дзёньнік маладога спэцыяліста

 

Сяргей БАЛАХОНАЎ

Белае Балота

 

Увосень для беларусаў ё два сама галоўныя заняткі — капаньне бульбы (сваёй ці чужой) ды зьбіраньне грыбоў. На ранішнім цягніку «Гомель — Калінкавічы» штодня едзе сьвет грыбнікоў. Калі ладнейшая іх частка вылазіць з вагонаў на ст.Шчэрбаўка, астатнія дачнікі ці работнікі жартуюць: «Столькі грыбоў не бывае». Але ж зьбіраюць. Нехта — для сябе. Нехта — на продаж, каб дастаць пару разьліковых білетаў на пляшку якіх-небудзь «чарнілаў». Нікога ўжо даўненна не клапоціць радыяцыя. Цікава, што за грыбамі езьдзяць ня толькі цягніком, але й «фольксвагенамі», «мэрсэдэсамі», «аўдзюхамі». Гэта сапраўды здумляе. Ня менш зьдзіўляе нестарое «вольва», на дахавым багажніку якога перавозяцца некалькі даўжэзных дрэвінаў. Адаптацыя самаходу да беларускіх варункаў?

Белабалоцкія вучні задзяўблі ўжо, сто разоў пытаючы, адкуль я прыехаў. Беларуская мова з маіх вуснаў выклікае пэўнае шызеньне (у беларускай школе!). Нехта пацікавіўся, ці ня ў Менску я нарадзіўся. Вось жа, і Белае Балота не абмінула аблуда, што сталіца Беларусі — праўдаістая цьвярдыня беларускасьці, дзе на белмове балакаюць усе ад мала да веля. Напруг спаклікалі просьбы перайсьці на расейскую. Не зважаючы на тое, што я дзяйсьцьвіцельна прылічна ўладзею рускім языком, дзеці зачулі маю суворую адмову.

Калі мяне накіроўвалі ў Б.Б., то нейкі дзядзька ў кабінэце загадчыцы рэчыцкага раённага аддзелу адукацыі сьпяваў дыфірамбы вучням усяго раёну: «Ой, ды ў нас жа такія добрыя дзеткі. Ня то што вашы гомельскія». Ну вядома, мяне няслаба аблябёдалі. Вучні белабалоцкае школы часткова ўдакон чаканутыя, часткова — крыху глузданутыя, а асталыя папросту ўдаюць не бяз радасьці зь сябе дэбілаў. Такі ў іх кодэкс паводзінаў, ці што. Быць разумным не ў пашане. Калі ты сядзіш і слухаеш уважліва настаўніка, цікавісься тэмай урока, то ты ў вачох кляснае зграі стаесься вылюдкам-маргіналам. Шануюцца прытыркі, якія могуць ладна аскіразацца з настаўнікам. У гэтым пляне трываць сябе ў рукох бывае цяжка, і я разрываюся расейскім матам альбо шуляю якога-небудзь даўбаёба праз галаву. Непэдагагічна? Спадарства, я не пэдагог, я — навуковец. Спадзяюся, прынамсі, на гэта.

Зь першых дзён майго загуменнага настаўнічаньня адчуваю да сваёй сьціпланоснай асобы непрамінальную ўвагу жаночага полу. Маю на ўвазе школьніц. Чарговая дурка, казаў бы, у Б.Б. няма сваіх мужычкоў. Увагу праяўляюць па-рознаму, але збольшага — спаквольнымі жарцікамі. Занадтай палкасьці, цьху-цьху, няма. А то ў лепшым разе загоняць пад вянец у тутэйшай цэркаўцы, а ў горшым — завінавацяць у якой-любя брыдоце. Людзі ўсякія бываюць. Вось ужо «школьнае радзіва» круціць-муціць пра маю любоў да васьміклясьніцы Іны Здрок. Выслоўе «Дзе раблю, там люблю» спраўдзіцца яўна ня ў белабалоцкай школе.

Адна мая знаёмая ўпотайкі ад бацькоў павянчалася з адным нашым калегам. Дзея была драмай, мэлядрамай, камэдыяй, каб у выніку стаць тэатрам абсурду. Здыманьне нумару ў гатэлі, гарнітур для жаніха з чужога пляча, праваслаўная царква ў Савецкім раёне Гомеля. Сяброўка мусіла прызнацца бацьком. З мужам (ці як яго зваць у гэтай аказіі?) яны жывуць паасобку. Абедзьве сям’і супраць гэтага шлюбу. Што там творыцца далей, уявіць мне цяжка. Маладая па жыцьці ня можа ўнікаць заблытаных, а нават экстрэмальных сытуацыяў. Дагэтуль зьдзіўляюся, што гэткія людзі ёсьцека насамрэч, а ня ў снах ці кіно.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0