Зьміцер Бартосік

Карпілаўка

Падарожжа на сялібу Антона Лявіцкага

 

Празь невялiчкую, у дзесяць двароў, вёску пралёг белы шлях, ахайна выкладзены бэтоннымi плiтамi. Старыя жылыя хаты абапал гэтай узьлётнай паласы глядзелiся амаль недарэчна. Узьнiкалi асацыяцыi з Хатыньню. Маленькая згорбленая бабулька, некага нягучна праклiнаючы, палола гарод. Да яе я й зьвярнуўся са сваiм галоўным пытаньнем: «Чым славутая вашая вёска?» На што старая адразу ж выдала вычарпальны адказ: «Дык вунь, лiпы бачыш? Там Лявiцкiя жылi».

Творы Ядвiгiна Ш., Антона Лявiцкага, я чытаў. Невялiчкiя вясёлыя байкi, у якiх няхiтрыя беларускiя дзядзькi становяцца ахвярамi анэкдатычных махлярстваў. Асаблiва запомнiлася мова гэтых анэкдотаў, яшчэ не ўнармаваная правiламi, жывая.

Старая Надзея Левандоўская паскардзiлася мне на нейкую менскую прайдзiсьветку, што за вялiкiя грошы прадала ёй амэрыканскае насеньне, якое прарасло нянаскай прыгажосьцi жоўтымi кветкамi заморскага сарняка, i над якiм бабка ўжо трэцiя суткi гнула сьпiну, праклiнаючы тую Амэрыку, што спачатку адаравала нас каларадзкiмi жукамi, а цяпер «гэтай жоўтай трасцай». Я ж, выдаючы спачуваньне, з насалодаю слухаў яе мову, дзiвячыся, што першая пачутая мной карпiлаўская гiсторыя была нiбы зь Ядвiгiнскага рэпэртуару.

«А дому даўно няма. Як удаву ягоную з сынамi НКВД забрала, так i стаяў. Пакуль калхоз некуды яго не прадаў. А дом прыгожы быў, з балконам i рознакаляровымi вакенцамi. А пасьля яшчэ доўга нашы мужыкi падмуркi рылi. Усё нейкае золата шукалi», — распавядала бабулька. А я чарговы раз схамянуўся ад супадзеньня. «Золата». Менавiта так называўся першы беларускi раман, напiсаны гаспадаром зруйнаванай сядзiбы. «I што, няўжо знайшлi?» — пацiкавiўся я. — «А, — махнула старая рукой, — ня там, вiдаць, шукалi».

«Нiчога не мяняецца на гэтай зямлi», — думаў я, вырульваючы ў стары парк былой сядзiбы Лявiцкiх. Але карцiна, убачаная там, уразiла й пераканала ў адваротным. Сярод зьдзiчэлых яблыняў i ружовага кустоўя закiнутага саду зеўрала залiтая застаялаю зялёнаю вадою яма, абкладзеная вялiкiмi шэрымi валунамi.

Непадалёк мiрна застыў бэтонны дот першай абарончай лiнii савецкай мяжы 39-га году. Самае месца задумацца пра марнасьць чалавечага лёсу ў гэтай краiне.

Нарадзiцца празь пяць гадоў пасьля вялiкага паўстаньня, вучыцца ў нелегальнай люцынскай школцы ў адной з дачок Дунiна-Марцiнкевiча, доўгiмi завейнымi вечарамi слухаць дзiўныя гiсторыi з вуснаў легендарнага гаспадара, паступiць у Маскоўскi ўнiвэрсытэт i быць адлiчаным за палiтыку, пачаць пiсаць па-беларуску ў бутырскай турме, вярнуцца дахаты на папялiшча згарэлага дому да аўдавелай мацi. Ажанiцца, пабудаваць па ўласным праекце новы дом з мансардаю i камiнам, абсадзiць яго ружамi i садам, прайсьцi пешшу ад Вiльнi да Карпiлаўкi, зьбiраючы й друкуючы ў «Нашай Нiве» непрыдуманыя байкi яшчэ вясёлага люду, пачаць пiсаць першы нацыянальны раман, увайсьцi ў Раду БНР, паўдзельнiчаць у паўднёвым паходзе генэрала Булак-Балаховiча, адпачыць пасьля баёў у Варшаве, выдаць кнiжку ўспамiнаў i легчы на вечны спачын на вiленскiх могiлках Роса.

Як не вязаліся з такiм прыгожым шляхам прыгожага чалавека нi гэтая брыдкая зялёная яма, нi гэты дот, якi так нiкому нiколi й не спатрэбiўся. Але пачуцьцё вяртаньня дадому, выказанае iм у нашанiўскiх «Лiстах з дарогi», ажыўляла пакiнутую сядзiбу.

 

«Ну, але годзе ўжо гэтай гутаркi: годзе гутаркi на сягоньня а цяганiны на сёлета. Вось бо ўзгорак, а там — у доле векавыя дубы, лiпы стаяць — мае дубы, мае лiпы! Сад вiдаць — мой сад! А ўжо пры самым лесе памiж розных дрэваў выглядае дамок — мой дамок! Мой! Апiсаць вам яго! Як жа я апiшу, калi ён мой?!

Бягу, ляту да яго!.. Бывайце здаровы!!»

 

Я нарваў яблык з дрэваў, пасаджаных Лявiцкiм, ды паехаў па сваiх справах. А сакрэт бэтонкi аказаўся вельмi просты. Дарога вяла на купалаўскiя Акопы.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0