Весткі зь Літвы

 

Нашых не запрашалі

У мінулы чацьвер у Віленскім унівэрсытэце была падпісаная дэклярацыя пра ўтварэньне Калегіюму Сьцяпана Батуры. Гэты Калегіюм стане супольнай сеткаю ўнівэрсытэтаў Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы. На ўрачыстае падпісаньне акту прыехалі рэктары з 9 унівэрсытэтаў зь Літвы, Польшчы, Чэхіі, Славаччыны, Вугоршчыны, Расеі. Ля вытокаў гэтага праекту стаяў Ежы Гедройц, які бачыў ва ўтварэньні адзінай адукацыйнай прасторы ня толькі акадэмічную карысьць. Ён шматкроць казаў, што марыць пра супольную будучыню народаў гэтае часткі Эўропы, як супольнаю была іх мінуўшчына. Невыпадкова для падпісаньня гэтага дакумэнту быў абраны Віленскі ўнівэрсытэт, закладзены 420 гадоў таму самім Сьцяпанам Батурам, вугорскім князем, які быў абраны валадаром нашай старажытнай дзяржавы. Беларускія ўнівэрсытэты да ўдзелу не запрашаліся.

 

Вясковы турызм на Віленшчыне

Днямі ўбачыла сьвет новая кніга, прысьвечаная цікавосткам Віленшчыны — «Atrakcje architektoniczne na turystycznych szlakach Wilenszczyzny», якая была падрыхтаваная студэнтамі Вышэйшай Сельскагаспадарчай Школы ў Белай Вацы, што пад Вільняю, пад кіраўніцтвам выкладчыкаў сп. Пшыходня й Бесальскага. Яе прызначэньне — быць турыстычным даведнікам для тых, каго цікавіць вясковы турызм, шляхі якога зьбягаюць ад тлумных гарадоў ды шумных дарог. У кнізе пішацца пра краявіды, прыродныя, археалягічныя ды архітэктурныя помнікі, да гэтае пары малавядомыя шырэйшаму колу людзей. У прадмове ўкладальнікі напісалі: «Віленшчына — гэта краіна мараў для турыста. У любую пару году тут дастаткова не спатыканых раней уражаньняў і эстэтычных перажываньняў. Тым, хто падарожнічае, здаецца ўвесь час, што яны маюць дачыненьне са сьветам, узятым проста з эпічных краявідаў Фэрдынанда Рушчыца». Што праўда, Рушчыц, багата маляваў на Віленшчыне, толькі далей на поўдзень: на Смаргоншчыне, Ашмяншчыне ды Валожыншчыне.

 

Гарэлку вязуць каністрамі

Найбольшай папулярнасьцю ў Вільні ды ваколіцах карыстаецца беларуская гарэлка «Панскі дом». Яе вырабляюць на Шчучыншчыне, у калгасе «Мажэйкава». Сёлета гэты напой атрымаў на міжнароднай выставе ў Сочы залаты мэдаль. Апроч таго, «Мажэйкава» тамака ж атрымала мэдалі за яшчэ два моцныя напоі. Гэткім чынам калгас абышоў нават папулярную марку менскага «Крышталю», пра што напісалі і ў літоўскай прэсе, са зьдзіўленьнем адзначаючы, што літоўскія прадпрыемствы выглядаюць нашмат сьціплей.

Ня дзіва, што абсалютная большасьць кантрабанднай гарэлкі ў Літве — гэты самы «Панскі дом». Камэндант паліцыі падвіленскіх Салечнікаў Ян Мацкевіч прывёў зьвесткі, што толькі за верасень было канфіскавана 1272 бутэлькі беларускай гарэлкі. Але гэта мізэр ад таго, што ўсё ж трапляе ў Літву. Рэкорд на мінулым тыдні, напрыклад, паставіў жыхар Эйшышак, які даўмеўся перавезьці церазь мяжу фурманку, наладаваную 1047 пляшкамі. А ў мінулы аўторак ужо жыхар Берасьця здолеў перавезьці ў прычэпе МАЗу тры тоны гарэлкі, пералітай у адмысловыя каністры!

Ліцьвін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0