Адам Глёбус

Суайчыньнікі-7

 

Крываблоцкі

Манумэнталіст Уладзімер Крываблоцкі ў часы вучобы ў тэатральна-мастацкім інстытуце тысячу разоў прысеў на адной назе. Прысядаў дзеля выйгрышу ў спрэчцы. Вось які я асілак! Магу тысячу разоў прысесьці! Прысеў, пяцьсот на правай і пяцьсот на левай, выйграў спрэчку й апынуўся ў бальніцы. Сэрца ня вытрымала амбітнасьці. Адзіны станоўчы вынік таго подзьвігу — Крываблоцкага не ўзялі ў савецкае войска.

 

 

Грыб

Фатограф Цімур Грыб у сямнаццаць гадоў сфатаграфаваў уласны чэлес і ўсім паказваў картку. Пэўна, з таго твору й пачаўся Цімураў шлях. Цяпер ён вядучы фатограф у расейскай вэрсіі «Плэйбою».

 

 

Багдановіч

Калі Харэўскі ці Бартосік, або яшчэ хто з постнашаніўцаў распавядаюць пра вандроўкі на чаўнах па беларускіх рэчках, мяне асабліва цешыць момант пра стому ад маханьня вяслом: «Так намахаесься вяслом, так намахаесься, ну ты разумееш, што сьпіш, як забіты!» Не разумею, бо на памяць вучыў у юнацтве верш Максіма Багдановіча: «Проці цячэньня вады зможа толькі жывое паплыць. Хвалі ракі заўсягды цягнуць тое, што скончыла жыць». А Бартосік з Харэўскім, вядома, плывуць па цячэньні, як забітыя.

 

 

Шараеў

Малявальшчык з Магілёва Рыгор Шараеў паспрачаўся на скрынку каньяку, што за дзьве гадзіны зьесьць пятнаццаць біфштэксаў зь яйкам і картапляным пюрэ. Шараеў спрэчку прайграў. Зьеў толькі дзевяць. Астатнія яйкі зь мясам даелі гледачы.

 

 

Крукаў

Афармляльнік зь мястэчка Рось Міколка Крукаў паспрачаўся на бутэльку гарэлкі й смажанага гусака, што вып’е з рыльца паўбутэлькі сланечнікавага алею. Выпіў. Званітаваў, але пачастунак паймеў.

 

 

Хацкевіч

Мастак зь Менску Генадзь Хацкевіч пайшоў у заклад, што выйдзе на праспэкт насупраць будынку КГБ, стане пасярод вуліцы на выспачцы бясьпекі, распранецца да пояса й станцуе ўпрысядкі. Пакуль гарэла чырвонае сьвятло, Гена танчыў. Міліцыянт зрабіў выгляд, што ня бачыць непарадку. Хацкевіч зарабіў дзесяць савецкіх рублёў, чвэрць стыпэндыі.

 

 

Стасевіч і Масьленікаў

Паспрачаліся менскія карціншчыкі Іван Стасевіч з Іванам Масьленікавым з-за калідорчыка перад майстэрнямі. Кожны панамалёўваў столькі карцін, што ў майстэрню не зьмяшчаліся. Вось і забіўся калідор палотнамі. Так забіўся, што не павярнуцца. Адзін Іван сказаў другому, каб той прыбраў сваю мазьню. Другі пакрыўдзіўся й папрабіваў дзіркі ў карцінах крыўдзіцеля. За што пабачыў дзіркі ў сваіх палотнах. Апагеем сваркі сталася абзываньне аднаго й другога Івана «жыдам». Былі суды, але ў судах праўды няма.

 

 

Барташэвіч

Рэклямны фатограф Аляксандар Барташэвіч не стамляецца паўтараць, што ніколі ня будзе размаўляць па-беларуску. Адвучыўшыся два гады ў тэатральна-мастацкім інстытуце ў Міхася Раманюка, зьнітоўвае прычыну сваёй нелюбові да мовы з постацьцю свайго вышэйзгаданага выкладчыка. У кожнага Аляксандра ёсьць свая прычына, ці сотні прычынаў, каб не любіць беларускае слова. Кожны зь іх вышуквае ўсё новыя й новыя акалічнасьці для нелюбові, замест таго, каб знайсьці адну прычыну, каб палюбіць сваю мову й самога сябе.

 

 

Уласаў

У ізастудыю я прынёс малюнак — сінія дрэвы й чырвонае сонца. «Ты нашто намаляваў памідор замест сонца?» — спытаў у мяне выкладчык Уладзімер Уласаў. І сапраўды, я ўбачыў на малюнку вялікі сакавіты памідор. Праз трыццаць гадоў, паміж Нэапалем і Рымам, у гарадку Гаета, я сядзеў у кавярні й глядзеў, як вялікі й сьпелы памідор коціцца за гару, а тысячы маленькіх сонцаў глядзелі на мяне з гародаў.

 

 

Савіцкі

У вайсковай вучэльні мастакі ладзілі выставу. Вайскоўцы прапанавалі ім пастраляць. Нехта з мастакоў жартам сказаў, што найвялікшы беларускі мастак — той, хто лепш за астатніх страляе. Мікола Селяшчук расказваў, што Міхаіл Савіцкі пацэліў дзесяць зь дзесяці, астатнія і блізка не наблізіліся.

 

 

Кашкурэвіч (старэйшы)

Кніжны графік Арлен Кашкурэвіч думаў, што Рэната Гутуза — мастак, варты перайманьня. Кашкурэвіч памыляўся, гэта выдатна відаць у Італіі. Але Кашкурэвіч у Італіі ня быў, і яму можна дараваць перайманьне з Гутуза.

 

 

Кашкурэвіч (сярэдні)

Мастак, ар’ергардыст авангарду Ігар Кашкурэвіч у юнацтве за бутэлькай партвэйну мог гадзінамі разважаць, які ён манагам у адносінах да любімай жанчыны — Алены Шыдлоўскай. Алена памерла. Ігар ажаніўся трэці раз, цяпер зь нейкай немкай, і зьехаў жыць у Бэрлін, дзе, пэўна ж, зноў за бляшанкаю піва распавядае пра сваю манагамію.

 

 

Шчамялёў

Заробак мастака ў савецкія часы залежаў ад уменьня маляваць Леніна, падобнага да Леніна. Канкурэнцыя ёсьць і пры камуністах. Мастакі толькі й займаліся, што казалі адзін пра аднаго: «У яго Ленін ну зусім не падобны да Леніна». Леанід Шчамялёў выйшаў з сытуацыі наступным чынам... Недзе дастаў пасьмяротную маску Леніна. Пусьціў пагалоску, што маска найсапраўднейшая, сорак першы адбітак. Цяпер ён малюе Леніна з гэтае маскі, таму правадыр сусьветнага пралетарыяту ня мае права быць непадобны. Між іншым, ні Леніны, ні Даватары, ні Савіцкія з Быкавымі на карцінах Шчамялёва не падобныя да арыгіналаў. Падобнай атрымлівалася толькі жонка Сьвятлана, але гэта пра іншае.

 

 

Лямачка

Багамаз Вячаслаў Лямачка аславіўся ў мастацкай вучэльні досыць незвычайным учынкам. Студэнтаў паслалі на бульбу. Слава зьбіраў бульбу, як і ўсе. А вось кожную раніцу ён хадзіў на паляну й рабіў па-вялікаму. Ён рабіў так тры тыдні. І нарэшце скончыў слаўны твор. Запрасіў усіх паглядзець. На паляне было выкладзена зь вітушак гною досыць вялікае слова «Слава». Лямачка даў... Так усе казалі. Калі Слава напісаў карціну «Трактарысты абедаюць», усе пыталіся: а калі ты намалюеш «Трактарысты серуць»? Лямачка не крыўдаваў. Ён чалавек з гумарам. Цяпер Вячаслаў малюе Хрыстоў у пустэльнях. Слававы Хрысты сядзяць на камянях і нібыта думаюць.

 

 

Шаблоўская

Літзнаўца Ірына Шаблоўская запэўнівае сябе й астатніх, што «існуе жаночая проза і паэзія, і драматургія». Безумоўна. Толькі зусім неабавязкова тую прозу, паэзію й драматургію пісалі асобы жаночага полу. Прыклад? Калі ласка. У галіне скульптуры. Хіба хто скажа, што «Работніка й сялянку» ў Маскве, каля ВДНХ, зрабіла жанчына? Яе прозьвішча Мухіна. Ну і што? Твор цалкам мужчынскі.

 

 

Адамчык

Пісьменьнік Вячаслаў Адамчык, мой бацька, дарэчы, паспрачаўся з капітанам падводнае лодкі. Хто далей кіне камень. І раз, і другі, і трэці падводнік кінуў далей. Тады бацька выцягнуў пас, склаў у прашчу й закінуў камень на выспу ў Камсамольскім возеры.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0