пад расейскіх алігархаў, бо цалкам завязаная на суседняй краіне. Заканадаўства проста замяняецца на расейскае, бо менскія «палатнікі», мабыць, і самі ўжо зразумелі, якога навытваралі абсурду. Застаецца толькі падмахнуць паперку пра «ўзьяднаньне». Народ падтрымае.

Народ, безумоўна, падтрымае. Ён, небагаты і несвабодны, цяпер заварожваецца агульным страхам. Слова пра пагрозу тэрарызму ў Беларусі прамоўлена. Цяпер трэба толькі з большым імпэтам глядзець у тэлевізары маскоўскія выбухі і хутчэй аб’ядноўвацца ў адну дзяржаву, каб у чачэнскіх мсьціўцаў зьявіліся сапраўдныя падставы ўзарваць што-небудзь і ў нас.

Сяргей Паўлоўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0