Сямён ШАРЭЦКІ

Правы чалавека і правы народу

 

Правы і свабоды чалавека — гэта, паводле трапнага выразу польскага правазнаўцы Марэка Навіцкага, шчыт, які прыкрывае чалавека ад замахаў з боку дзяржавы. Яны абараняюць людзей ад зьнявагі іх чалавечай годнасьці з боку дзяржаўнай улады, патэнцыйна найбольшага парушальніка правоў і свабодаў. Улады схільныя парушаць правы людзей, бо гэтак ім лягчэй кіраваць. Прыкладам у гэтым, на жаль, зьяўляецца Рэспубліка Беларусь, дзе груба парушаюцца амаль усе правы і свабоды чалавека: свабода слова і дэманстрацыяў, недатыкальнасьць асобы і яе маёмасьці, свабода атрымліваць адукацыю на роднай мове, свабода прадпрымальніцтва і г.д.

Больш за тое, у краінах з таталітарнымі рэжымамі ўлады амаль заўжды імкнуцца выхаваць усіх людзей згодна з раней прыдуманым эталёнам, ня лічачыся са здольнасьцямі і схільнасьцямі апошніх. Справа даходзіць да таго, што дыктатарскія рэжымы хочуць, каб усе нават апранутыя былі ў аднолькавую вопратку.

Але гаворачы пра значэньне правоў і свабод чалавека для абароны чалавечай годнасьці людзей, трэба падкрэсьліць, што гэта тычыцца ня толькі краінаў з таталітарнымі рэжымамі, але і так званых дэмакратычных, дзе большасьць насельніцтва можа выказаць сваю волю з дапамогаю свабодных і справядлівых выбараў. Гэткая неабходнасьць абумоўленая тут тым, што ўлада большасьці таксама можа быць неапраўдана жорсткай у адносінах да пэўных асобаў. Менавіта большасьць афінян вынесла сьмяротны прысуд Сакрату. Адурманеная савецкай прапагандай большасьць сяброў такой, на першы погляд, дэмакратычнай установы як АН СССР асуджала праваахоўную дзейнасьць Андрэя Сахарава і патрабавала пазбаўленьня яго Нобэлеўскай прэміі. Усё гэта гаворыць аб тым, што неабмежаваная ўлада, у тым ліку і большасьці, зьяўляецца пагрозай для асобных людзей. І таму сапраўдная дэмакратыя патрабуе менавіта абмежаваньня ўлады і большасьці, калі тычыцца справы чалавечай годнасьці.

Разглядаючы разьвіцьцё канцэпцыі свабоды чалавека ў Эўропе, трэба падкрэсьліць, што забесьпячэньне свабоды было зьвязанае галоўным чынам з надзеямі на дзяржаву, якая, маўляў, і павінна даць шчасьце кожнаму. Менавіта кіруючыся гэтым прынцыпам, высунуў свой лёзунг і Кастусь Каліноўскі: «Не народ для ўраду, а ўрад для народу». І самае дзіўнае тое, што ў Эўропе потым зьявіліся кіраўнікі дзяржаваў і нават урады, якія верылі, што яны сапраўды ведаюць, як ашчасьлівіць сваіх падапечных. Як правіла, гэткія ўладары раней ці пазьней станавіліся дыктатарамі. Прыкладам зноў-такі можа быць рэжым Лукашэнкі, які абяцаў у час выбарчай кампаніі ашчасьлівіць усіх, а пасьля таго, як быў абраны прэзыдэнтам, стаў дыктатарам.

І зусім па-іншаму глядзяць на свабоду ў ЗША. Тут заўжды лічылі, што роля дзяржавы заключаецца толькі ў абароне людзей і іх маёмасьці, а ў астатнім яна не павінна перашкаджаць кожнаму ствараць для сябе шчасьце. Гэткія розныя падыходы да ролі дзяржавы Марэк Навіцкі тлумачыць тым, што да пачатку стварэньня прававых сыстэм у Эўропе ўжо не было свабодных зямель і людзі працавалі галоўным чынам на чужых землях, а таму й шукалі ў дзяржаве абарону ад уціску. У ЗША, наадварот, дзяржава не павінна была перашкаджаць асвойваць новыя землі, а значыць і ствараць людзям самім для сябе шчасьце.

Хаця аб правах чалавека і трэба гаварыць у рэчышчы правоў саміх асоб, але паколькі апошнія абавязкова належаць да нейкіх грамадзкіх групаў, дык без наданьня правоў і свабод гэтым групам нельга выканаць патрабаваньні названых вышэй дакумэнтаў і ў адносінах правоў і свабод самога чалавека. І гэта перш за ўсё тычыцца нацыяў, бо безнацыянальных людзей не бывае. Кожны чалавек лічыць сябе прыналежным да якойсьці нацыі, і калі ён сумленны, дык і ганарыцца тым. Менавіта на гэтай падставе вядомы нямецкі філёзаф Артур Шапэнгаўэр лічыў, што самы распаўсюджаны від гонару — нацыянальны гонар.

Без нацыянальнага гонару народ ператвараецца ў натоўп людзей з рабскай псыхалёгіяй, які заўжды будуць імкнуцца падпарадкаваць сабе суседнія дзяржавы. І калі гэта здарыцца, дык аб правах і свабодах прадстаўнікоў залежнай нацыі можна гаварыць толькі ў тэарэтычным пляне. На практыцы ж, каб трымаць у залежнасьці іншыя нацыі, паноўная нацыя ў дзяржаве ніколі не дазволіць прадстаўнікам першых залежных нацыяў мець роўныя правы з правамі сваіх прадстаўнікоў. Больш за тое, тытульныя нацыі амаль заўжды імкнуцца асыміляваць залежныя ад іх народы. І гэта вельмі бачна было на адносінах панскай расейскай вярхушкі да беларусаў пасьля ўваходжаньня тэрыторыі апошніх у склад Расейскай імпэрыі. Ужо ў 1764 годзе ў наказе князю Вяземскаму Кацярына ІІ давала загад, у якім гаварылася пра тое, што «трэба лягчэйшым спосабам прывесьці да таго, каб яны абруселі і перасталі глядзець як ваўкі ў лесе». Працягваючы палітыку сваёй бабкі, скіраваную на абрусеньне беларусаў, Мікалай І закрыў Віленскі ўнівэрсытэт, які быў адной з найвялікшых крыніц беларускай культуры, ліквідаваў унію і перадаў уніяцкія храмы праваслаўнай царкве, спыніў дзейнасьць Статуту Вялікага Княства Літоўскага і нават забараніў ужываньне слова «Беларусь». Палітыка па абрусеньні беларусаў была прадоўжаная наступнымі царамі, а таксама, пачынаючы з канца 20-х гадоў нашага стагодзьдзя, і савецкімі ўладамі, хаця апошнія і абвяшчалі роўныя правы для прадстаўнікоў усіх нацыяў.

Для таго, каб правы прадстаўнікоў залежных нацыяў сталі аднолькавымі з правамі прадстаўнікоў паноўнай нацыі, неабходна спачатку выраўняць іх права кожнай мець сваю незалежную дзяржаву, як гэта, скажам, было зроблена ў Чэхаславаччыне, якая цывілізаваным шляхам падзялілася на Чэхію і Славаччыну. Бо толькі пры наяўнасьці сваёй нацыянальнай дзяржавы можна забясьпечыць рацыянальныя адносіны паміж уладамі і людзьмі, толькі нацыянальная дзяржава зьяўляецца роднай маці, а ня мачыхай свайму народу, а таму аб’ектыўна зацікаўленая ва ўстанаўленьні шчыта (захаваньні правоў і свабод чалавека), які б прыкрываў кожнага яе грамадзяніна ад замаху чыноўнікаў на яго годнасьць. Прычым нацыянальныя дзяржавы аб’ектыўна зацікаўленыя ў захаваньні правоў і свабод ня толькі тых прадстаўнікоў сваёй нацыі, якія жывуць на іх тэрыторыі і зьяўляюцца іх грамадзянамі, але й тых, якія пражываюць на тэрыторыі іншых дзяржаваў. Менавіта таму з адраджэньнем сваёй нацыянальнай дзяржавы Ізраіля становішча габрэяў значна палепшылася і ў іншых краінах. У іх зьявілася маці-абаронца. Менавіта таму тыя народы, якія яшчэ ня маюць сваёй нацыянальнай дзяржавы, імкнуцца яе мець. І зусім ненармальным трэба лічыць становішча, у якое сёньня ставіць беларускі народ былы яго прэзыдэнт А.Лукашэнка, імкнучыся аб’яднаць Рэспубліку Беларусь з Расейскай Фэдэрацыяй у адну дзяржаву. Многія з расейскіх палітыкаў у адносінах правоў беларусаў засталіся на ўзроўні кацярынінскіх і мікалаеўскіх часоў. Беларусаў яны нават ня лічаць за нацыю. У некаторых зь іх нават стала звычайным гаварыць: «Усе мы рускія». Ім і ў галаву не прыходзіць, што гэтым яны зьневажаюць дзесяцімільённы народ, які, паводле ўсіх міжнародных пагадненьняў, мае права мець і мае сваю дзяржаву. І калі сёньня паўстала пагроза перад беларускім народам страціць гэтае права, на абарону яго павінны падняцца беларусы ўсяго сьвету.

На жаль, пытаньні ўзаемазалежнасьці правоў і свабод чалавека і правоў народу (нацыі) распрацаваныя навукай пакуль што недастаткова. Правы і свабоды чалавека разглядаюцца, часьцей за ўсё, у адрыве ад правоў нацыяў на самавызначэньне. Пацьверджаньнем таму зьяўляецца выказваньне таго ж М.Навіцкага, які падкрэсьлівае, што «ў межах правоў чалавека нельга гаварыць аб правах меншасьцяў». Апошняе — гэта, маўляў, ужо «мова і прадмет палітыкі», а «ў рэчышчы правоў чалавека нельга гаварыць аб правах асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў». Больш таго, спадар Навіцкі лічыць нават адступленьнем ад гэтага правіла тое, што ў шасьцідзясятых гадах у абодвух ААНаўскіх Міжнародных пактах аб правах чалавека зроблены запіс у іх першых артыкулах аб правах нацыяў (народаў) на самавызначэньне.

І сёньня мы бачым, як многія народы дамагаюцца і нават вядуць барацьбу за ажыцьцяўленьне гэтага права аж да права стварэньня сваёй дзяржавы, без чаго, як ужо было сказана, не працуюць або працуюць ва ўрэзаным выглядзе правы чавлаека. Прычым апошняе тычыцца ня толькі прыгнечаных нацыяў, але і тых, якія спрабуюць насільнымі мэтадамі трымаць у падпарадкаваньні іншыя народы. І тут К.Маркс і Ф.Энгельс мелі рацыю, калі падкрэсьлілі, што «ня можа быць свабодным народ, які прыгнечвае іншыя народы. Сіла, патрэбная яму для падаўленьня другога народу, урэшце заўжды абарочваецца супраць яго самога».

 

Вільня, 24 верасьня 1999 году


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0